«Італьянка ў Алжыры». Мінская прэм'ера

 

 

19 і 20 снежня ў рамках Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму Вялікі тэатр Беларусі прадставіць прэм'еру оперы Джаакіна Расіні «Італьянка ў Алжыры». Гэтая музыка ўпершыню загучыць на сцэне галоўнага тэатра краіны. Над пастаноўкай працуе беларуска-расійская каманда.

 

Пра Мінск, сцэну Вялікага тэатра і прэм'еру, якая рыхтуецца, расказвае вядомы расійскі рэжысёр Ляйсан Сафаргулава.


Першае знаёмства з Мінскам


– Я ўпершыню апынулася ў Мінску, калі прыязджала абараняць эксплікацыю нашага будучага спектакля. І Вялікі тэатр Беларусі ўразіў мяне яшчэ задоўга да ўваходу ў глядзельную залу – сваёй манументальнасцю, прыгажосцю, маштабам. Унутры гэта адчуванне толькі мацнее: перад табой сапраўды Вялікі тэатр з вялікай літары, з багатым рэпертуарам.
Мне ўдалося паглядзець «Царскую нявесту» М.Рымскага-Корсакава – спектакль мяне ўразіў. Прызнаюся, першыя некалькі хвілін я, па звычцы, ацэньвала сцэну, разважаючы, як на ёй будуць глядзецца нашы дэкарацыі. Але вельмі хутка захапілася дзеяннем і з велізарным задавальненнем слухала оперу. Дарэчы, афармленне «Царскай нявесты» мне падалося вельмі ўдалым: у меру сімвалічным і пры гэтым дэталёвым. (Нагадаем, рэжысёр-пастаноўшчык оперы – Міхаіл Панджавідзэ, мастак-пастаноўшчык – Аляксандр Касцючэнка.)


Першы сумесны спектакль


– З мастацкім кіраўніком Вялікага тэатра Беларусі Арцёмам Валянцінавічам Макаравым мы знаёмыя яшчэ па Уфе (Арцём Макараў з 1997 па 2023 гг. працаваў у Башкірскім дзяржаўным тэатры оперы і балета), але паставіць сумесны спектакль там не склалася. «Італьянка... » стане нашым першым досведам.


Калі ён прапанаваў паставіць «Італьянку ў Алжыры», пагадзілася без роздумаў. Па-першае, абажаю музыку Расіні, па-другое, да гэтага моманту ў маім багажы не было ніводнай оперы гэтага кампазітара. Больш за тое, не было наогул ніводнай камедыйнай оперы! Ужо пазней я паставіла «Заручыны ў манастыры» С.Пракоф'ева і атрымала ад працы над камічнай операй велізарнае задавальненне. Хоць, прызнаюся, раней мой рэжысёрскі лёс складаўся так, што да фіналу спектакля мне кожны раз даводзілася прыдумляць, як больш эфектна забіць галоўнага героя. (Усміхаецца.) Гэта, вядома, жарт, але доля праўды ў ім ёсць.


Пазачасавы сусвет на сцэне


– Сама музыка Расіні, яе іскрыстасць, сюжэт оперы – мне здаецца, гэта менавіта тое, што сёння жыццёва неабходна сучаснаму гледачу. У тэатр мы зараз у многім спяшаемся за святлом, за гумарам, за гэтай выратавальнай эмоцыяй і лёгкасцю.

 

Што тычыцца візуальнага рашэння: мы не пераносім дзеянне ў сучаснасць, але і не ствараем гістарычны спектакль. Мы даўно працуем з мастачкай Кацярынай Малінінай, наш галоўны прынцып – пазачасавасць, але пры гэтым глядач пазнае ў персанажах сучаснікаў – за кошт жывых узаемаадносін. Штучнага пераносу дзеяння ў нашы дні мы не робім.
Разам з Кацярынай пастараемся стварыць на сцэне свет, які жыве па сваіх унутраных законах. Свет, у які хочацца пагрузіцца з першай ноты.

 

Дададзім, што над новай пастаноўкай працуе каманда, якую ўзначальвае музычны кіраўнік і дырыжор-пастаноўшчык – народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў: рэжысёр-пастаноўшчык – Ляйсан Сафаргулава (Расія), мастак-пастаноўшчык (сцэнаграфія, касцюмы) – Кацярына Малініна (Расія), хормайстар-пастаноўшчык – народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ніна Ламановіч.


Даведка


Ляйсан Сафаргулава – галоўны рэжысёр Севастопальскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета. У 2024 годзе скончыла Расійскі інстытут тэатральнага мастацтва (ГИТИС) па спецыяльнасці «Рэжысёр музычнага тэатра», у 2018-м прайшла стажыроўку ў тэатры «Гелікон-опера» пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Бертмана. З 2015 па 2025 год рэжысёр-пастаноўшчык Башкірскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Супрацоўнічае з тэатрамі па ўсёй Расіі: Уфа, Архангельск, Саранск, Растоў-на-Доне, Масква.

Падрыхтавала А. Балабановіч 08.09.2026г.