Аповесць Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» часта называюць гістарычным дэтэктывам і не менш часта параўноўваюць з «Сабакам Баскервіляў» Артура Конан Дойла. Опера на лібрэта па творы Караткевіча вярнулася на сцэну Вялікага тэатра Беларусі ў 2021-м. У спектаклі ажываюць страшныя і цудоўныя легенды таямнічых балот Палесся…
Збіральнік фальклору Беларэцкі заблукаў у лесе і трапіў у маёнтак Надзеі Яноўскай – апошняй з прадстаўніц некалі багатага і шляхетнага роду. Дзяўчына змучана жахам нашэсця страшнай конніцы пад правадырствам караля Стаха. Як абвяшчае фамільная легенда, Стах быў вераломна забіты на паляванні сваім сябрам Яноўскім-старэйшым. Беларэцкі бярэцца разблытаць таямнічую гісторыю з ажыўшымі мерцвякамі…
Гэтая опера сапраўды стала нацыянальнай музычнай класікай. Яна была створана ў 1989 годзе ў непасрэдным суаўтарстве кампазітара Уладзіміра Солтана з музычным кіраўніком спектакля Яраславам Вашчаком і ўсёй пастановачнай групай. Прэм'ера і далейшыя паказы спектакля на роднай сцэне прайшлі пры поўных аншлагах. У 1990 годзе таленавітая праца кампазітара, пастаноўшчыкаў – дырыжораў, рэжысёра, мастака і выканаўцаў галоўных роляў была адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР. У год пастаноўкі (1989) опера была прадстаўлена на сцэне Вялікага тэатра Расіі.
Новую пастаноўку ў ліпені 2021 года ажыццявіла галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Беларусі, уладальнік медаля Францыска Скарыны Ганна Маторная, яна ўдыхнула ў твор іншае жыццё.
«Дзікае паляванне караля Стаха» – гэта ўнікальная з'ява беларускай культуры – Міф і Сімвал, які пераплавіў у адзінае цэлае мінулае і сучаснасць, літаратуру і музыку, лірыку і драму, гісторыю і рамантыку, яркія, запамінальныя вобразы, персанажы і нас, якія жывуць сёння... - кажа Ганна Маторная. - Сплятаючы ў супярэчлівы клубок аўтарскае «Над» і «Пра», містычнае і рэальнае, бытавое і ўзвышанае, натуральнае і тэатральна-гульнявое, штодзённае і незвычайнае, подласць і сумленнасць, веру і любоў, Уладзімір Караткевіч, Святлана Клімковіч і Уладзімір Солтан ствараюць для нас непаўторную рэальнасць і дазваляюць хоць на імгненне паверыць у магчымасць перамагчы ўласны страх... Для ўсіх нас праз партытуру Уладзіміра Солтана авантурная рамантычная сага Уладзіміра Караткевіча, з яе глыбіннымі падтэкстамі і сюжэтнымі паваротамі ператварылася ў дзівосна пранізлівую і шчымліва праўдзівую гісторыю пра жывых людзей...»
Па выніках 2021 года опера перамагла ў Рэспубліканскім конкурсе на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі ў намінацыі «Лепшы спектакль музычнага тэатра».
У 2022-м спектакль быў прадстаўлены на Гістарычнай сцэне Вялікага тэатра Расіі ў рамках абменных гастроляў двух Вялікіх тэатраў − Мінска і Масквы – і меў поспех у маскоўскай публікі.
У 2023-м спектакль заслужана атрымаў Нацыянальную тэатральную прэмію ў намінацыях «Лепшы спектакль оперы» і «Лепшая праца пастаноўшчыка ў музычным спектаклі» (Ганна Маторная).
У кастрычніку 2024-га нацыянальная опера была прадстаўлена на знакамітай сцэне Марыінскага-2 у рамках Дзён г.Мінска ў Санкт-Пецярбургу.
Дададзім, што ўвечары 17 верасня ў галоўных партыях выйдуць: Анастасія Міхнавец (Надзея Яноўская), Іван Бярэзін (Дубатоўк), Уладзімір Громаў (Андрэй Беларэцкі), Аляксандр Міхнюк (Андрэй Свеціловіч), Станіслаў Трыфанаў (Алесь Варона), Віктар Мендзелеў (Ігнат Берман), Аляксандр Кеда (Рыгор), Аляксандр Гелах, Уладзіслаў Зазулька (Шляхцічы). За дырыжорскім пультам сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра Беларусі − маэстра Уладзімір Авадок.
ЗАМОВІЦЬ БІЛЕТ
Дата публікацыі: 06.07.2026






