Онлайн-выставки

Творы Яўгена Цікоцкага на сцэне Вялікага тэатра Беларусі

 

26 снежня 2023 года беларуская культурная супольнасць адзначыць 130-годдзе з дня нараджэння аднаго з заснавальнікаў беларускай кампазітарскай школы, беларускага класіка ХХ стагоддзя Яўгена Цікоцкага.
З гэтай нагоды Вялікі тэатр Беларусі прапануе далучыцца да выбраных старонак гісторыі нашага опернага мастацтва

  

 Яўген Цікоцкі
(14 (26) снежня 1893 года - 24 лістапада 1970 года)

У гісторыю беларускай музычнай культуры трывала ўпісана імя Яўгена Карлавіча Цікоцкага, без творчасці якога нельга ўявіць сабе шляхі развіцця кампазітарскага мастацтва рэспублікі.
Ён нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і контр-адмірала. У доме Цікоцкіх часта збіраліся аматары-музыканты на музычныя вечары, дзе гучалі творы рускіх кампазітараў. У шасцігадовым узросце Яўген спрабаваў падбіраць на слых на раялі знаёмыя мелодыі. У падлеткавым узросце браў урокі ігры на фартэпіяна ў М. Скарняковай. Разам з бацькам наведваў оперныя спектаклі і сімфанічныя канцэрты пад кіраўніцтвам А. Зілоці, С. Кусявіцкага і А. Нікіша. Музычная адоранасць Яўгена праявілася рана, але ў сям'і прыярытэты былі расстаўлены такім чынам, што пасля заканчэння Царскасельскага рэальнага вучылішча (да якога вучыўся ў Кранштацкім гімназічным пансіёне (1902–1904), Пецярбургскай нямецкай гімназіі (1904–1907)) ён паступіў у Санкт-Пецярбургскі навукова-даследчы псіханеўралагічны інстытут імя У.М. Бехцерава. Музыкай будучы кампазітар змог займацца толькі ў прыватнай музычнай школе З. Волкавай-Бонч-Бруевіч.

Гады вучобы перапыніла Першая сусветная вайна. Яўгена Цікоцкага прызвалі ў войска і ў лютым 1915 года адправілі на фронт. Служыў у Фінляндскім пяхотным палку. У 1919 г. яго накіравалі на Заходні фронт (прымаў удзел у вызваленні Беларусі ад белапалякаў). У вольны час арганізоўваў у войску мастацкую самадзейнасць – выступаў як саліст, акампаніятар, а таксама пісаў музыку. Пасля дэмабілізацыі прысвяціў сябе музычна-асветніцкай і творчай дзейнасці ў Беларусі. У 1927 г. у Бабруйску Я. Цікоцкі працаваў загадчыкам вучэбнай часткі і выкладчыкам па класе фартэпіяна і тэорыі музыкі ў музычнай школе, адным з заснавальнікаў якой ён быў.

У 1932 годзе ўступае ў толькі што створаны Саюз кампазітараў БССР, а ў 1934 годзе атрымлівае запрашэнне заняць пасаду кампазітара Беларускага радыё і пераязджае ў Мінск. Яўген Цікоцкі піша музыку да радыёпастановак, выкладае ў музычнай школе. Велізарным творчым поспехам становіцца стварэнне ім оперы "Міхась Падгорны", якая будзе пасля названа першай беларускай народна-гераічнай музычнай драмай. Гэтая опера стала важнай вяхой у развіцці Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, менавіта яе прэм'ера ў 1939 годзе азнаменавала адкрыццё новага будынка тэатра, а ў 1940-м яна стала адным з трох твораў, якія прадставілі Дзяржаўны тэатр оперы і балета Беларусі на Дэкадзе беларускага мастацтва. у Маскве.

У гады Вялікай Айчыннай вайны творца быў эвакуіраваны (Уфа, Горкі, Масква), прадоўжыў пісаць песні і рамансы на вершы беларускіх паэтаў А. Астрэйкі, М. Машары, А. Бялевіча і інш.

У Горкім пачалася праца над операй, якая стала сапраўдным сімвалам будучай перамогі. У разгар вайны, пад гукі бамбёжак трое энтузіястаў - кампазітар Яўген Цікоцкі, паэт Петрусь Броўка і спявачка Ларыса Аляксандроўская - пачалі працу над операй «Алеся». Вечарамі, калі па радыё аб'яўлялася паветраная трывога, і артысты спускаліся ў бамбасховішча, стваралася опера: Яўген Цікоцкі не разлучаўся з алоўкам і партытурнай паперай. Цяжка сабе ўявіць другі такі прыклад творчай апантанасці.

