Навiны

Віншуем Ніку Скрабкову!



25 чэрвеня на Гістарычнай сцэне Вялікага тэатра Расіі адбылося ўрачыстае адкрыццё XV Міжнароднага конкурсу артыстаў балета. У гэтым годзе конкурс быў прысвечаны легендарнаму харэографу Юрыю Грыгаровічу, які больш за 50 гадоў быў нязменным мастацкім кіраўніком і старшынёй журы.


У гэтым годзе майстэрства ўдзельнікаў ацэньвала журы, якое ўзначаліла зорка сусветнага балета – народная артыстка Расіі, рэктар Маскоўскай дзяржаўнай акадэміі харэаграфіі Святлана Захарава. У складзе міжнароднага журы быў і галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб.


У конкурсе, у малодшай узроставай катэгорыі, прынялі ўдзел маладыя артысткі балета Вялікага тэатра Беларусі – Ніка Скрабкова і Анастасія Ярмаш. Вядучы саліст Беларускага балета Канстанцін Белахвосцік дапамагаў у выступленні Нікі Скрабковай як партнёр, які не прымае ўдзелу ў конкурсе.

 

5 ліпеня, пасля трох тураў, абвясцілі лаўрэатаў і пераможцаў XV Міжнароднага конкурсу артыстаў балета ў Маскве. III прэмія і бронзавы медаль – у артысткі балета Вялікага тэатра Беларусі Нікі Скрабковай (малодшая група, дзяўчаты, дуэт). Ад усяго сэрца віншуем маладую таленавітую балерыну з перамогай у такім значным конкурсе! Хай гэты несумненны поспех стане крокам наперад – да новых творчых дасягненняў!

 


Граматай конкурса ўзнагароджана Анастасія Ярмаш (малодшая група, дзяўчаты, сола). Віншуем!