Архiў навiн

Да свяшчэнных берагоў Ніла...

 

 

Гэты твор Дж. Вердзі валодае неверагоднай сілай - не закахацца ў яго немагчыма. 17 мая гісторыю кахання, вернасці, рэўнасці, злосці і здрады вам раскажуць вядучыя салісты Вялікага: Таццяна Траццяк, Аксана Волкава, Станіслаў Трыфанаў, Алег Мельнікаў. Партыю Радамеса выканае тэнар Адэскай оперы Эдуард Мартынюк.


«Аіда» сапраўды стала любімым спектаклем публікі з першага дня з'яўлення оперы на сцэне ў 1871-м - спачатку ў Каіры, а потым - у Мілане. Па сцвярджэнні егіптолага Агюста Фердынанда Марыетэ, «опера часоў фараонаў» заснаваная на рэальных падзеях. Менавіта ён і раскапаў гэтую гісторыю ў старажытных папірусах, а затым за яе ўхапіліся лібрэтыст Антоніа Гісланцоні і Каміл дзю Локль. Падзеі выносяць нас у сталіцу Старажытнага Егіпта - Мэмфіс, дзе не сціхае супрацьстаянне егіпцян і эфіопаў. Вайна становіцца непераадольнай перашкодай на шляху закаханых - эфіёпскай прынцэсы Аіды, рабыні пры палацы фараона, і палкаводца Радамеса...


Опера "Аіда" - сапраўдны шэдэўр, які на сёння ўваходзіць у рэпертуар практычна кожнай опернай трупы свету. На сцэне беларускага Вялікага опера Джузэпэ Вердзі вытрымала дзве пастаноўкі. Першы спектакль легендарнай Ларысы Пампееўны Александроўскай ішоў у тэатры больш за паўстагоддзя - з 1953 да пачатку 2000-х. 30 мая 2011 года гледачы ўбачылі прэм'еру оперы "Аіда" у пастаноўцы дырыжора Вячаслава Чарнуха-Воліча, рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ, мастака Аляксандра Касцючэнка і хормайстра Ніны Ламановіч. Самі музыкі называюць «Аіду» эталонным творам італьянскага кампазітара, у якім Вердзі перасягнуў самога сябе.


Мабыць, ні адну з партый у шэдэўры Дж. Вердзі «Аіда» нельга назваць простай. У тым ліку - Радамеса. 17 мая ў гэтай ролі выйдзе саліст Адэскага нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Эдуард Мартынюк. Лаўрэат міжнародных конкурсаў ужо даўно заваяваў вядучыя оперныя пляцоўкі Еўропы, яму апладзіравала публіка ў Цюрыху, Будапешце, Празе, Зальцбургу, Брно, Эрфурце. «Прыгожы тэнар з аксамітным роўным голасам», «Выразная дыкцыя, роўнае гукавядзенне, паўнавартасна адзвучаныя ніжнія ноты і прабіўныя верхнія», «Сцэнічны вобраз - вышэй усякіх пахвалаў: лёгкасць у мізансцэнах, нязмушанае ўзаемадзеянне з партнёрамі» - так пішуць пра артыста крытыкі. І ім з задавальненнем і непрытоеным захапленнем паўтараюць гледачы.


Зусім нядаўна Эдуард вярнуўся з эстонскага Тарту, дзе з 2015 года ў тэатры «Ванемуйне» спявае ў незвычайнай пастаноўцы оперы "Аіда". Рэжысёр Мадзіс Нурмс і дырыжор Эркі Пехк паспрабавалі перанесці знакаміты сюжэт у сучаснасць і яшчэ раз сказаць: вайна і таталітарная ўлада - шлях да згубы.


- Для тэнара няма больш выдатнай партыі, чым Радамес, і няма больш складанай партыі, чым Радамес, - кажа Эдуард Мартынюк. - Оперная дзіва Алена Абразцова неяк вельмі правільна сказала пра тое, што Вердзі ўжо ў самым пачатку «Аіды» паставіў падножку ўсім тэнарам, напісаўшы найскладаны раманс Радамеса Celeste Aida! («Мілая Аіда!»). Гэта першая арыя героя, і тут ёсць усё. Самае галоўнае - правільна размеркаваць голас і эмоцыі так, каб гледачу было і далей цікава цябе слухаць і на цябе глядзець. Нядзіўна, што прафесіяналы менавіта па гэтай арыі судзяць аб тэнары... Партыю Радамеса можна спяваць усё жыццё і кожны раз знаходзіць у ёй нешта новае. Напэўна, гэтым класіка і адрозніваецца ад любой іншай музыкі. А опера Дж. Вердзі «Аіда» - гэта цуд, цуд сапраўднага кахання, над якім не падуладны час...


17 мая галоўныя партыі ў вердзіеўскам шэдэўры выканаюць: ўладальніца медаля Францыска Скарыны Таццяна Траццяк (Аіда), заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава (Амнерыс), Алег Мельнікаў (Рамфіс) і Станіслаў Трыфанаў (Аманасра), лаўрэат міжнароднага конкурсу Дзмітрый Капилаў (Цар Егіпта). За дырыжорскім пультам - маэстра Вячаслаў Чарнуха-Воліч.

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры