74 гады прайшло з Дня Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 9 мая 1945 года. Для большасці з нас гэта свята дагэтуль застаецца самым галоўным. Забыцца пра гэты дзень у тым ліку нам не даюць выдатныя песні вайны. Менавіта яны дапамагалі нашым прадзедам і дзядам не здавацца, не губляць надзеі, выжываць, змагацца - і перамагаць!
«Свяшчэнная вайна», «Балада пра салдата», «Сіняя хустачка», «Эх, дарогі...», «На безыменнай вышыні», «Нам патрэбна адна Перамога», «Смуглянка», «Майскі вальс», «Дзень Перамогі»... гэтыя песні, здаецца, знаёмыя кожнаму. Менавіта яны і прагучаць 8 мая са сцэны Вялікага тэатра Беларусі. Некаторыя з песень, няма сумневаў, выклічуць слёзы - настолькі яны пранізлівыя, над некаторымі можна будзе і пасмяяцца. Галоўнае - каб у зале былі гледачы самых розных пакаленняў, каб на гэты канцэрт прыйшлі бацькі з дзецьмі, бабулі і дзядулі з унукамі і праўнукамі. Менавіта такая пераемнасць пакаленняў ніколі не дазволіць забыць пра тыя страшныя гады.
Канцэрты да Дня Перамогі сталі ўжо традыцыяй для беларускага Вялікага. Нягледзячы на тое што тэатр рыхтуе нямала іншых праектаў, не менш яркіх і цікавых, менавіта гэты становіцца асаблівым па настроі. Заўсёды ў гэты дзень пануе светлая, хвалюючая і шчырая атмасфера. Прыкметна, што і выканаўцы, і гледачы адчуваюць менавіта да гэтага канцэрту асаблівае - глыбокае - пачуццё. Напэўна, таму публіка імкнецца «дапамагчы» артыстам - падпявае ім, адгукаючыся на гэтыя словы, мелодыі... А яны сапраўды выдатныя.
8 мая самае сапраўднае свята вам падораць салісты беларускага Вялікага: народныя артысты Беларусі Ніна Шарубіна, Анастасія Масквіна, Уладзімір Пятроў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Аксана Якушэвіч, Алена Сало, Станіслаў Трыфанаў, Андрэй Валенцій, Уладзімір Громаў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Ірына Кучынская, Таццяна Гаўрылава, Ілля Сільчукоў, Аляксандр Міхнюк і многія іншыя, артысты хору і аркестра. За дырыжорскім пультам - Алег Лясун. Рэжысёр - Дар'я Пататурка.