У пачатку ліпеня 1944 г. быў вызвалены Мінск. Артысты з захапленнем вярталіся на родную зямлю і працавалі, яны былі апантаныя вялікай ідэяй: паказаць дома героіка-патрыятычную оперу "Алеся", якая павінна была адзначыць адраджэнне Беларусі. Доўгачаканая прэм'ера адбылася 24 снежня 1944 года ў зале Дома Чырвонай Арміі.

Пасляваенны перыяд у жыцці Я. Цікоцкага адзначаны плённай творчай і грамадскай працай. У 1944-м Яўгена Цікоцкага прызначаюць мастацкім кіраўніком Беларускай дзяржаўнай філармоніі. З 1950-га па 1963-ы ён - старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР. Ён пісаў музыку, артыкулы, выкладаў у музычнай школе-дзесяцігодцы, даваў кансультацыі самадзейным кампазітарам, выступаў на радыё.

Творчы шлях Я. Цікоцкага ахоплівае больш за 40 гадоў і адлюстроўвае ўсе працэсы і з’явы станаўлення беларускага музычнага мастацтва. Кампазітар выступаў у розных жанрах опернай і сімфанічнай музыкі. Яго творы вызначаюцца складанай драматургіяй, інтэнсіўным вобразна-тэматычным развіццём, часта заснаваным на разгалінаваных лейтматыўных сістэмах. У першых кампазіцыях значнае месца займае беларуская народная песня, якая надала яго музыцы вобразнасць, меладычнасць, ладавыя асаблівасці (“Я табун сцерагу”, “Ты, чырвоная каліна”, “Кукавала зязюля”). Прыметы творчага стылю Я. Цікоцкага сфарміраваліся ў арганічным спалучэнні асаблівасцей беларускага фальклору з традыцыямі рускай класічнай школы.

У лік найбольш значных твораў кампазітара ўваходзяць оперы “Міхась Падгорны” (лібрэта П. Броўкі; пастаўлена ў 1939 г.), “Алеся” (“Дзяўчына з Палесся”, лібрэта П. Броўкі пастаўлена ў 1944, 1957, 1967 гг.; за апошнюю рэдакцыю атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі 1968). Апошняя опера кампазітара “Ганна Громава” (1970, лібрэта Я. Рамановіча), на жаль, не атрымала сцэнічнага ўвасаблення. Таксама Я. Цікоцкі напісаў гераічную паэму для баса, хору і сімфанічнага аркестра “Буравеснік” (на словы М. Горкага; 1920, 1936, 1946); шэсць сімфоній (1927, 1941, 1948, 1955, 1958, 1963); сімфанічную паэму “50 гадоў” (1966); уверцюру “Свята на Палессі” (1953) і іншыя творы. Аўтар музыкі да многіх драматычных спектакляў, кінафільмаў.

За высокія творчыя дасягненні і адданасць музыцы Я. Цікоцкі атрымаў ганаровае званне народнага артыста Беларусі (1953) і СССР (1955), узнагароджаны ордэнам Леніна (1944), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1940, 1949), ордэнам “Знак Пашаны” (1964) і медалямі.


«Міхась Падгорны» — опера ў 4-х дзеях кампазітара Яўгена Цікоцкага, прэм’ерай якой 10 мая 1939 года быў адкрыты будынак Беларускага тэатра оперы і балета.

 

Опера малюе жыццё беларускіх сялян у гады Першай сусветнай вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі. Асабістыя лёсы герояў - бедняка Міхася Падгорнага, які прайшоў вайну і стаў на рэвалюцыйны шлях, яго нявесты Марысі, сілком выдадзенай замуж за кулацкага сына Змітрака Закрэўскага,- непарыўна звязаныя з гістарычнымі падзеямі. Пад уплывам пераменаў Міхась ператвараецца ў салдата рэвалюцыі, а нясмелая, пакорлівая Марыся — у жанчыну, якая змагаецца за сваё шчасце і парывае з мужам-багацеем.
У музыцы Цікоцкага выкарыстоўваюцца інтанацыі беларускай песні, але яе музычная мова звернута не ў мінулае, а ў сучаснасць. Самы вялікі поспех оперы - партыя Марысі, якая дае ўдзячны матэрыял для артысткі (у выкананні Л. Александроўскай гэты вобраз атрымаў яркае ўвасабленне). Фігура Міхася аказалася некалькі дэкларатыўнай, рэзанёрскай; шмат ярчэй выйшаў кулак Дзмітрок. "Міхась Падгорны" адыграў прыкметную ролю ў станаўленні беларускай оперы. (А.Газенпуд)

На сцэне Вялікага тэатра Беларусі опера вытрымала тры пастаноўкі, кожная з якіх прадстаўляла новую рэдакцыю твора:

1939
Прэм’ера - 10 сакавіка
Дырыжор - Міхаіл Шнейдэрман. Рэжысёр - Леанід Літвінаў. Мастак - Барус Матрунін.

