“Грандыёзны спектакль вялізнага нацыянальнага значэння”, “твор, напісаны ў лепшых традыцыях опернага жанру”,– так кажуць і крытыкі, і публіка пра оперу “Сівая легенда”. Гэты спектакль называюць операй пра любоў да беларускай зямлі і яе народа,гавораць пра арыгінальнасць кампазіцыі, паэтычнасці мовы і эмацыйнасці гучання. Час паказаў, што “Сівая легенда” стала шэдэўрам нацыянальнай музыкі. Сваю працу і талент у стварэнне оперы ўклалі класікі беларускага мастацтва – кампазітар Дзмітрый Смольскі і аўтар лібрэта Уладзімір Караткевіч.У гэтым спектаклі злучыліся веліч задумы і маштабнасць яе ўвасаблення.
Патрыятычнае гучанне літаратурнай першакрыніцы, глыбіня і актуальнасць думак і ідэй, закладзеных у тэксце, знайшлі сваё выражэнне ў музыцы оперы. Аграненая глыбокім і тонкім рэжысёрскім бачаннем, прыгажосцю і дакладнасцю сцэнаграфічнага рашэння, “Сівая легенда” аб вялікай ўсепераможнай сіле кахання, здольнай пераадолець раскол, варожасць і самыя страшныя войны, стала цудоўным упрыгожваннем нацыянальнага рэпертуару тэатра.
4 кастрычніка галоўныя партыі ў нацыянальнай оперы “Сівая легенда” выканаюць зоркі Вялікага тэатра Беларусі. У партыі Ірыны − народная артыстка Беларусі Настасся Масквіна. У ролі Любкі − заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава. У галоўных мужчынскіх партыях выступяць народны артыст краіны Станіслаў Трыфанаў (Кізгайла) і ўладальнік медаля Францыска Скарыны Дзмітрый Шабеця (Раман). У ролі Найміта выйдзе лаўрэат міжнародных конкурсаў Андрэй Сялюцін. За дырыжорскім пультам − дыпламант міжнароднага конкурсу Юрый Караваеў.