пресса

"ЛЕКЦЫІ" ПРА БЕЛАРУСКАСЦЬ

 

Маладыя салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Анатоль Сіўко і Павел Пятроў сталі лаўрэатамі VIII Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Станіслава Манюшкі ў Варшаве.

 

Беларускае адценне гэтаму найпрэстыжнаму спаборніцтву надаў тры гады таму Юрый Гарадзецкі — таксама саліст нашай Нацыянальнай оперы: ён стаў лаўрэатам сёмага па ліку конкурсу. Сёлетні "ўраджай" — яшчэ багацейшы. У Паўла Пятрова, які вучыцца ў народнага артыста краіны Пятра Рыдзігера яшчэ на другім курсе, — Другая прэмія. У Анатоля Сіўко, які сёлета заканчвае Маладзечанскае аддзяленне Акадэміі музыкі па класе Георгія Юрэвіча, — ажно тры ўзнагароды: Першая прэмія, прыз за лепшы мужчынскі голас і прыз Інстытута Ф.Шапэна ў Варшаве — сольны канцэрт на Міжнародным музычным фестывалі "Шапэн і яго Еўропа".

— На конкурсе, — кажа Анатоль Сіўко, — мне давялося адчуць сябе не толькі ўдзельнікам, але і гэткім "лектарам-прапагандыстам". Усім даводзіў, што Манюшка — у аднолькавай ступені беларускі творца, як і польскі, і літоўскі. Пэўны час ён жыў у Вільні. Працуючы ў Варшаве, стаў класікам польскай оперы. А нарадзіўся і сфарміраваўся як кампазітар — у нас. Гэтак жа — Мечыслаў Карловіч, якога нашы суседзі таксама ганаруюць куды больш, чым мы. Ва ўмовах конкурсу было абавязковае выкананне твораў не толькі Манюшкі, але і іншых польскіх аўтараў — ва ўсіх трох турах. Я імкнуўся выбіраць тых кампазітараў, чыя творчасць належыць адначасова некалькім народам, уключаючы беларускі. Мы можам ганарыцца сваёй музычнай культурай — старадаўняй і сучаснай. І сваёй вакальнай школай — таксама! Усе мае перамогі — гэта, найперш, вялікая праца майго педагога…

Пазаўчора Анатоль здаў дзяржаўны іспыт — у новым сезоне мы будзем бачыць спевака на сцэне нашага Вялікага тэатра, у трупу якога ён ужо размеркаваны. Павел Пятроў, пабыўшы некаторы час стажорам, таксама залічаны ў штат. Яго можна было бачыць сярод стральцоў у "Хаваншчыне", потым — Ленскім ці Трыке ў "Яўгеніі Анегіне", Персідскім прынцам у "Турандот".

Н.Б.

Источник: http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=8888