Навiны

Каханне – гэта палёт

 

У экспазіцыі Траццякоўскай галерэі на Крымскім Вале (Масква) ёсць адна абсалютна захапляльная карціна – «Каханне на сцэне». Марк Шагал – філосаф, яго мастацтва глыбіннае – яно заўсёды пра штосьці сапраўднае, што жыве ўнутры нас. Здаецца, што і на гэтай карціне мастак не проста спрабаваў адлюстраваць закаханых на сцэне, а выказаць саму сутнасць кахання. Гэта палатно з'яўляецца часткай цыклу, які Марк Шагал (па запрашэнні мастацтвазнаўца Абрама Эфроса) у 1920 годзе стварыў для Дзяржаўнага яўрэйскага камернага тэатра.

Ідэя новага спектакля нарадзілася ў Ігара Колба дзякуючы цікавай гісторыі гэтай карціны. «Мастак эміграваў у Еўропу, не ведаючы, ці захавалася яго палатно, – гаворыць Ігар. – У савецкі перыяд, прыехаўшы ў Маскву, Шагал са здзіўленнем знайшоў сваю працу: яе асцярожна знялі з падрамніка, скруцілі і захавалі. Сёння яна ўпрыгожвае залу ў Траццякоўскай галерэі. Гэта перадгісторыя вельмі тэатральная. Прынцыпова важным мне здалося, што сувязным звяном тут з'яўляюцца людзі, якія захавалі гэтую карціну».

Менавіта таму ў сваёй новай харэаграфічнай рабоце Ігар Колб, аўтар ідэі і лібрэта, балетмайстар-пастаноўшчык спектакля, адыходзіць ад аўтабіяграфіі Марка Шагала, факусіруючыся на часе і людзях. Вакол Мастака на сцэне ажывуць яркія, трагічныя і страсныя гісторыі яго сучаснікаў – Уладзіміра Маякоўскага і Лілі Брык, Сяргея Ясеніна і Айседоры Дункан, Сержа Ліфара і Вольгі Спесіўцавай. «Я хачу распавесці пра тых людзей, у эпоху якіх жыў і ствараў Шагал», – удакладняе Ігар Паўлавіч.

У аснове драматургіі балета – імклівы палёт: з Віцебска – у Пецярбург, з Пецярбурга – у Маскву, з Масквы – у Парыж. «У Сусвеце Шагала лятаюць дамы і сінія козы, лятаюць закаханыя, узвышаючыся над побытам… Што б ні адбывалася, заўсёды можна ўзняцца над мітуснёй – дзякуючы Каханню, узаемаадносінам мужчыны і жанчыны», – тлумачыць пастаноўшчык.

Асаблівай, пранізлівай старонкай спектакля стане зварот да лёсу яўрэйскага народа ў гады Вялікай Айчыннай. Каб перадаць маштаб трагедыі і незгасаючы боль, харэограф задумаў уплесці ў сваё апавяданне гісторыю Івана і Джуліі – з «Альпійскай балады» Васіля Быкава.
Цікава, што ў спектаклі… прагучаць малітвы на ідышы. Гэты магутны эмацыянальны ход – слова ў балеце – стане данінай павагі караням мастака. І адначасова – дадатковым нагадваннем, у якім асяроддзі нарадзіўся Марк Шагал і дзе фарміраваўся, здавалася б, фантастычны яго мастацкі свет.

У музычную тканіну спектакля (музычны кіраўнік, дырыжор-пастаноўшчык – народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў) уплецены творы Ёганэса Брамса, Сяргея Пракоф’ева, Альфрэда Шнітке і беларускага кампазітара Андрэя Зубрыча. «Фігура Марка Шагала становіцца тым самым стрыжнем, вакол якога крышталізуецца наша гісторыя. Праз прызму яго жыцця мы даследуем перапляценні лёсаў іншых герояў. І тут музыка выступае важным правадніком у спектаклі. Яна становіцца прамым водгукам на стан душы кожнага персанажа. Праведзена каласальная праца – праслухана нямала сачыненняў, каб знайсці ідэальны баланс. І гэта праца яшчэ ідзе…», – удакладняе Ігар Колб.
За візуальнае рашэнне балета адказвае мастак-пастаноўшчык Вольга Мельнік. Ужо можна сказаць, што ў спектаклі ў большай ступені будуць выкарыстаны шэрыя колеры і паўтоны, і на гэтым фоне яркімі ўспышкамі будуць «намаляваныя» гісторыі кахання – кахання да жанчыны, пранесенага скрозь гады… У спектаклі будзе выкарыстоўвацца ўся глыбіня сцэны. Так, у фінале ў ар'ерсцэне адновяць атмасферу Парыжскай оперы, якая паступова будзе вынесена на першы план. Менавіта над роспісам купала ў Гарнье працаваў беларускі мастак.
Харэограф прыадкрывае заслону таямніцы і над выканаўцамі галоўных партый: «Вельмі важнае псіхаэмацыйнае пападанне ў герояў. Антон Краўчанка і Людміла Хітрова, дзякуючы свайму жыццёваму вопыту і характарам, – Уладзімір Маякоўскі і Ліля Брык. Гісторыю Сяргея Ясеніна і Айседоры Дункан распавядуць Аляксандра Чыжык і Іван Камышоў, а драму балетных артыстаў «разыграюць» Лізавета Мусорына, Ніка Скрабкова (Вольга Спесіўцава), Канстанцін Белахвосцік і Андрэй Барыеў (Серж Ліфар)… Асаблівае месца ў драматургіі балета займае фінал. Андрэй Барыеў, акрамя ролі Ліфара, пастане ў вобразе сталага Марка Шагала. Гэта філасофскае завяршэнне шляху: герой, які крыху згубіўся ў свеце, з «пазасветнай» адчужанасцю, усведамляе галоўную ісціну: шлях творцы непазбежна вядзе да адзіноты».

Падрыхтавала А.Балабановіч

Дата публікацыі: 16.07.2026

ЗАКАЗАТЬ БИЛЕТ