Архiў навiн

Запрошаныя артысты Вялікага

Статус запрошанага саліста тэатра даецца адным з лепшых артыстам – безумоўна таленавітым і адораным. Беларускі Вялікі прапанаваў гэтую прывілею тром вакалістам – Надзеі Паўлавай, Аляксандру Рослаўцу і Міхаілу Малафію. І тыя з задавальненнем пагадзіліся.

«Сенсацыя ў свеце оперы», «Галоўнае адкрыццё і ўзрушэнне... Яркае, трапяткое, зіхатлівае сапрана з казачнай лёгкасцю бярэ верхнія ноты на піяна...», «Цудоўная музычнасць, эмацыйнасць і самааддача...», «Пяшчотны і моцны голас звышновай зоркі, якая ўспыхнула ў Пермі, напаўняе душу невыказным захапленнем…» – усе гэтыя словы аб цудоўнай Надзеі Паўлавай. Спявачка даўно любімая мінчанамі. У 2015 годзе найпрыгажэйшы голас (сапрана) і артыстычны талент прынеслі ёй Гран-пры II Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў і Прыз глядацкіх сімпатый. Затым спявачку запрасілі выступіць у гала-канцэрце III Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў, а ў сакавіку адбылося чарговае выступленне прымадоны з Пермі на беларускай сцэне: у спектаклі «Царская нявеста» яна праспявала партыю Марфы. «Для мяне гэта гонар – выступаць на беларускай сцэне, – кажа Надзея. – Наогул, я вельмі люблю Мінск. Кожны раз прыязджаю сюды – і ў мяне адчуванне, што ў вашым горадзе так шмат святла! І столькі ж шмат светлых – добрых, спагадлівых, адкрытых, гасцінных – людзей вакол! А як цёпла мяне сустракае Вялікі тэатр – гэта наогул асобая тэма. Такая душэўнасць заўсёды падкупляе, і хочацца вяртацца туды, дзе цябе так любяць і так прымаюць…”

Аляксандр Рославец, басісты брастчанін, які з бляскам паступіў у Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю, а пасля яе заканчэння быў салістам Вялікага тэатра Расіі, даўно знаёмы гледачам беларускага Вялікага. На Першым Мінскім міжнародным Калядным конкурсе вакалістаў ў 2014 годзе ён стаў лаўрэатам Спецыяльнай прэміі. Затым на нашай сцэне распальваў «Італьянскія жарсці» на канцэрце маладых выканаўцаў «La Canzone Italiana»; ператвараўся ў хітрага, выкрутлівага, нахабнага, але адначасова баязлівага Дона Базіліа ў камічнай оперы Расіні «Севільскі цырульнік»; ў оперы Чайкоўскага «Яўген Анегін» спяваў князя Грэміна, прымушаючы плакаць на сцэне галоўнага героя; і ўпершыню ў нас выканаў найскладаную партыю Банка ў драме Джузэпэ Вердзі «Макбет». Аляксандр – удзельнік шматлікіх міжнародных вакальных конкурсаў. Адна з апошніх яго перамог – II прэмія Міжнароднага конкурсу оперных артыстаў імя Галіны Вішнеўскай (2016 год).

Міхаіл Малафій таксама часты госць Вялікага тэатра Беларусі. На Другім мінскім міжнародным Калядным конкурсе вакалістаў саліст Львоўскай оперы атрымаў Першую прэмію і Прыз глядацкіх сімпатый. «У Мінску адчуваю сябе як дома. Не, нават не так: я – дома, – усміхаецца ўкраінскі тэнар. – Напэўна, і я палюбіўся беларускай публіцы, калі атрымаў у вас вышэйшую ўзнагароду – Прыз глядацкіх сімпатый... »І гэта лішні раз сцвярджаюць апладысменты, якія не аднойчы зрываў на сцэне Вялікага тэатра Міхаіл: ён ужо тройчы выконваў партыю Рычарда ў«Балі-маскарадзе» Вердзі, быў забіты ... у вобразе Ленскага ў «Яўгеніі Анегіне» Чайкоўскага, праспяваў найскладаную партыю Альфрэда Жэрмона ў пары з бліскучай Надзеяй Паўлавай у галоўнай ролі ў оперы "Травіята» Вердзі, удзельнічаў у Гала-канцэрце зорак сусветнай оперы ў рамках Каляднага конкурсу вакалістаў. А 8 красавіка беларускай публіцы трэба будзе адкрыць Міхаіла Малафія з новага боку: упершыню ён будзе спяваць партыю Герцага Мантуанскага ў шэдэўры Джузэпэ Вердзі «Рыгалета».

0
0
0
s2sdefault

Партнёры