Навiны

Опера – гэта моцна!

 


Напярэдадні свайго дня нараджэння – 23 мая Вялікі тэатр Беларусі падорыць любімым гледачам асаблівую канцэртную праграму ў Камернай зале – «Беларуская опера XX–XXI стагоддзяў. Традыцыя і сучаснасць».

 

Галоўны рэжысёр тэатра, уладальнік медаля Францыска Скарыны Ганна Маторная рыхтуе канцэрт у рамках творчага праекта «На скрыжаванні музычных падзей: опера – гэта модна, опера – гэта моцна!».

 

«У гэты вечар мы прадставім найпрыгажэйшыя ўзоры беларускай опернай музыкі XX–XXI стагоддзяў. Музыкі, якая для кожнага з нас мае асаблівае значэнне, – кажа Ганна Маторная, якая традыцыйна выступіць і вядучай вечара. – Праграма пабудавана як шматкаляровая палітра кампазітарскіх стыляў і тэм. Мы свядома звярнуліся да імёнаў аўтараў, кожнае з якіх прадстаўляе пэўны этап развіцця беларускай оперы. Некаторыя сачыненні да гэтага часу не гучалі ў тэатры ўвогуле, таму можам гаварыць пра іх прэм’ернае выкананне.

 

У канцэрце 23 мая прымуць удзел прызнаныя майстры опернай сцэны – народныя і заслужаныя артысты, а таксама маладое пакаленне выканаўцаў. Такі склад дазволіць наглядна паказаць пераемнасць пакаленняў: як маладыя артысты засвойваюць рэдкі, але бясконца каштоўны матэрыял.

 

Гледачы пачуюць дуэт Веранікі і Максіма з оперы «Зорка Венера» Ю. Семянякі і дуэт Маргарыты і Францыска з оперы Дз. Смольскага «Францыск Скарына», арыю Лубенскага з оперы «Міхаіл Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт» А. Залётнева і арыю Свеціловіча з «Дзікага палявання караля Стаха» Ул. Солтана. Здавалася б, усё – пра каханне. Але! У кожным сачыненні свой філасофскі падтэкст, свая інтанацыя, дзесьці — матыў адзіноты, дзесьці — прадчуванне трагедыі.

 

Безумоўна, нельга абысці тэму вайны. З оперы Г. Вагнера «Сцежкай жыцця» прагучыць калыханка, якую герой спявае выратаванаму дзіцяці. Тут – не плакатны пафас, а – глыбока асабістае, амаль усяленскае праяўленне міласэрнасці і адначасова мужнасці. І ў гэты ж вечар прагучыць палымяная, патрыятычная арыя Апанаса з таго ж сачынення.

 

Мы ўключылі характэрныя творы ярка-тэатральнай прыроды – расказ Яраша з «Панны Ядвігі» Ул. Солтана і куплеты Сымона з «Францыска Скарыны» Дз. Смольскага. Таксама прагучаць сцэны з оперы, якія не выконваліся ў тэатры дзесяцігоддзямі, – «Майстар і Маргарыта» Яўгена Глебава. Цікава будзе пачуць сачыненні сучасных беларускіх кампазітараў — Алега Хадоскі і Сяргея Бельцюкова.

 

Гэта праграма патрабуе аркестравых фарбаў – і спецыяльна для вечара былі створаны аранжыроўкі некаторых твораў, таму ў канцэрте прыме ўдзел «незвычайны інструментальны склад выканаўцаў» – артысты Сімфанічнага аркестра тэатра. Гэта дазволіць музыцы набыць новае дыханне і глыбіню.

 


Важна падкрэсліць: слова «сучаснасць» у назве праграмы датычыць не толькі даты стварэння твораў. Яно адлюстроўвае тое, як сёння мы ўспрымаем беларускі культурны код, як звязваем нацыянальную ідэнтычнасць і наватарства ў оперным мастацтве. Гэта той дыялог эпох, у якім класіка гучыць актуальна, а новыя творы нараджаюць павагу да традыцыі. Мы верым, што гэты вечар не проста падорыць эстэтычнае задавальненне, але і дазволіць слухачам па-новаму паглядзець на нацыянальную музычную спадчыну…»

 


Дададзім, што ў праграме прымуць удзел: народныя артысты Беларусі Настасся Масквіна і Станіслаў Трыфанаў, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава, лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў Анастасія Міхнавец, Алена Таболіч, Кацярына Міхнавец, Іван Бярэзін, Андрэй Мацюшонак, Віктар Мендзелеў, Аляксандр Міхнюк, Андрэй Кліпо, Андрэй Логвінаў, Святаслаў Сахараў, Дзяніс Янцэвіч, Уладзіслаў Зазулька; а таксама артысты аркестра Наталля Мурзіна (флейта), Ірына Міхалевіч (флейта), Дзяніс Парэчын (саксафон), Дзмітрый Гарбачук (труба), Арцём Нікалайчык (труба), Андрэй Міхалевіч (трамбон), Арцём Магілёўцаў (валторна), Юлія Хромец (скрыпка), Анастасія Жэгалік (скрыпка), Юрый Башура (альт), Любоў Гардзей (віяланчэль), Аляксандр Кандрацьеў (кантрабас), Міхаіл Канстанцінаў (ударныя). За раялем – лаўрэаты міжнародных конкурсаў Ірына Буцель і Анастасія Дубоўская.

 

Вядучымі вечара стануць Ганна Маторная і студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ілья Саковіч.

 

Творчы праект Ганны Маторнай «На скрыжаванні музычных падзей: опера – гэта модна, опера – гэта моцна!» рэалізуецца за кошт сродкаў гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры на 2026 год.