Новости

Слухалі сваё!

 


2019-ы абвешчаны ЮНЕСКА Годам Станіслава Манюшкі. У гонар 200-годдзя геніяльнага кампазітара Вялікі тэатр Беларусі падрыхтаваў цудоўную праграму, насычаную самымі яскравымі і знакавымі яго творамі. На святочны канцэрт тэатр запрасіў гледачоў 16 траўня.


Імя Станіслава Манюшкі з’яўляецца адным з найвялікшых у гісторыі і культуры Беларусі і Польшчы, яно адначасова рэпрэзентуе гэтыя дзве культуры і аб’ядноўвае іх. Манюшка нарадзіўся і вырас на Міншчыне, правёў свае маладыя гады ў Мінску. Тут адбываліся яго першыя тэатральна-музычныя пастаноўкі, у салонах мінскай інтэлігенцыі XIX стагоддзя гучала яго музыка, напоўненая беларускім фальклорам. Пазней Манюшка працаваў у Вільні, колішняй сталіцы нашай дзяржавы. Потым пераехаў у Варшаву, дзе стаў класікам польскай оперы, стварыўшы там свае самыя маштабныя шэдэўры ў гэтым жанры.


Постаць Станіслава Манюшкі дае нам надзейнае пачуццё: у нас былі і ёсць вялікая гісторыя і вялікія творцы. Манюшка – манументальны, паўнамерны класік музыкі, які працаваў практычна ва ўсіх жанрах і разгарнуўся ў іх проста феерычна. Ён стаіць побач з галоўнымі кампазітарамі таго часу, такімі як: Ф. Мендэльсон, Б. Сметана, І. Брамс, А. Дворжак, М. Глінка, П. Чайкоўскі.


Манюшка пакінуў нам вялікую творчую спадчыну: сапраўдныя шэдэўры оперы і балета, аперэты, рамансы, кантаты і, канешне, песні – на словы Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, Тамаша Зана і іншых. З вялікага масіву гэтых неверагодных каштоўнасцяў пастаноўшчыкам тэатра было вельмі складана выбраць самыя яскравыя, але менавіта такія і ўвайшлі ў святочны канцэрт, які прайшоў у Вялікім тэатры Беларусі 16 траўня.


Разгарнуліся сцэны з опер «Страшны двор», «Галька», «Графіня», «Verbum Nobilе». Гледачоў чакала абсалютная мінская прэм’ера – дывертысмент на музыку балета «Аднойчы на пастоі, альбо Трыумф кахання» (балетмайстар-пастаноўшчык уладальніца медаля Францыска Скарыны Аляксандра Ціхамірава).


У канцэрце прынялі ўдзел любімыя артысты оперы і балета Вялікага тэатра: Аксана Якушэвіч, Людміла Хітрова, Аляксандра Чыжык, Надзея Філіпава, Вольга Маліноўская, Марына Мароз, Антон Краўчанка, Канстанцін Геронік, Ілля Сільчукоў, Юрый Гарадзецкі, Іван Савенкаў, Эвен Капітэн, Ілля Пеўзнер, Віктар Мендзелеў, Дзмітрый Капілаў і іншыя. У ролі юнага Манюшкі на сцэну Вялікага выйшаў навучэнец сталічнага каледжа Кірыл Барташэвіч і сыграў на клавесіне “Паланэз” М.К. Агінскага. Спецыяльна запрошанай госцейкай стала выбітная спявачка Івона Хоса, салістка Нацыянальнай оперы ў Варшаве, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, уладальніца значных музычных узнагарод (адна з якіх – прэмія Emmy – за ўдзел у пастаноўцы ВВС «Халакост»).


Рэжысёр-пастаноўшчык дзеі – уладальнік медаля Францыска Скарыны Міхаіл Панджавідзэ. На сцэне выступілі артысты хору (пад кіраўніцтвам галоўнага хормайстра Ніны Ламановіч, народнай артысткі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі рэспублікі) і аркестра. За дырыжорскім пультам былі тры маэстры: Іван Касцяхін, Алег Лясун і запрошаны дырыжор з Польшчы Раман Рэваковіч. За мастацкае афармленне адказваў уладальнік медаля Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Касцючэнка. У якасці навуковага кансультанта праграмы выстуріў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі рэспублікі Віктар Скорабагатаў.


Канцэрт быў арганізаваны пры падтрымцы Інстытута Адама Міцкевіча і Польскага Інстытута ў Мінску.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

ПАРТНЕРЫ