Архiў навiн

«Каханне паэта»

 

 

 

Два вялікія нямецкія рамантыкі - паэт Генрых Гейне і кампазітар Роберт Шуман сышліся ў знакамітым вакальным цыкле. "Каханне паэта" прадставіць 20 сакавіка на сцэне Камернай залы ім. Л. П. Аляксандраўскай уладальнік аднаго з самых прыгожых галасоў Беларускай оперы - Юрый Гарадзецкі (тэнар).


Вакальны цыкл "Каханне паэта" – вяршыня творчасці Роберта Шумана.


Ён нарадзіўся ў «год песень» – 1840-ы, адзін з найболей шчаслівых у жыцці кампазітара: у гэты год ён нарэшце злучыўся з Кларай Вік, адзіным вялікім каханнем Шумана, якая натхняла яго на творчасць. Дачка вядомага лейпцыгскага фартэпіяннага педагога, праслаўленая піяністка, якая дала свой першы сольны канцэрт у 11 гадоў, яна вытрымала ўпартае супрацьдзеянне бацькі, якое завяршылася 13-месячнай судовай цяжбай. Да 1840 вакальныя жанры мала цікавілі кампазітара. А толькі ў адзін гэты год ён напісаў 131 песню для голасу з фартэпіяна, 10 - для некалькіх галасоў і 6 - для мужчынскага хору а капэла (ці ледзь не палову ўсяго, створанага ім для спеваў!). У «год песень» кампазітар знайшоў і сваіх паэтаў, сярод якіх галоўнае месца заняў такі блізкі яму па духу Генрых Гейнэ. Шуман заўсёды вельмі ўважліва ставіўся да слова, а Гейнэ быў самым выбітным з нямецкіх паэтаў-рамантыкаў.


Шуманаўскі цыкл уяўляе своеасаблівую музычна-псіхалагічную аповесць, якая раскрывае душэўны свет паэта, кола яго думак і перажыванняў. Вакальная лінія ў Шумана заўсёды меладычная, і ў цэлым гэтая выразнасць караніцца не столькі ў песеннасці і напеўнасці, колькі ў багатай на тэмбры і інтанацыі жывой чалавечай гаворкі. Шуман, па ўласным выразе, імкнуўся "пранікнуць у душу свайго верша", для яго было істотна перадаць не толькі агульны настрой, але выявіць значэнне кожнага слова.


У рамансах Шумана роля фартэпіяна ўзрастае да значэння, роўнага голасу, а ў некаторых выпадках менавіта сродкамі інструментальнага гучання кампазітар перадае тое, што слова выказаць не можа.


(Па матэрыяле www.belcanto.ru)


Дадамо, што ў праграме таксама прагучаць «Пяць песень на вершы Фрыдрыха Рюккерта» Густава Малера і вакальныя творы Іаганеса Брамса.


За раялем - лаўрэат міжнародных конкурсаў Паліна Задрэйка.

0
0
0
s2sdefault

Партнёры