Кацярына Мікалаеўна агучыла планы на будучы тэатральны год. Опера П. І. Чайкоўскага «Арлеанская дзева» адкрыла 93-ы тэатральны сезон у Вялікім 4 верасня. Менавіта гэты спектакль у кастрычніку адправіцца на фестываль «Бачыць музыку», які пройдзе на маскоўскіх тэатральных пляцоўках з 6 верасня па 2 снежня. Паказ беларускага спектакля адбудзецца на новай сцэне Вялікага тэатра Расіі.
28 лістапада ў Вялікім тэатры Беларусі – прэм'ера балета П. І. Чайкоўскага «Шчаўкунок» у харэаграфіі Ігара Колба. (Гэта першая прэм'ера новага тэатральнага года.)
У рамках Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму-2025 будзе паказана опера П. І. Чайкоўскага «Арлеанская дзева» (музычны кіраўнік Арцём Макараў, рэжысёр Георгій Ісаакян). Таксама госцем свята ў снежні стане Самарскі акадэмічны тэатр оперы і балета імя Дз. Дз. Шастаковіча − гледачам будзе прадстаўлена опера С. Сланімскага «Майстар і Маргарыта» (музычны кіраўнік Яўген Хахлоў, рэжысёр Юрый Аляксандраў). Фінальным акордам стане гала-канцэрт лаўрэатаў Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя М. І. Глінкі 2024 года.
Таксама ў снежні 2025 года на Камернай сцэне тэатра з'явіцца опера Г. Ф. Гендэля «Ацыс і Галатэя» (дырыжор-пастаноўшчык Віталь Грышчанка, рэжысёр-пастаноўшчык Наталля Бараноўская).
У сакавіку 2026 г. плануецца новая пастаноўка грандыёзнага палатна – оперы Джузэпэ Вердзі «Набука». Сваю рэжысёрскую версію прапануе вядомы італьянскі майстар Джанкарла дэль Монака.
Кацярына Дулава адзначыла, што да фестывалю «Балетнае лета» зайграе новымі фарбамі на беларускай сцэне знакаміты балет Л. Мінкуса «Баядэрка».
У новым сезоне будуць працягвацца паказы оперных і балетных спектакляў у гонар знакамітых артыстаў, якія зрабілі славу беларускай сцэне, а таксама працягнецца сустрэча гледачоў з любімымі артыстамі ў рамках праекта «Жыццё ў прафесіі» (праект ініцыяваў галоўны балетмайстар тэатра Ігар Колб), які прысвечаны юбілеям народных артыстаў Беларусі.
Кацярына Мікалаеўна адзначыла, што і ў новым сезоне гледачы стануць удзельнікамі традыцыйных тэатральных фестываляў, праектаў, акцый. Так, у навагоднія святы абавязкова адбудзецца баль: «Але мы паступова ідзем да таго, што яго фармат усё ж такі будзем мяняць. Баль не проста забава, гэта − свята танца, − адзначыла Кацярына Мікалаеўна – таму сачыце за навінамі: хутка пачнуцца ўрокі танцаў − прыходзьце, займайцеся, каб стаць часткай гэтага свята…»
«Мы працягваем працаваць з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Так, урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню настаўніка, пройдзе ў тэатры, − адзначыла падчас прэс-сустрэчы Кацярына Дулава. − Вырашылі, што прадставім педагогам творчы праект «Патэтычны дзённік памяці» – знакавы для нас твор... А ўжо ў пераднавагоднія святочныя дні зноў лепшых студэнтаў ВНУ запросім у Вялікі тэатр – на балет «Шчаўкунок». Рабятам будзе прадастаўлена ўся цэнтральная ложа тэатра». Дададзім, гэтая акцыя «Вялікі тэатр – моладзі Беларусі» стартавала летась.
Сёлета сямейны конкурс «Навагодняя тэатральная цацка» пройдзе ў 12-ы раз у рамках акцыі «Вялікі тэатр – дзецям». Кацярына Дулава сказала: «Я са шчырай цікавасцю назіраю за тым, якія работы дасылаюць у тэатр. Але заўважаю адну важную дэталь: дарослыя часам занадта актыўна ўключаюцца ў працэс. І гэта адчуваецца імгненна. Ідэя конкурсу ў тым, каб паказаць дзіцячыя здольнасці, дзіцячае бачанне свету, дзіцячую фантазію. Таму мы зноў заклікаем бацькоў: дайце магчымасць дзіцяці праявіць сябе самому. Нават самыя сціплыя работы, зробленыя дзіцячымі рукамі, атрымліваюцца неверагодна кранальнымі... Асабліва мы радуемся, калі цацкі звязаны з нашым тэатрам – яго спектаклямі, героямі, вобразамі. Няхай елачная цацка стане напамінам пра чароўны спектакль, пра сустрэчу з любімым героем...»
Музычным падарункам для нашых калег, прадстаўнікоў СМІ, падчас прэс-сустрэчы з генеральным дырэктарам Вялікага тэатра Кацярынай Дулавай стала выступленне салістаў оперы, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Анастасіі Храпіцкай і Аляксандра Міхнюка. За раялем – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Юлія Шчарбакова. Прагучала Арыя Лаўрэты з оперы Дж. Пучыні «Джані Скікі» і ... знакамітая Застольная з оперы Дж. Вердзі «Травіята». Дзякуем салістам за імгненні прыгажосці і натхнення, якія яны падарылі нам у гэты вечар.