ГЕНЕРАЛЬНЫ ПАРТНЁР ПРАЕКТА
ПАРТНЁР ПРАЕКТА
6 і 7 чэрвеня гледачоў Вялікага тэатра Беларусі чакае прэм'ера балета Л.Мінкуса «Баядэрка» у рэдакцыі галоўнага балетмайстра тэатра, заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Ігара Колба. Пастаноўка абяцае стаць падзеяй сезону. Спектакль адкрые творчы праект тэатра «Балетнае лета ў Вялікім».
Падрабязная інфармацыя – тут.

10 чэрвеня бенефісным для заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Юрыя Кавалёва (у гонар 20-годдзя творчай дзейнасці ў Вялікім тэатры Беларусі) стане спектакль «Карсар». Юрый выйдзе ў галоўнай партыі – Конрада.
За дваццаць гадоў на сцэне артыст выканаў больш за трыццаць вядучых партый у класічных харэаграфічных палотнах і сучасных пастаноўках. Аднак калегі і крытыкі цэняць яго, у тым ліку, – за глыбіню драматычнага пераўвасаблення: у кожным жэсце, у кожным руху яго героя чытаецца жыццё, прадуманае да самых дробязяў. Сам Ю. Кавалёў перакананы, што талант – не таямнічы дар звыш, а сплаў выхавання, ведаў, вопыту і – штодзённай працы, без якой прыродныя дадзеныя застаюцца нераскрытымі. Ці існуе для Юрыя Кавалёва роля мары? «Здаецца, станцаваў усё, што толькі можна, – усміхаецца артыст. – Мабыць, новая мара з'яўляецца з кожнай новай пастаноўкай...»
10 чэрвеня вядучы саліст Беларускага балета выйдзе ў партыі Конрада – і глядач ізноў убачыць майстра, які не проста танцуе, а – жыве на сцэне.

Госцяй фестывалю «Балетнае лета» у Вялікім стане прыма-балерына Марыінскага тэатра (Санкт-Пецярбург) Аксана Скорык.
«Актрыса зачароўвае дакладнасцю пазіровак, мяккасцю і нейкай асаблівай кантыленай у лініях шыі, плячэй, рук...» – пішуць пра Скорык крытыкі. У яе рэпертуары – галоўныя партыі ў класічных балетах: Жызэль, Медора, Раймонда, Адэта-Адылія, Кітры і многія іншыя. Ёй падуладныя ролі ракавых спакушальніц, як Кармэн або Мехменэ Бану, так і лірычныя партыі Джульеты або Машы, вобразы мяцежных жанчын, як Ганна Карэніна. Яна – лаўрэат прэміі «Душа танца» ў намінацыі «Узыходзячая зорка» (2012), XII Міжнароднага конкурсу артыстаў балета і харэографаў у Маскве (II прэмія, 2013) і прэміі імя Леаніда Мясіна ў намінацыі «Новы талент на міжнароднай сцэне» (2014).
За дырыжорскім пультам – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка.
11 чэрвеня заслона паднімаецца для аднаго з самых загадкавых балетаў вялікага кампазітара. Чаму папулярнасць «Лебядзінага возера» не ўціхае на працягу 150 гадоў?.. Магчыма, адказ хаваецца ў тых эмоцыях, якія ён даруе кожнаму гледачу... На сцэне – гісторыя, дзе крохкасць становіцца сілай, а перад святлом сапраўднай любові бессільная цемра...
У галоўных партыях у балеце П. Чайкоўскага ў гэты вечар – вядучыя майстры сцэны Стамбульскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета (Турцыя) Берфу Эльмас і Батур Бюклю.

