У пачатку кастрычніка ў беларускім Вялікім стартавала кампанія #ARTforHealth – #МастацтвадляЗдороўя, арганізаваная тэатрам, Фондам Рудольфа Нурэева і Аб'яднанай Праграмай ААН па ВІЧ/СНІДу (ЮНЭЙДС) у Беларусі. Завершыцца гэтая высакародная місія таксама ў Вялікім: 1 снежня, у Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, гледачы ўбачаць на сцэне тэатра харэаграфічную прытчу аб Любові – балет «Ор і Ора. Людзі і Птушкі».
Беларускі Вялікі, як і заўсёды, ідзе ў нагу з часам, лішні раз пацвярджаючы той факт, што мы – перадавы тэатр, які не адварочваецца ад сапраўды значных сацыяльных праектаў. Здавалася б, даўно прайшлі тыя часы, калі СНІД называлі «чумой ХХ стагоддзя». Але і цяпер над гэтым захворваннем працягваюць лунаць стэрэатыпы, а людзі, якія жывуць з ВІЧ, штодня павінны пераадольваць цяжкасці неразумення або, што хутчэй за ўсё, нежадання зразумець і прыняць. А гэта ж так важна: ведаць і казаць. Каб дапамагчы, падтрымаць і растлумачыць: выхад, гэта значыць лячэнне, ёсць! У ХХ стагоддзі ад СНІДу памерла нямала таленавітых людзей: танцоўшчык Нурэеў, спявак Мэрк'юры, акцёр Перкінс. Пісьменнік-фантаст Айзэк Азімаў заразіўся ВІЧ ў 1983 годзе ў клініцы – пасля аперацыі яму пералівалі кроў. Зараз жа, ведаючы пра захворванне і ужываючы эфектыўную тэрапію, можна жыць доўгім і паўнавартасным жыццём. Называецца гэтая высокаактаўная тэрапія – антырэтравіруснай, скарочана – АРТ. І ў беларускай мове даўно прыжылося гэтае слова: АРТ – «мастацтва». Таму хэштэг кампаніі #ARTforHealth можа чытацца па-рознаму, але ў любым выпадку – дакладна.
– Мы часам не задумваемся над тым, што СНІД забраў жыцці 37 мільёнаў чалавек! А на сённяшні дзень каля 36 мільёнаў – гэта людзі, якія жывуць з ВІЧ, – звярнуў увагу на гэтыя лічбы рэгіянальны дырэктар Аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІДу (ЮНЭЙДС) для краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Віней Салдана падчас падпісання Мемарандума аб узаемаразуменні паміж Вялікім тэатрам Беларусі, Фондам Рудольфа Нурэева і ЮНЭЙДС у Беларусі. – Практычна кожны з тых, у каго было дыягнаставана ВІЧ-захворванне, штодня пакутуюць ад несправядлівай дыскрымінацыі. Я бязмерна рады, што мы становімся сведкамі і непасрэднымі ўдзельнікамі ўзнікнення новай эпохі. Мы самі тут і цяпер пішам гісторыю. Разам мы будзем працаваць над тым, каб кожны артыст, які выходзіць на сцэну, і кожны глядач у зале не толькі разумелі, што такое СНІД і ВІЧ, але прыходзілі ў гэты выдатны тэатр, цалкам перакананыя: гэта тая прастора, у якой няма ніякай дыскрымінацыі, у тым ліку – звязанай з гэтымі захворваннямі.
Падпісанне Мемарандума дало старт кампаніі #ARTforHealth – #МастацтвадляЗдороўя. Гэты праект уключае ў сябе цэлы шэраг мерапрыемстваў. У Вялікім ужо прайшоў інтэрактыўны семінар па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі для артыстаў і работнікаў тэатра. З задавальненнем на семінар прыязджала і Пасол добрай волі ЮНЭЙДС у Беларусі вядомая актрыса і тэлевядучая Святлана Бароўская. Народная артыстка прыма-балерына Вялікага тэатра Вольга Гайко правядзе адкрыты майстар-клас для аматараў балета, у тым ліку – для ВІЧ-станоўчых людзей. У сярэдзіне лістапада літаральна на некалькі дзён у Мінск прыляціць Алег Івенка, прэм'ер Казанскага балета. Менавіта ён, яшчэ нядаўна – выпускнік Мінскага харэаграфічнага каледжа, сыграў галоўную ролю ў фільме "Нурэеў. Белы крумкач". Дарэчы, у адным са сталічных кінатэатраў Алег і будзе прэзентаваць біяграфічную стужку рэжысёра Рэйфа Файнса. Паспее Івенка правесці і майстар-клас для салістаў балета Вялікага тэатра Беларусі. Запланаваны таксама дабрачынны медыямарафон ў сацыяльных сетках.
