28 верасня Георгій Карант і Віктар Скорабагатаў зноў збіраюць на адной сцэне вядучых салістаў тэатра, каб успомніць лепшыя і любімыя партыі з рэпертуару народнага артыста Беларусі Валерыя Глушакова. Сёлета яму споўнілася б 90 гадоў.
– У Валерыя Ігнатавіча была выдатная вакальная школа: ён вучыўся ў знакамітага тэнара Яўгена Віцінга, які выступаў на адной сцэне з Фёдарам Шаляпіным! - гаворыць мастацкі кіраўнік канцэрта заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Карант. - Віцінг падарыў нашаму тэатру цэлую плеяду бліскучых спевакоў: Мікалай Ворвулеў, Тамара Шымко, Раіса Асіпенка, Паліна і Міхаіл Дружына і, вядома, Валерый Глушакоў. У гэтых артыстаў ніколі не было праблем з тэхнікай оперных спеваў! А галоўнае, што заўсёды падкупляла і захапляла, - гэта іх талент спяваць кожны раз так, нібы гэта быў іх апошні выступ. І не важна, выходзілі яны на вялікую сцэну ў складанай опернай партыі ці выконвалі раманс у зборным канцэрце.
Калі я прыйшоў у Вялікі тэатр Беларусі, Валерый Ігнатавіч ўжо быў загадчыкам трупы оперы, але сумяшчаў гэтую адміністрацыйную дзейнасць з выступамі на сцэне. Як ён дапамагаў нашым тады яшчэ маладым артыстам уводзіцца на новыя ролі! Нават калі не знаходзілася часу для рэпетыцый, ён усё роўна яго адшукваў. І я дакладна ведаю, як салісты былі яму за гэта бязмерна ўдзячныя.
Праграму мы склалі такім чынам, каб прагучалі тыя партыі, у якіх Валерый Глушакоў, лірычны тэнар, быў проста цудоўны. Складаную арыю Герцага з "Рыгалета" Джузэпэ Вердзі выканае народны артыст Беларусі Сяргей Франкоўскі, а любімую усімі песенку "Сэрца прыгажуні ..." - адразу тры маладых нашых тэнара - Аляксандр Гелах, Аляксандр Міхнюк і Віктар Мендзелеў. Таццяна Траццяк і Аляксей Микуцель паўстануць у вобразах Віялеты і Альфрэда з "Травіяты" Джузэпэ Вердзі. Дуэт Уладзіміра Ігаравіча і Канчакаўны з "Князя Ігара" Аляксандра Барадзіна выканаюць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Якушэвіч і Аляксей Микуцель. Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна і Аляксандр Міхнюк выбралі арыі з оперы Амількара Панк’елі "Джаконда". Аляксандр Гелах праспявае арыю Фаўста з оперы Шарля Гуно. Валерый Глушакоў вельмі любіў беларускую оперу, выконваў усе вядучыя партыі ў пастаноўках тэатра. Песню Бабыля Мікіты з “Яснага світання” Аляксея Туранкова праспявае Аляксандр Жукаў.
Вядома, без сюрпрызаў не абыйдзецца, але ўсе карты раскрываць не буду. Дадам, што вядучым і рэжысёрам канцэрта стане мой аднадумец заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Скорабагатаў, з якім мы разам і стварылі гэты цыкл вечароў "Легенды беларускай оперы".