1 кастрычніка, у Міжнародны дзень музыкі, Вялікі тэатр Беларусі прадставіць балет «Ілюзіі Кахання» на музыку Дз. Шастаковіча, Ф. Шапена, Л. Шырына. Паказ набывае асаблівае гучанне ў год, калі свет адзначае адразу два юбілеі: 120-годдзе з дня нараджэння Дзмітрыя Шастаковіча і стагоддзе яго музыкі, якая ўпершыню прагучала са сцэны ў 1926-м і з тых часоў не пакідае сусветны рэпертуар.
Балет «Ілюзіі Кахання» – арыгінальны спектакль Вялікага тэатра Беларусі, уладальнік Міжнароднай прафесійнай музычнай прэміі BraVo (2025). Аўтар ідэі, лібрэта і харэаграфіі, балетмайстар-пастаноўшчык – галоўны балетмайстар тэатра, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб.
Гісторыя кахання вачыма жанчыны: ад перажытай трагедыі ў пачатку свайго шляху да надзеі зноў пакахаць і быць каханай. Яе шлях поўны сустрэч і страт, надзей і расчараванняў, апавяданне паступова ператвараецца ў маналог пра жанчыну. Спектакль даследуе тонкую псіхалагічную мяжу паміж рэальнасцю і ілюзіяй: дзе сапраўднае жыццё, а дзе толькі наша ўспрыманне?
Зыходнай кропкай пастаноўкі стала харэаграфічная навэла «Паненка і хуліган» па кінасцэнарыі Уладзіміра Маякоўскага на музыку Дзмітрыя Шастаковіча. Аднак задума «Ілюзій Кахання» значна шырэй. Што, калі б гэта гісторыя атрымала працяг? Так нараджаецца яе развіццё ў балеце Ігара Колба.
Жыццё – як іллюзія, створаная ўспрыманнем чалавека, – вось адна з філасофскіх асноў спектакля, якая вызначыла яго назву і мастацкую мову.
Музычная драматургія спектакля сапраўды унікальная: упершыню ў адной партытуры злучыліся Дзмітрый Шастаковіч, Фрэдэрык Шапен і беларускі кампазітар Леанід Шырын, які напісаў музыку спецыяльна для гэтай пастаноўкі. Пры гэтым аркестравая і балетная музыка Дз. Шастаковіча, якая гучыць у спектаклі, раней ніколі не выконвалася ў Вялікім тэатры Беларусі. Як адзначае дырыжор-пастаноўшчык, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка, «увесь спектакль – гэта выхад за сталыя межы».
Візуальнае рашэнне падтрымлівае пачуццё ірэальнасці таго, што адбываецца. Мастак Вольга Мельнік стварыла мінімалістычную прастору, якая трансфармуецца, – «куб у кубе», каб максімальна сканцэнтраваць увагу на чалавеку.
Касцюмы аўтарства Вольгі Мельнік і Людмілы Тараканавай завяршаюць стварэнне сцэнічнай містыфікацыі, сціраючы мяжу паміж ілюзіяй і рэальнасцю аж да ўражальнага фіналу.
За дырыжорскім пультам у гэты вечар заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка.
Фестываль «Дзень Шастаковіча» арганізаваны Фондам развіцця Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага музея тэатральнага і музычнага мастацтва сумесна з Санкт-Пецярбургскім музеем тэатральнага і музычнага мастацтва пры падтрымцы Прэзідэнцкага фонду культурных ініцыятыў і Камітэта па культуры Урада Санкт-Пецярбурга.
Падрыхтавала В. Наважылава
Дата публікацыі: 17.07.2026