Як абяцаюць стваральнікі праграмы «У гасцях у опернай казкі», гэты вечар пакладзе пачатак цэламу цыклу канцэртаў «Міф. Казка. Легенда. Опера», галоўная мэта якога – пазнаёміць публіку з казачнымі операмі сусветна вядомых кампазітараў. «Хацелася б, каб гледачы акунуліся ў прыгажосць і зачараванне гэтай музыкі, напоенай чараўніцтвам і цудам», – прызналася рэжысёр канцэрта Наталля-Разалія Родзіна.
10 лютага на малой сцэне прагучаць арыі і дуэты з опер кампазітараў: Генры Пёрсала, Антаніна Дворжака, Шарля Гуно, Жака Афенбаха, Вольфганга Амадэя Моцарта, Крыстафа Глюка, Джаакіна Расіні, Джакама Пучыні, Мікалая Рымскага-Корсакава, Пятра Чайкоўскага, Ігара Стравінскага і інш.
Нас чакае прыгожая, яркая, жывая праграма, якая прадставіць шэдэўры казачнай оперы – сапраўдныя яе жамчужыны. Гледачы пачуюць арыі Царыцы ночы з «Чароўнай флейты», Антоніі з «Казак Гофмана», Астролага і Шамаханской царыцы з «Залатога пеўніка», Арфея з оперы «Арфей і Эўрыдыка», Герды з «Гісторыі Кая і Герды», ронда Фарлафа з «Руслана і Людмілы», песню Садко з аднайменнай оперы, дуэты Ганны і Ляўко з «Майскай ночы», Кашчэеўны і Івана-каралевіча з «Кашчэя Бессмяротнага», Салохі і Чорта з оперы «Ноч перад Калядамі».
10 лютага на сцэну Камернай залы выйдуць: народны артыст Беларусі Сяргей Франкоўскі, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Тамара Глаголева, Алена Шведава, Алена Сало, Аксана Якушэвіч, Алена Бундзелева, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Кацярына Галаўлёва, Крыскенція Стасенка, Алена Сіняўская, Ілля Сільчукоў, Дзмітрый Капилаў , Аляксей Мікуцель, Ілля Пеўзнер, Андрэй Мацюшонак, Анастасія Кардаш (стажор).
Партыя фартэпіяна – лаўрэат міжнароднага конкурсу Таццяна Іванова.