Архiў навiн

Свята оперы

 

 

ГЕНЕРАЛЬНЫ ПАРТНЁР ПРАЕКТУ

ГАЛОЎНЫ ПАРТНЁР ПРАЕКТУ

 

ПАРТНЁР ПРАЕКТУ

 

 

 

Оперны форум - гэта сапраўды свята. На сцэне - адны з самых яркіх і відовішчных пастановак як беларускага Вялікага, так і іншых тэатраў; у галоўных партыях - адны з лепшых оперных выканаўцаў. Паверце, сёлета не стане выключэннем. Сябры, мы запрашаем кожнага з вас акунуцца ў свет прыгожай музыкі, драматычных сюжэтаў, моцных галасоў.

12-ы Мінскі міжнародны Калядны оперны форум стане асаблівым ужо таму, што ў госці мы чакаем адразу два тэатры.

Адкрые наша свята 13 снежня опера П.Чайкоўскага "Яўген Анегін" у пастаноўцы Маскоўскага музычнага тэатра "Гелікон-опера"
«Яўген Анегін» - бэстсэлер сусветнай опернай сцэны, на музыцы якога выхавана не адно пакаленне. Гэта калейдаскоп чалавечых эмоцый, схопленых у геніяльнае музычнае палатно. Гэта чарада далікатных пачуццяў, перапляценне лёсаў, горыч паразы і радасць кахання ... Словам, усё тое, што перажывае кожны, з часоў зараджэння чалавецтва. Легендарны спектакль К.С. Станіслаўскага, пастаўлены ў 1922 годзе яго студыйцамі ў Лявонцьеўскім завулку, атрымаў другое дыханне на новай сцэне «Гелікон-оперы»… Знакамітыя белыя калоны і ампірны фасад ларынскай сядзібы, адноўленыя па фатаграфіях і архіўных матэрыялах, злучаюцца ў пастаноўцы Бертмана з яго ўласным бачаннем драматургіі оперы Чайкоўскага і інтэрпрэтацыяй спектакля Станіслаўскага, - піша музычны крытык і аглядальнік "Расійскай газеты" Ірына Мураўёва. – Сюрпрызаў у такім рэмейку дастаткова: дзеянне геліконаўскага «Анегіна» ахоплівае і класічнае XIX стагоддзе, і 1920-я гады, калі Станіслаўскі ставіў свой спектакль. Спектакль захоплівае плынню маладой энергіі: на сцэну тут выходзіць цэлае новае пакаленне геліконаўцаў».


За дырыжорскім пультам - Валерый Кір'янаў, галоўны дырыжор тэатра "Гелікон-опера".

 

 

***


«Гэтая музыка была прадыктаваная мне Богам. Я толькі запісаў яе на паперы і данёс да гледача...» 14 снежня на сцэне беларускага Вялікага - казачная гісторыя пра жорсткую прыгажуню - прынцэсу Турандот Джакама Пучыні, опера неверагоднай сілы і прыгажосці.
У казачна-легендарныя часы жыла ў Кітаі прынцэса Турандот. Але наколькі яна была прыгожая, настолькі ж і бязлітасная: яна вырашыла, што належаць будзе толькі таму, хто разгадае тры яе загадкі. Але калі правільнага адказу яна не пачуе - адсечаная галава закаханага дабавіцца да тых, што ўжо ўпрыгожваюць сцены палаца. Аднойчы з'яўляецца яшчэ адзін храбрац, які рызыкнуў паставіць на кон сваё жыццё і разгадаць таямніцу скамянелага сэрца Турандот…
Гэтую складаную партыю - Калафа выканае саліст "Гелікон-оперы" (Масква) Іван Гынгазаў. Саліст з беларускімі каранямі дэбютаваў на нашай сцэне роўна год таму - у пастаноўцы А.Волкавай "Самсон і Даліла" ён паўстаў у галоўнай ролі.
За дырыжорскім пультам - даўні сябар нашага тэатра - заслужаны артыст Азербайджана, галоўны дырыжор і музычны кіраўнік Азербайджанскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета (Баку), запрошаны дырыжор Марыінскага тэатра (Санкт-Пецярбург) Эйюб Куліеў.

