Навiны

Вытанчаны летні вечар у Вялікім

 

 

10 чэрвеня Вялікі тэатр Беларусі запрашае ва ўтульную Камерную залу – пагрузіцца ў атмасферу прыгожага летняга вечара: на малой сцэне адбудзецца канцерт вакальна-інструментальнай музыкі.


Цэнтрам праграмы стане «Успамін пра Фларэнцыю» Пятра Ільіча Чайкоўскага, адзін з апошніх буйных твораў для секстэта струнных інструментаў. Твор быў напісаны з нагоды абрання кампазітара ганаровым членам Санкт-Пецярбургскага таварыства камернай музыкі і быў упершыню выкананы музыкантамі гэтага таварыства ў лістападзе 1890 года. Гэты твор не толькі натхнёны італьянскімі тэмамі, але і з'яўляецца адпаведнікам твораў паэтаў-рамантыкаў, якія выяўлялі ўспаміны аб мінулым. Твор выканаюць таленавітыя музыканты Сімфанічнага аркестра тэатра: Ганна Сідорчык (скрыпка), Кацярына Васіна (скрыпка), Марыя Куртанідзэ (альт), Анастасія Кіпнюк (альт), Анастасія Шрамко (віяланчэль) і Кацярына Крэзо (віяланчэль).


У другім аддзяленні прагучаць віртуозныя творы: фантазія на тэмы з оперы Г. Даніцэці «Фаварытка» для габоя і струннага квартэта А. Паскулі; «Morgen!» з цыкла «Чатыры песні» Р. Штрауса; арыя Паліфема з оперы «Ацыс і Галатэя» Г. Ф. Гендэля; сола альта з балета «Жызэль» А. Адана і іншыя шэдэўры.


У канцэрце прымуць удзел: салісты оперы, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Анастасія Храпіцкая (сапрана), Руслан Маспанаў (бас), артысты аркестра Аляксандр Папсуеў (габой), Кацярына Акавіцкая (віяланчэль), Ірына Буцель і Вольга Смалякова (партыя фартэпіяна).


Вядучая вечара – Вольга Кажгаліева. Рэжысёр праграмы – Наталля Кузьмянкова.