1940
Прэм’ера - люты
Другая рэдакцыя оперы.
Дырыжор - Міхаіл Шнейдэрман. Рэжысёр - Павел Златагораў. Мастак - Барыс Волкаў. Хормайстар - Аляксандр Бельскі.

1957
Прэм’ера - 26 кастрычніка
Трэцяя рэдакцыя оперы.
Музычны кіраўнік - Анісім Брон. Дырыжоры - Анісім Брон і Іосіф Абраміс. Рэжысёр - Ларсы Александроўская. Мастак - Павел Масленікаў. Хормайстар - Мікалай Прысёлкаў. Балетмайстры - Сямён Дрэчын, Тамара Узунова, Юлія Хіраска.

 

 Аўтограф партытуры оперы

Марыся - Рыта Млодэк, Ганна - Ганна Альшэўская

Марыся - Ларыса Александроўская, Міхась - Васіль Лапін

Марыся - Ларыса Александроўская, Міхась - Васіль Лапін

Перад паездкай у Маскву на Дэкаду беларускага мастацтва (1940)
Аляксандра Нікалаева, Ларыса Аляксеева, Навум Балазоўскі, Рыта Млодэк, Ларыса Александроўская, Яўген Цікоцкі, Міхаіл Дзянісаў

 

Сцэна з оперы, 1940 год

 

Сцэна з оперы, 1940 год

  Леанід Літвінаў, Рыта Млодзек, Антаніна Нежданава, Мікалай Галаванаў, Міхаіл Шнейдэрман, А.Гартман 

 

Марыся - Ніна Двінянінава, Змітрок - Анатоль Генералаў, Міхась - Герман Дзмітрыеў 

Дзясяцкі - Юрый Матраеў, Анішчук - Міхаіл Зюванаў

 

  Марыся - Тамара Шымко, Міхась - Герман Дзмітрыеў

  Марыся - Тамара Шымко, Змітрок - Уладзімір Глазаў

Ігнат - Уладзімір Лубяны, Марыся - Тамара Шымко, Баба-лапатуха - Тамара Ніжнікава, Сват - Міхаіл Дружына, Змітрок - Уладзімір Глазаў

 Баба-лапатуха - Тамара Ніжнікава, Сват - Міхаіл Дружына

Кампазітар Яўген Цікоцкі сярод аўтараў і выканаўцаў пастаноўкі 1957 года

 


Прэм'ера оперы "Алеся" з'явілася самай знамянальнай падзеяй у дзейнасці тэатра ваеннага перыяду. Беларусь яшчэ не была цалкам вызвалена, на тэрыторыі рэспублікі ішлі кровапралітныя баі.

Б.Смольскі: "Спектакль глязелі за некалькі гадзін да таго, як пайсці на перадавую, на лінію агню, у бой". Сучасная героіка-патрыятычная тэма, амаль дакументальнасць зместу оперы былі настолькі блізкія слухачу, што многія сцэны ўспрымаліся былі настолькі блізкія слухачу, што многія сцэны ўспрымаліся імі як эпізоды, непасрэдна ўзятыя з жыцця. Поспеху спектакля не перашкодзіла і тое, што ні сцэна, ні дапаможныя памяшканні Дома Чырвонай арміі не былі прыстасаваны для выканання оперы, дэкараціі былі напісаны мастаком С.Нікалаевым на старых палотнах. 

М.Чудноўскі: "Адсутнасць касцюмерных майстэрняў не стала перашкодай, там што большасць салістаў і харыстаў былі партызанамі, і на прэм'еру яны выйшлі на сцэну ў тым, что насілі ў лесе".

Праца над музычным матэрыялам таксама праходзіла ў натуральных умовах ваеннага часу - у бомбасховішчы ў Горкім, і таму музыка опера стала непасрэдным эмацыянальным водгукам кампазітара на вялікі народны подзвіг. 
Працу над развучваннем оперы трупа пачала ў перыяд пераезду з Горкага ў невялікі горад на рацэ Клязьме - Каўроў Уладзімірскай вобласці. Туды прыехаў дырыжор Анісім Брон, які надоўга звязаў свой лёс з Беларуссю.

