16 сакавіка на сцэне Камернай залы ім. Л.П. Александроўскай будзе гучаць музыка барока і неабарока. Унікальная праграма будзе выканана таленавітымі беларускімі музыкамі, лаўрэатамі міжнародных конкурсаў, стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі цымбалістаў Надзеяй Каракулька і Дзмітрыем Калаціла. Партыя фартэпіяна – Маргарыта Трубкіна. У двух аддзяленнях прагучыць музыка Д. Скарлаці, Ж.Ф. Рамо і А. Казела.
***
Дзмітрый Калаціла (цымбалы) – студэнт Беларускай акадэміі музыкі (клас народнага артыста Рэспублікі Беларусь прафесара Я.П.Гладкова). Дзмітрый неаднаразова станавіўся лаўрэатам міжнародных і ўсерасійскіх фестываляў і конкурсаў. Сярод найбольш значных перамог: залатая медаль Х маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў-удзельніц СНД (г. Арол, 2015); дыплом лаўрэата 1 ступені Міжнароднага фестывалю-конкурсу выканаўцаў на шматструнных народных інструментах «Маладосць старажытных струн» (г. Санкт-Пецярбург, 2016); дыплом лаўрэата Міжнароднай музычнай прэміі «Belbrand Award» (2016). У 2015-м Дзмітрый становіцца ўладальнікам Гранд-прэміі Прэзідэнцкага фонду Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а ў 2016-2017-м ён - стыпендыят гэтага фонду. У 2018 годзе адбыўся выступ маладога выканаўцы ў Маскоўскай кансерваторыі ім. П.І. Чайкоўскага. Ён неаднаразова выступаў з сімфанічным аркестрам Капэлы Санкт-Пецярбурга (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – А.В. Чарнушэнка).
***
Надзея Каракулька (цымбалы) – выпускніца Беларускай акадэміі музыкі (клас народнага артыста Рэспублікі Беларусь прафесара Я.П.Гладкова). На працягу ўсіх гадоў навучання гуляла сольныя канцэрты ў акадэміі. У 2009-м выканала «Вяселлечка» і «Байку» І.Стравінскага з Расійскай дзяржаўнай сімфанічнай капэлай пад кіраўніцтвам В. Палянскага ў Маскоўскай дзяржаўнай акадэмічнай філармоніі. У гэтым жа годзе яна стала лаўрэатам (2-е месца) 4-га Міжнароднага конкурсу «Сучаснае мастацтва і адукацыя» (г. Масква, Расія); у 2010-м – лаўрэатам (2-е месца) V Міжнароднага конкурсу ім. Г.Хаткевіча (г. Харкаў, Украіна); у 2011-м ўзяла 1-е месца XVI Міжнароднага конкурсу ім. Г.Зінэці (г. Верона-Сангінэта, Італія). З 2009 года Надзея – удзельніца ансамбля «Крупіцкія музыкі». У 2012 годзе Каракулька паступае ў магістратуру БДАМ. З 2013 па 2016 гг. выкладае ў Гімназіі-каледжы пры БДАМ па класе цымбалаў. 2014-2016 гг. – удзельніца праекта «Amalgama». У жніўні 2015 года выступае ў Швейцарыі з аркестрам «Musica Antiquea Mediterranean». У лістападзе і снежні 2015 года разам з Маргарытай Трубкінай гуляе сольныя канцэрты ў Італіі і Іспаніі. У лістападзе 2016 дае сольны канцэрт з Ганнай Рубанец ў рамках фестывалю «Musik in den Häusern der Stadt» у г. Кёльн (Германія). У тым жа годзе ў рамках трыо з Уладай Беражнай і Дзмітрыем Саладуха атрымлівае стыпендыю ад «Werner Richard-Dr. Carl Dörken Stiftung». З 2016 года яна – студэнтка Кёльнскага універсітэта.
***
Маргарыта Трубкіна (фартэпіяна) – выпускніца Беларускай акадэміі музыкі. У 2012 годзе скончыла магістратуру БДАМ (клас дацэнта С.Г. Тургель), дзе і выкладае. Маргарыта прымае ўдзел у канцэртах і міжнародных фестывалях у якасці канцэртмайстра. Яна – дыпламант міжнародных конкурсаў.