“Танцы”. Прэм'ера ў Вялікім

 

Паводле задумы галоўнага балетмайстра тэатра, заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Ігара Колба (балетмайстар-пастаноўшчык, аўтар лібрэта і харэаграфіі), у гэтых трох спектаклях пераплецены паміж сабой тры з'явы, без якіх неймаверная само жыццё: “Гэта яго фізічны пачатак, душэўны і – непазбежны фінал (смерць). Яны, нібы вехі на шляху чалавечага існавання, утвараюць непарыўны ланцуг − ад зараджэння да завяршэння...” Каб падкрэсліць гэта трыадзінства, гэтую глыбокую ўзаемасувязь, у афішы і з'явіліся тры назвы, якія не проста пазначылі б пэўныя этапы жыцця, а сталі б своеасаблівымі сімваламі гэтых пачаткаў…

“Балеро” выступае метафарай фізіялогіі − рытмічная, амаль механічная пульсацыя цела, якое з часам губляе сваю першапачатковую прывабнасць. Нібы танец, які паўтараецца да таго часу, пакуль не вычарпаецца энергія. І ўсё ж гісторыя працягваецца. У “другой частцы” “Танцаў”.

“Танец смерці” (музыка К. Сен-Санса) − як дыялог з непазбежным, сімвалізуе вечнае заляцанне да смерці. Тут смерць − не фінал. Смерць паўстае не як кропка, а як спадарожнік, які суправаджае кожны наш крок, нагадваючы пра крохкасць быцця.

“Кармэн” (на музыку оперы Ж. Бізэ) увасабляе душэўны парыў: каханне, будучы самай яркай эмоцыяй, пераўтвараецца ў трагедыю. І тры смерці ў фінале не выпадковыя…
Усе тры этапы існавання чалавека суправаджае Лёс.

Цела, душа, смерць... Зварот да гэтых трох вымярэнняў нагадвае: жыццё не чарада разрозненых момантаў, а цэласная траекторыя, дзе кожная кропка напоўнена сэнсам…

“Я не магу не правакаваць публіку, калі ў мяне ёсць магчымасць прапаноўваць гледачу нешта новае і цікавае”, − кажа Ігар Паўлавіч.
Вечар аднаактовых балетаў ператворыцца і ў вечар французскай музыкі − будзе гучаць Марыс Равель, Каміль Сен-Санс і Жорж Бізэ. Дырыжор-пастаноўшчык − галоўны дырыжор Вялікага тэатра Беларусі, народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў. Дададзім, што ў спектаклі, працягваючы думку пастаноўшчыкаў, прымуць удзел і салісткі оперы тэатра – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава і лаўрэат міжнародных конкурсаў Дар'я Гаражанка.

Лейтматывам у сцэнаграфіі спектакля стане вобраз кветкі чартапалоху. Ён нібы сімвал супярэчлівай прыгажосці − калючай, балючай, але зачаравальнай. Як у “Балеро” тэма нарастае, раскрываючыся ў паўторах, так і гэтая кветка, нібы жывы персанаж, прарастае скрозь дзеянне, адлюстроўваючы гісторыю Гульца ў “Танцах...” і трагедыю Кармэн: чартапалох вабіць і раніць, а яго змарненне ў фінале становіцца метафарай гібелі страсці. Мастак-пастаноўшчык Вольга Мельнік-Малахава нібы пераносіць на сцэну шыпы і пялёсткі кветкі – у іх закладзена трагічная гармонія: прыгожае і асуджанае.
Маска, вэлюм, яблыкі, матылі і клетка таксама стануць пазнавальнымі сімваламі ў сцэнаграфічнай гісторыі спектакля. Гэтыя элементы фарміруюць візуальную і сэнсавую аснову спектакля, адлюстроўваючы яго ключавыя тэмы жыцця і смерці, барацьбы і яе асуджанасці, спакусы і трансфармацыі.

У сцэнаграфіі выкарыстана модульная сістэма дэкарацый. Так, нараджаецца суцэльная гісторыя, і ўсё ж такі − у кожным балеце яна свая. Адзін характар − руху да колеру і святла – у “Балеро”. У “Танцы смерці” дамінуюць больш цёмныя – туманныя адценні. “Кармэн” – поўнакаляровая, жывая, больш побытавая гісторыя − у дэкарацыях і касцюмах.

Галоўныя партыі ў балетах рыхтуюць вядучыя салісты балета Вялікага тэатра Беларусі: Антон Краўчанка, Марына Вежнавец, Юрый Кавалёў, Людміла Хітрова, Андрэй Барыеў, Лізавета Мусорына, Аліна Рудэнка, Уладзімір Руда, Дзяніс Шпак, Дзіяна Багатава, Аляксандр Місіюк, Канстанцін Белахвосцік, Уладзіслаў Каляда, Аляксандра Чыжык, Іван Камышоў і інш.

Дададзім, што над пастаноўкай таксама працуюць: народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч (хормайстар-пастаноўшчык), Яўген Лісіцын (мастак па свеце), Вікторыя Злотнікава (мастак па камп'ютарнай графіцы і відэарадзе).
Прэм'ерны паказ пройдзе ў Вялікім тэатры Беларусі 11 красавіка. Наступныя паказы − 12 і 13 красавіка.