Дзеянне оперы пачынаецца ў нядзелю 22 чэрвеня 1941 г. Два калгасных брыгадзіра, Алеся і Сяргей, кахаюць адзін аднаго. Нішто, здавалася б, не азмрочвае іх шчасце. Але ў бясхмарным небе з'яўляецца варожы самалёт, і першай ахвярай бамбёжкі падае маці Алесі.
Сакратар райкама партыі Апанас узначальвае партызанскі атрад. На фронт сыходзіць Сяргей, Алеся ўступае ў шэрагі змагароў з акупантамі.
Сёмка, сын раскулачанага багацея, пасля нядоўгага вагання вырашае далучыцца да атрада. Мужна ваююць народныя мсціўцы, і сярод іх дзяўчына з Палесся. На самалёце ў штаб партызан прылятае Сяргей.
Партызаны атрымліваюць заданне вызваліць заложнікаў, захопленых фашыстамі. Палонным пагражае растрэл, калі яны не адкрыюць імя "дзяўчыны з Палесся".
Здраднікам аказваецца захоплены немцамі Сёмка, але Алеся, якая пракралася ў размяшчэнне фашыстаў, забівае яго. Партызанскі атрад на чале з Апанасам ратуе жыццё закладнікаў і Алесі — гэта і ёсць «дзяўчына з Палесся».

Доўгачаканая прэм'ера адбылася 24 снежня 1944 года ў зале Дома Чырвонай Арміі. У дзённіку Ларыса Пампееўна пазней успамінала: «Прэм'ера! Ура! Першая партызанская опера. Перамога беларускага мастацтва. Свята! Зала поўная! Хто ж наш глядач? Жывыя, сапраўдныя партызаны прыйшлі да нас з лясоў, развалін, ям і падвалаў Мінска. Яшчэ не ўся Беларусь вызваленая, яшчэ дыміцца Менск, яшчэ не надышло 9 траўня 1945 года. Гэтага дня не забыць, не перадаць! Ён заўсёды будзе ў сэрцах тых, хто быў у гэты вечар у Доме афіцэраў. Добрая палова гэтага дома яшчэ разбіта, увесь горад у цемры, а ў зале - Перамога!»


Опера атрымала пяць сцэнічных рэдакцый:

1944
Прэм’ера - 24 снежня на сцэне Дома Чырвонай Армі
Дырыжор - Міхаіл Шнейдэрман. Рэжысёр - Барыс Пакроўскі. Мастак - Сяргей Нікалаеў. Хормайстар - Аляксандр Бельскі.

1947
Прэм’ера - 8 лістапада
Другая рэдакцыя оперы.
Дырыжор - Анісім Брон. Рэжысёр - Барыс Мардвінаў. Мастак - Сяргей Нікалаеў. Хормайстар - Георгій Пятроў. Балетмайстар - Сямён Дрэчын.

1949
Прэм’ера - 24 сакавіка
Трэцяя рэдакцыя оперы.
Дырыжор - Ілля Гітгарц. Рэжысёры - Барыс Мардвінаў, Уладзімір Шахрай. Мастак - Сяргей Нікалаеў. Хормайстры - Таццяна Арлова, Іосіф Абраміс.

1953
Прэм’ера - 7 лютага
Чацвёртая рэдакцыя оперы (назва “Дзяўчына з Палесся”) з лібрэта П. Броўкі і Я. Рамановіча.
Дырыжор - Леў Любімаў. Рэжысёры - Ларыса Александроўская, Міхаіл Дамброўскі, Алег Маралёў. Мастакі - Міхаіл Блішч, Уладзімір Кульваноўскі, Сяргей Нікалаеў, Ілля Пешкур. Хормайстар - Мікалай Прысёлкаў. Балетмайстар - Аляксей Ермалаеў.

1967
Прэм’ера - 14 красавіка
Пятая рэдакцыя оперы (“Алеся”).
Дырыжор - Георгій Дугашаў. Рэжысёр - Дзмітрый Смоліч. Мастак - Яўген Чамадураў. Хормайстар - Аляксей Кагадзееў.

 

 

 

Ларыса Александроўская ў галоўнай ролі оперы "Алеся"

Алеся - Л.Александроўская, Апанас - Міхаіл Дзянісаў

Сцэна з оперы. У ролі Алесі Ларыса Александроўская

Сцэна з оперы. У ролі Алесі Ларыса Александроўская

Сцэна з оперы. У ролі Алесі Ларыса Александроўская

 

 

 Фон Шолен - Анатоль Генералаў, Алеся - Лідзія Галушкіна

 Пасля прэм’еры оперы “Алеся”. Сядзяць: Т.Ніжнікава, Л.Любімаў, К.Кудрашова, П.Крук.
Стаяць: С.Дрэчын, В.Крыкава, Н.Лазараў, Л.Александроўская, М.Варвулёў, А.Нікалаева, К.Мулер

1953 г. Пастановачная група оперы “Дзяўчына з Палесся”.
Сідзяць: дырыжор Л.Любімаў, кампазітар Я.Цікоцкі, рэжысёр Л.Александроўская, мастак С.Нікалаеў.
Стаяць: мастак М.Блішч, рэжысёр Н.Дамброўскі, хормайстар М.Прысёлкаў, рэжысёр А.Маралёў, канцэртмайстар С.Талкачоў, мастак В.Кульваноўскі