Завершыцца кампанія 1 снежня, у Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. У 17:00 Фонд Рудольфа Нурэева прадставіць у тэатры экспазіцыю ўнікальных фотаздымкаў легендарнага танцоўшчыка са збору французскага музея. «Рудольф Нурэеў заснаваў свой фонд у 1970-я, мы ж, пасля смерці вялікага артыста ў 1993-м, працягнулі яго справу. Мы так жа падтрымліваем маладых таленавітых танцораў, захоўваем памяць пра самога Нурэева. І вядома, не можам прайсці міма падобных ініцыятываў", – сказаў прэзідэнт Фонду Клод Блюм па прыездзе ў Мінск. А пасля адкрыцця выставы 1 снежня, ужо ў 6 гадзін вечара, цудоўныя беларускія артысты мовай танца раскажуць прытчу пра Каханне: на сцэне Вялікага тэатра будзе паказаны балет «Ор і Ора. Людзі і Птушкі» ў пастаноўцы Аляксандры Ціхаміравай на музыку Міхаіла Крылова. «Для мяне асабіста і, упэўненая, трупы ў цэлым гонар прыняць удзел у гэтым праекце», – прызналася балетмайстар. На прэс-канферэнцыі, прысвечанай да падпісання Мемарандума, Аляксандра ўспомніла, як Нурэеў, ужо ведаючы пра сваю невылечную хваробу і разумеючы, што дні яго палічаныя, па сканчэнні дзесяцігоддзяў вярнуўся ў Санкт-Пецярбург і на сцэне Кіраўскага (цяпер – Марыінскага) тэатра станцаваў партыю Джэймса у балеце «Сільфіда». «Гэта быў сапраўдны подзвіг, – з захапленнем гаворыць Ціхамірава. – Перамога духу над целам... Мастацтва заўсёды вышэй за палітыку, якіх-небудзь межаў і адрозненняў, яно заклікана аб'ядноўваць людзей і прыцягваць увагу да самых розных праблем...» Антон Краўчанка, прэм'ер Вялікага тэатра Беларусі, заслужаны артыст нашай рэспублікі, выканаўца ролі Мужчыны ў балеце «Ор і Ора», працягнуў: «У нашым спектаклі мы гаворым пра Каханне, галоўную стваральную сіле ў гэтым свеце... І мне здаецца, невыпадкова менавіта гэты балет быў абраны. Гэта гісторыя Мужчыны і Жанчыны. Мы заўсёды шукаем у жыцці нешта лепшае, забываючы часам, што лёсы пішуцца на нябёсах. Толькі па сканчэнні часу мы ўсведамляем, што самае каштоўнае заўсёды было побач з намі, толькі вось мы гэтага не заўважалі... І разуменне гэтага часам прыходзіць занадта позна...»
Спектакль 1 снежня будзе дабрачынным, а стаць удзельнікам кампаніі #МастацтвадляЗдороўя зможа кожны глядач, які купіў білет на балет «Ор і Ора» праз сістэму www.kvitki.by. Частка выручаных сродкаў будзе перададзена Міністэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь для суправаджэння людзей, якія жывуць з ВІЧ.
Рудольф Нурэеў памёр ад СНІДу літаральна за некалькі гадоў да таго, як з'явілася лячэнне. Тое, што адбылося з легендарным танцоўшчыкам, не павінна паўтарыцца ў нашы дні. Паводле слоў першага намесніка міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Піневіча, «Да 2030 года 90% людзей, якія жывуць з ВІЧ-інфекцыяй, павінны ведаць аб сваім статусе, 90% з іх павінны атрымліваць адэкватнае лячэнне, а ў 90% – лячэнне павінна быць эфектыўным. Але пакуль у нас будзе хаця б адзін чалавек, які не ведае пра свой статус, не атрымлівае антырэтравірусную тэрапію або атрымлівае яе неэфектыўна, мы павінны сабе сказаць, што працуем не ў поўнай меры і нам неабходныя дадатковыя механізмы». Адным з такіх механізмаў і стала кампанія #МастацтвадляЗдороўя. Далучайцеся да нашага высакароднага праекта і вы, дарагія гледачы. Забудзьцеся фразу "Мяне гэта не датычыцца". Паверце: гэта датычыцца кожнага...