Выпускніца аддзялення балета Універсітэта прыгожых мастацтваў імя Мімара Сінана (Турцыя, Стамбул) Берфу Эльмас у 2013 годзе ўвайшла ў склад трупы Стамбульскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, удасканальвала сваё майстэрства пад кіраўніцтвам вядомых артыстаў і педагогаў сусветнага ўзроўню, прымала ўдзел у прэстыжных міжнародных праграмах. Рэпертуар Берфу Эльмас уключае вядучыя партыі як у класічных, так і ў сучасных балетах: «Рамэа і Джульета» С. Пракоф'ева, «Эсмеральда» Ц. Пуні, «Лебядзінае возера» П. Чайкоўскага, «Баядэрка» Л. Мінкуса, «Жызель» А. Адана, «Дон Кіхот» Л. Мінкуса, «Карміна Бурана» К. Орфа, «Спячая прыгажуня» П. Чайкоўскага і інш.
Батур Бюклю пачаў займацца ў Дзяржаўнай кансерваторыі Стамбульскага ўніверсітэта, пасля чаго працягнуў навучанне ў адной з прэстыжных еўрапейскіх балетных акадэмій – школе Джона Кранка ў Штутгарце (Германія), затым служыў у Тэатры Хофа (Германія), а з 2014 года – у Стамбульскім дзяржаўным тэатры оперы і балета. У яго рэпертуары – галоўныя партыі ў балетах «Дон Кіхот» Л. Мінкуса, «Жызэль» А. Адана, «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П. Чайкоўскага, «Рамэа і Джульета» С. Пракоф'ева, «Баядэрка» Л. Мінкуса і інш. Батур Бюклю – уладальнік залатога медаля Міжнароднага балетнага конкурсу ў Стамбуле (2016).
За дырыжорскім пультам – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка.
12 чэрвеня Вялікі тэатр Беларусі ператворыцца ў прастору ўнікальнага культурнага дыялогу – у рамках фестывалю «Балетнае лета» адбудзецца гала-канцэрт «Шаўковая нітка», сумесны праект з В'етнамскім аркестрам традыцыйных інструментаў опернага тэатра «Хо Гыом». Лютня і цытра, бамбукавы ксілафон і хмонгская флейта – некаторыя музычныя інструменты, якія беларускі глядач пачуе ўпершыню.
Падрабязная інфармацыя – тут.


13 чэрвеня апладысменты будуць гучаць для балерыны, уладальніцы медаля Францыска Скарыны Аляксандры Чыжык: ужо 15 гадоў яна ззяе на сцэне Вялікага тэатра. Гэтым вечарам яе бенефісным спектаклем стане «Жызэль» А. Адана ў пастаноўцы І. Колба.
«Для кагосьці з маіх калег найпрыемнейшае ў нашай прафесіі – паклоны, кветкі, апладысменты. Для мяне ж галоўнае – рух, злавіць падчас спектакля адчуванне палёту, менавіта ад гэтага я атрымліваю каласальнае задавальненне, гэтым я натхняюся. Хоць у кожнага медаля два бакі. Не хочацца і не буду гаварыць пра траўмы. Але балет – гэта боль, бясконцая праца і пякельная работа, асабліва – над сабой. Здараецца, што не хочацца ісці ў клас займацца ці рэпеціраваць, але ты робіш над сабой намаганне і прымушаеш сябе. Бо без гэтага нічога не атрымаецца. Так, у кожнага чалавека настае пэўная мяжа, калі здаецца, што адначасова на цябе зваліліся ўсе непрыемнасці, беды і цяжкасці. Вось тады і ўзнікае ў галаве гэта здрадніцкае пытанне: навошта? Напрыклад, навошта я выбрала гэтую прафесію?.. Але потым ясна разумееш: без балета ты не можаш існаваць, бо танец – гэта тваё жыццё...», – прызнаецца балерына.
Аляксандра Чыжык гэтым вечарам упершыню выканае тытульную партыю ў містычнай драме А. Адана. Лаўрэат усерасійскіх конкурсаў Цімур Куаталіеў, артыст балета Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага Дзіцячага музычнага тэатра імя Н. І. Сац выйдзе ў ролі Альбера.
За дырыжорскім пультам – народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў.

Завершыць фестываль 14 чэрвеня Гала-канцэрт зорак балета, які будзе прысвечаны легендарнай Людміле Бржазоўскай. Ёй апладзіраваў увесь свет... Званне народнай артысткі Беларусі яна атрымала, калі ёй было 29 гадоў. Ёй захапляўся знакаміты італьянскі рэжысёр Франка Дзефірэлі. Яна стажыравалася ў Пецярбургу ў вучаніцы Ваганавай – Наталлі Дудзінскай. Яе вельмі часта параўноўвалі з галівудскай зоркай Одры Хёпберн... «Ідэал танцоўшчыцы», «чараўніца рухаў», «багіня танца» – сінонімы для легенды айчыннай харэаграфіі. Скульптар Заір Азгур называў Бржазоўскую «творам мастацтва». 4 чэрвеня народнай артыстцы Беларусі магло б споўніцца 80 гадоў…
У гала-канцэрце прымуць удзел зоркі Беларускага балета, а таксама запрошаныя госці: Аксана Скорык, Леа Тамасон (Марыінскі тэатр, Санкт-Пецярбург), Цімур Куаталіеў і Фелічыя Русу (Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны Дзіцячы музычны тэатр імя Н. І. Сац), Берфу Эльмас і Батур Бюклю (Стамбульскі дзяржаўны тэатр оперы і балета, Турцыя), расійскі танцоўшчык, харэограф, рэжысёр Аляксандр Магілёў.
За дырыжорскім пультам – народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў.
Рэжысёр Гала-канцэрта – заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб.

ГЕНЕРАЛЬНЫ ПАРТНЁР ПРАЕКТА
ПАРТНЁР ПРАЕКТА