У загалоўнай партыі - лаўрэат міжнародных конкурсаў Анастасія Малевіч, у ролі Ліу - народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна, Цімура - народны артыст Беларусі Васіль Кавальчук.

 

 

 

 

***

 

15 снежня ў канцэрце «Вялікі тэатр: Масква - Мінск. Маладыя галасы» прымуць удзел маладыя салісты оперы нашага тэатра, а таксама артысты Маладзёжнай опернай праграмы Вялікага тэатра Ліліт Даўцян, Максім Лісіін, Жасур Хайдараў.

Беларускі Вялікі прадставяць: Марта Данусевіч, Анастасія Міхнавец, Дар'я Гаражанка, Дзмітрый Шабеця, Андрэй Мацюшонак, Андрэй Селюцін, Аляксандр Міхнюк, Тарас Прысяжнюк, Уладзіслаў Зазулька.

Рэжысёрам канцэрта выступіць заслужаная артыстка нашай рэспублікі Аксана Волкава.


Дырыжор - заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Калядка.

 

 

 

 

 

***

 

Якое свята без… "Напоя"?! Тым больш - "Любоўнага…". Прэм'ера мінулага сезона - лёгкая, яркая, вясёлая пастаноўка Ганны Маторнай оперы Г. Даніцэці - 16 снежня. За дырыжорскім пультам - Алег Лясун.

На сцэну выйдуць Алена Золава (Адзіна), Аляксандр Міхнюк (Немарына), Клаўдзія Пацёмкіна (Джанета), Дзяніс Янцэвіч (Белькорэ).

У партыі Дулькамары мы пачуем саліста Марыінскага тэатра (Санкт-Пецярбург) Магеррама Гусейнава. Спявак ужо пакарыў беларускую публіку летась - ён браў удзел у Калядным оперным форуме - у сольным канцэрце зоркі сусветнай оперы Кацярыны Семянчук, а таксама ў фінальным Гала-канцэрце.

 

***


Іскрамётны гумар, запал і вынаходлівасць маладых артыстаў, віртуознасць вакальных і інструментальных партый - гэта тое, што чакае нас 17 снежня. Тэатр "Астана Опера" (Казахстан) вязе ў Мінск оперу "Шаўковая лесвіца" Дж. Расіні. Дзеянне оперы перанясе слухачоў у XVIII стагоддзе. Джулія таемна выйдзе замуж за свайго каханага Дорвіля, які патрапіць да сваёй жонкі па шаўковай лесвіцы, скінутай ёю з акна. Апякун Джуліі, стары Дормант, не ведаючы аб замужжы, паспрабуе выдаць яе за Бланзака, папулярнага ў жанчын сябра Дорвіля. Што з гэтага атрымаецца, убачым…
За дырыжорскім пультам - заслужаны дзеяч Рэспублікі Казахстан Абзал Мухітдзінаў.

 

***

 

Па традыцыі завершыць свята музыкі зорны Гала-канцэрт. 18 снежня ў закрыцці Форума-2022 прымуць удзел спевакі, многіх з якіх ведае і любіць беларускі глядач: Магеррам Гусейнаў (Азербайджан), Тыгран Аганян (Арменія),  Салтанат Ахметава (Казахстан), Іван Гынгазаў, Паліна Шамаева (Расія), Раміз Усманаў (Узбекістан).

Безумоўна, пачуем вядучых салістаў Беларускай оперы: Анастасію Масквіну, Уладзіміра Громава, Аксану Волкаву, Анастасію Малевіч, Марыю Галкіну, Тараса Прысяжнюка.

За дырыжорскім пультам - заслужаны артыст Расіі Антон Грышанін (Вялікі тэатр, Масква). Рэжысёр дзейства - Аксана Волкава.

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры