У верасні нас чакае некалькі цікавых дэбютаў у оперных спектаклях: каханых артыстаў мы ўбачым у цікавых выявах. Новыя імёны ў складзе ўжо знаёмых пастановак азначаюць, што спэктакль жыве. І пагадзіцеся, новы артыст заўсёды прыўносіць нейкае іншае прачытанне свайго героя.
Так, у "Севільскім цырульніку" Дж.Расіні - 9 верасня і "Дзікім паляванні караля Стаха" В.Солтана - 28 верасня ў партыях Разіны і Надзеі Яноўскай адпаведна ўпершыню пачуем маладую спявачку, лаўрэата міжнародных конкурсаў Анастасію Міхнавец. Таксама 9 верасня ў ролі Графа Альмавівы дэбютуе лаўрэат міжнародных конкурсаў Андрэй Мацюшонак.
Таксама ў "...Паляванні..." 28 верасня ў партыі Рыгора выйдзе народны артыст Беларусі Васіль Кавальчук.
26 верасня ўсё ж такі спадзяемся ўбачыць у ролі Радамеса ўладальніка медаля Францыска Скарыны Дзмітрыя Шабецю.
У гэтай жа оперы Дж. Вердзі "Аіда" ў невялікай партыі Ганца дэбютуе Іван Бярэзін. Лаўрэат міжнародных конкурсаў стаў часткай нашай опернай трупы ў мінулым годзе.
А 30 верасня таксама лаўрэат міжнародных конкурсаў - меца-сапрана Дар'я Гаражанка выйдзе да гледача ў вобразе Любашы ў "Царскай нявесце" М.Рымскага-Корсакава. У партыях Бамелія і Дуняшы, таксама ўпершыню, – Юры Балоцька і Кацярына Міхнавец.