Архiў навiн

Бенефіс Васіля Кавальчука

 

 

1 студзеня Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага артыста Беларусі Васіля Кавальчука з 80-годдзем.

«Сваё жыццё Вы прысвяцілі служэнню беларускаму мастацтву і Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру Беларусі. Ваша творчасць адрозніваецца высокай музычнай культурай выканання, глыбінёй і разнастайнасцю створаных мастацкіх вобразаў. Шматгадовая натхнёная прафесійная дзейнасць, яркі талент і працавітасць па праве заслужылі прызнанне калег і шчырае каханне публікі», - гаворыцца ў віншаванні.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць у тым, што народны артыст і ў далейшым будзе захапляць унікальнасцю голасу, насычанай і паспяховай творчасцю. Аляксандр Лукашэнка пажадаў Васілю Кавальчуку даўгалецця, моцнага здароўя і дабрабыту.

Ураджэнец Украіны, уладальнік вялікага, моцнага голасу прыгожага насычанага тэмбру, Васіль Кавальчук адразу пасля заканчэння Львоўскай дзяржаўнай кансерваторыі быў запрошаны ў Львоўскую оперу, на сцэне якой выканаў такія партыі як Філіп у «Дон Карласе», Рэнэ ў «Іаланце» і Грэмін у «Яўгеніі Анегіне», Феранда ў «Трубадуры», Малюта ў «Царскай нявесце», Дасіфей у «Хаваншчыне».

«...Сам я ніколі не думаў, што стану артыстам. Час быў няпросты, галодны, ні пра якія спевы не магло быць і гаворкі. Дапамагаючы маці, працаваў у шахце, скончыў курсы тэлемайстроў і аператараў газавага ацяплення, быў трактарыстам і камбайнерам. З дзяцінства захапляўся тэхнікай, хацеў стаць радыёінжынерам. А потым пачуў Шаляпіна і зразумеў: павінен паступаць у кансерваторыю...», - узгадвае Васіль Кавальчук.

У Вялікім тэатры Беларусі Васіль Кавальчук выступае з 1989 года (35 год у тэатры), у ягоным рэпертуары каля 30 оперных партый рускіх, заходнееўрапейскіх і нацыянальных кампазітараў. Сярод іх Базіліо ў «Севільскім цырульніку», Рамфіс у «Аідзе», Цімур у «Турандот», Мантэроне ў «Рыгалета», Даланд у «Лятучым галандцы».

«Я ўдзячны лёсу за тое, што прывёў мяне спачатку ў кансерваторыю, затым у ваенны ансамбль, пазней - сюды, на сцэну Вялікага тэатра оперы і балета. І мне ўсё яшчэ хочацца спяваць, даваць гледачу новыя цікавыя спектаклі. Было б на ўсё здароўе, а голас, абяцаю, не падвядзе…» – гаворыць Васіль Васільевіч.

30 студзеня опера В.Солтана "Дзікае паляванне караля Стаха" стане бенефісным спектаклем для народнага артыста Беларусі Васіля Кавальчука. У гэты вечар Васіль Васільевіч выйдзе да гледачоў у партыі Рыгора. Таксама 30 студзеня галоўныя партыі выканаюць: Марта Данусевіч, Сяргей Франкоўскі, Дзяніс Янцэвіч, Тарас Прысяжнюк, Андрэй Селюцін, Віктар Мендзелеў, Андрэй Мацюшонак, Уладзіслаў Зазулька. Дырыжуе Ю.Караваеў.

0
0
0
s2sdefault

Партнёры