Для дзяцей і пра дзяцей

 

Напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей, 31 мая, з 12:00 да 15:00, Вялікі тэатр Беларусі ператворыцца ў сапраўдную казку. Унікальны праект «Чароўны свет тэатра для дзяцей і пра дзяцей» запрашае вялікіх, маленькіх і самых маленькіх гледачоў стаць часткай такога прывабнага свету тэатра. У гэты дзень кожны зможа знайсці занятак па душы. Праграма абяцае быць насычанай і разнастайнай.

 


Гледачы змогуць паспрабаваць сябе ў ролі дырыжора, задаць каверзныя пытанні асабіста маэстра, а таксама разабрацца ў «характарах» самых розных інструментаў. У «мастацкай майстэрні» госці ўбачаць макеты спектакляў, паназіраюць, як тэатральны мастак стварае карціну, і пачуюць «Карцінкі з выстаўкі» М. Мусаргскага. Кожны зможа ўзяць у рукі аловак, фламастар, паперу – і адчуць сябе сапраўдным мастаком. Упэўненыя, што каля «жывой афішы», дзе можна будзе зрабіць памятнае фота, выкарыстоўваючы рэквізіт з любімых спектакляў, будзе не праціснуцца.

 


У гэты дзень нас чакаюць тэатралізаваныя і канцэртныя праграмы, урокі тэатральнага этыкету і акцёрскага майстэрства, інтэрактыўнае падарожжа ў свет танца, займальныя квэсты, сустрэчы з любімымі героямі, майстар-клас па гульні на ўдарных інструментах, цікавыя фотазоны і шмат магчымасцяў – адчуць сябе спеваком, музыкантам, танцором, мастаком, грымёрам…

 


Камерная зала падрыхтавала асобную афішу: тут адбудуцца паказы оперы «Каралеўскі бутэрброд», музычнай казкі «Гісторыя Бабара, маленькага сланяняці», спектакля «Капрызная прынцэса», а таксама віктарына «Адгадай мелодыю!».
Прыходзьце 31 мая ў Вялікі тэатр Беларусі – падарыце сабе і любімай сям'і свята, якое запомніцца надоўга. Чакаем вас у нядзелю, 31 мая, з 12:00 да 15:00 у Вялікім тэатры Беларусі. Цэнтральныя дзверы будуць адкрыты з 11 гадзін раніцы. Кошт білета: 15 і 25 рублёў.

 


Пастановачную групу тэатральнага праекта ўзначальвае галоўны рэжысёр Ганна Маторная, якая абавязкова прадставіць сваю канцэртную праграму «Опера – гэта модна, опера – гэта моцна!». Над цікавай і разнастайнай праграмай гэтага дня працуюць: галоўны мастак Любоў Сідзельнікава, галоўны хормайстар Ніна Ламановіч, рэжысёр-пастаноўшчык Галіна Галкоўская, мастак-пастаноўшчык Кацярына Булгакава, рэжысёры Наталля Бараноўская, Марыя Ісаева, Наталля Кузьмянкова і многія іншыя таленавітыя спецыялісты. Практычна ўсе калектывы і службы тэатра задзейнічаны ў гэтым мерапрыемстве.

 

 

У прадстаўленнях занятыя вядучыя салісты оперы і балета, артысты хору, аркестра, міманса тэатра. Складана ўявіць гэты дзень без калектыву Дзіцячай студыі (кіраўнік Алена Неронская) і без ансамбля «A.M.A.D.I.S. Brass» (музычны кіраўнік Дзмітрый Гарбачук).