29 сакавіка 2025 года − канцэрт «Натхненне сэрца», прысвечаны юбілею струннага квартэта Вялікага тэатра Беларусі “Vivat-Quartet”.
“Vivat-Quartet”: гэта жыццесцвярджальная назва сустракаецца ў афішах Вялікага тэатра Беларусі ўжо на працягу 10 гадоў. Віртуознае выкананне музыкантамі струннага квартэта “Vivat-Quartet” твораў самых розных напрамкаў, невычэрпная энергія і выключнае выканальніцкае майстэрства − вось што знаходзіць водгук у сэрцах аўдыторыі. Артысты калектыву − салісты аркестра Вялікага тэатра Беларусі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў і, без перабольшання, гонар беларускай выканальніцкай школы: Аніта Малюгіна (скрыпка), Ірына Маслава (скрыпка), Юрый Башура (альт), Аляксандр Іваноў (віяланчэль). Ансамбль выступае ў акадэмічным фармаце, прадстаўляючы праграмы камерна-інструментальнай музыкі, а таксама ўдзельнічае ў гала-канцэртах, фестывалях і буйных праектах Вялікага тэатра Беларусі, гастралюе ў нашай краіне і за мяжой.
За 10 гадоў існавання калектыў набыў рэпутацыю аднаго з лепшых струнных ансамбляў Беларусі. Праграмы, якія прапануе “Vivat-Quartet” (мастацкім кіраўніком калектыву з'яўляецца скрыпачка Ірына Маслава) − прыклад паспяхова знойдзенага балансу паміж строгім акадэмізмам і даступнасцю: сярод твораў, выкананых музыкамі, і вытанчаныя ўзоры беларускага рэнесансу і барока, і музыка І.С.Баха, Дж.Пергалезі, В.А.Моцарта, і квартэты С.Рахманінава і С.Пракоф'ева, і такія «хітовыя» творы як танга А.Пьяцолы, К.Гардэля або Е.Пецярсбурскага.
І пры гэтым музыкі не цураюцца эфектнасці прадстаўлення: гэты квартэт можна назваць тэатральным не толькі “па паходжанні”, але і “па сутнасці”, многія канцэрты робяцца ў сатворчасці з рэжысёрамі (ад праекта опернай прымы і рэжысёра Аксаны Волкавай “На струнах вясны” да “Каляднага падарунка”, створанага сумесна з рэжысёрам Марыяй Ісаевай), якія прыдумваюць нестандартныя формы падачы акадэмічнага музычнага матэрыялу.
Для святкавання свайго юбілею “Vivat-Quartet” таксама рыхтуе праграму “з разыначкай”. На першы погляд, пералік твораў выглядае досыць пярэстым − Паганіні змяняецца Шастаковічам, за ім даволі рэзкі скачок у барока, да Гендэля і Бакерыні, пасля якіх мяркуецца пагружэнне ў рамантызм Франка... Аднак і ў гэтым блуканні па эпохах і стылях ёсць свая логіка.
Адкрые канцэрт дуэт Нікола Паганіні для скрыпкі і гітары, у выкананні якога прыме ўдзел толькі адзін удзельнік квартэта − яго кіраўнік, Ірына Маслава; у ансамблі з ёй выйдзе сябар калектыву гітарыст Віталь Дубовік.
Другі твор − П'есы для двух скрыпак і фартэпіяна Дзмітрыя Шастаковіча; і іх выканаюць двое з квартэта − скрыпачкі Аніта Малюгіна і Ірына Маслава, а дапоўніць ансамбль Юлія Шчарбакова, творчае супрацоўніцтва з якой працягваецца не адзін год.
Далей у праграме − трыа-саната Георга Фрыдрыха Гендэля, якую прадставяць трое ўдзельнікаў квартэта: тыя ж плюс віяланчэліст Аляксандр Іваноў, партыю basso continuo разам з ім правядзе Юлія Шчарбакова.
У завяршэнні першай часткі юбілейнага вечара − Інтрадукцыя і фанданга Луіджы Бакерыні, якія ўжо неаднаразова гучалі ў канцэртах “Vivat-Quartet”, для выканання якіх на сцэне збярэцца ўвесь склад квартэта з саліруючым гітарыстам Віталём Дубовікам.
Такім чынам, слухач стане сведкам акустычнага напаўнення прасторы ад камернага дуэта да паўнагучнага квінтэта і відавочцам «збірання» поўнага складу калектыву-юбіляра (пры ўдзеле яго пастаянных творчых спадарожнікаў).
Другая частка вечара будзе прысвечана фартэпіяннаму квінтэту Сезара Франка − твору маштабнаму ва ўсіх сэнсах, Святаслаў Рыхтэр, неаднаразова выконваўшы гэты твор, назваў яго “Страсцямі па Матфею” у камернай музыцы. Гэты квінтэт − вяршыня класіка-рамантычнага ансамблевага рэпертуару − у багажы самых знакамітых выканаўцаў. Твор сапраўды патрабуе асаблівага разумення і майстэрства.
Гэта ансамбль, для якога сапраўды трэба “збірацца” − збіраць не толькі сваё выканальніцкае ўменне, але і свой мастацкі і жыццёвы вопыт. З'яўленне такога сачынення ў рэпертуары ансамбля − гэта і адвага, і знак дасягнення пэўнай прыступкі творчай сталасці. Вобразны строй квінтэта драматычны, нават трагедыйны: ён стаіць у шэрагу з Чацвёртай баладай Шапэна, Апасіянатай Бетховена, Чацвёртай сімфоніяй Чайкоўскага. У ім – “рамантычнае сутыкненне чалавека з варожымі сіламі, якія заступаюць шлях да шчасця”, тэма невычэрпная ў мастацтве. Ці можна сказаць, што ўключэнне фартэпіяннага квінтэта Франка ў праграму юбілейнага канцэрта − знакава для калектыву? Безумоўна. І настолькі ж яно прыметнае для публікі: у свой юбілей артысты давяраюць ёй патаемнае, і гэта знак вышэйшай удзячнасці.
Такім чынам, у гэты вечар, на нашых вачах ансамбль вырасце − ад дуэта да квінтэта, ад “ігранага” − да новага, ад невялікага − да маштабнага. І калі дазволіць сабе (анты)аналогію са знакамітай Развітальнай сімфоніяй Ёзэфа Гайдна, канцэрт стане Вітальнай сімфоніяй Струннага квартэта Вялікага тэатра Беларусі. І ў гэтым “прывітальным” характары − тая самая (выпадковая або наўмысная?) “пасхалка” для аматараў этымалагічных рэбусаў. Віват, квартэт!