Новости

Квіток за палову цаны!

 

Дзеянне “Сівой легенды” разгортваецца імкліва і непрадказальна, нібы спружына (рэжысёр-пастаноўшчык – Міхаіл Панджавідзэ).  Мы трапляем у XVII стагоддзе – час непрыступных замкаў, паляванняў, нобіляў, радавітых шляхцічаў…

На сцэне ў гэты вечар вырастаюць грандыёзныя дэкарацыі і паўстае сярэднявечны замак, нібы галівудскі павільён, аснашчаны ўнутры жырандолямі, камінамі, гарматамі, старажытнай мэбляй, манекенамі рыцараў (мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка).

Штуршком для драматычнага развіцця падзей у спектаклі становіцца любоўная гісторыя, ў якой сплятаюцца жаночая рэўнасць і помслівасць, мужчынскае самалюбства, інтрыгі і няпростае сацыяльнае-палітычнае становішча, пастаяннае супрацьстаянне на ніве рэлігіі і сацыяльнага статусу. Здавалася б, глыбока асабістая гісторыя кахання і рэўнасці набывае такую разбуральную сілу, што ўцягвае ў свой вір мноства людзей, разбураючы іх жыццё, абуджаючы нечуваныя, страшныя сілы… Невыпадкова адной з лірычных кульмінацый спектакля становіцца арыя Кізгайлы “Зямля, не пракляні мяне”. Здраджаючы дадзенаму сябру слову, герой разумее, што гэта не проста асабістая здрада – гэта здрада зямлі, яе адвечным законам. Не здраджваць зямлі бацькоў, гэта, дарэчы, і адзін з запаветаў “Сівой легенды”, шчыра і эмацыянальна заяўлены ў спектаклі.

Пераканаўча і эфектна выглядаюць як камерныя, “сямейныя” сцэны, так і батальныя эпізоды, якія нібыта “прарастаюць” адзін з аднаго, нібыта сцвярджаючы: няма маленькай драмы, якая не мела бы катастрафічныя наступствы для тысяч людзей.

У гэты вечар галоўныя ролі ў спектаклі выканаюць: Ніна Шарубіна (Ірына), Сяргей Франкоўскі (Раман), Уладзімір Пятроў (Кізгайла), Крыскенція Стасенка (Любка), Алег Мельнікаў (Найміт). Дырыжор – Вячаслаў Чарнуха-Воліч.

Кожны паказ “Сівой легенды”, творчы калектыў якой быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, становіцца падзеяй. І штораз тэатр ў гэты вечар тэатр рыхтуе для сваіх гледачоў штосьці адмысловае.

26 сакавіка у гледачоў будзе магчымасць патрапіць на “Выставу аднаго дня” і прэзентацыю кнігі мастацтвазнаўцы Барыса Лазукі, прысвечанай матэрыяльнай культуры беларускай сацыяльнай эліты. Кніга “У засені замкаў і палацаў. Матэрыяльная культура сацыяльнай эліты Беларусі ХІІ – пачатку ХХ стагоддзя” нядаўна выйшла ў выдавецтве “Беларусь” і ўжо атрымала захопленыя водгукі спецыялістаў і аматараў.

Гэта першае ў айчынным мастацтвазнаўстве даследаванне, акрэсленае сферай матэрыяльнай культуры прадстаўнікоў сацыяльнай эліты ад часоў старажытнабеларускіх княстваў да пачатку ХХ стагоддзя.

Аповед пра кнігу будзе падмацаваны рарытэтнымі помнікамі матэрыяльнай культуры з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук, які ўзначальвае Барыс Лазука.

 

Пачатак выставы аднаго дня у 18:10.

 

0
0
0
s2sdefault

ПАРТНЕРЫ