Навiны

#Чытаемразам

 

«Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі…»

Францішак Багушэвіч

 

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Напярэдадні гэтай падзеі – 18 лютага – мы запрашаем прыйсці нашых любімых гледачоў у Вялікі тэатр Беларусі: а 18:15 пачнецца імпрэза, у якой прымуць удзел вядомыя беларускія паэты, зоркі сталічных тэатраў, кіно, тэлебачання. Народныя артысткі Беларусі – бліскучая артыстка нашага тэатра Настасся Масквіна, зорка беларускага тэлебачання актрыса Святлана Бароўская, паэт Андрэй Хадановіч, спявачка Вялікага тэатра Ірына Кучынская, культурны аглядальнік – карэспандэнт тэлеканала АНТ Аляксандр Мацяс, актрыса, лідэр гурта NAKA Анастасія Шпакоўская, тэлевядучая, аўтар праграм, прысвечаных  тэатру, Наталля Бібікава – вядомыя людзі краіны абавязкова прыйдуць на наш вечар, каб падарыць вам, дарагія гледачы, часцінку сваёй любові да нашай зямлі, да нашай роднай мовы. Усе яны прачытаюць радкі з твораў сваіх любімых беларускіх аўтараў. Безумоўна, калі разам на пляцоўцы сустракаюцца таленавітыя людзі, без сюрпрызаў не абыйдзецца.

 

Гэта імпрэза стане сапраўдным падарункам для тых, хто набыў квіткі на оперу Дз. Смольскага «Сівая легенда», лібрэта да якой напісаў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. У пастаноўцы М. Панджавідзэ 18 лютага галоўныя партыі выканаюць зоркі беларускай оперы: народная артыстка Настасся Масквіна (Ірына), заслужаныя артысты рэспублікі Аксана Якушэвіч (Любка), Уладзімір Громаў (Кізгайла), Алег Мельнікаў (Найміт), лаўрэат міжнароднага конкурсу Аляксей Мікуцель (Раман). За дырыжорскім пультам – Алег Лясун.

 

Але і вы, паважаныя гледачы, зможаце на некаторы час прымерыць на сябе новую ролю: выйсці на сцэну малой залы, адчуць святло сафітаў – і прачытаць свае любімыя творы беларускіх паэтаў. У вас, дарэчы, ёсць шанец падрыхтавацца загадзя: павыкладваць у любую соцсетку відэазапіс таго, як вы чытаеце творы беларускіх аўтараў, з абавязковымі хэштэгамі: #чытаемразам #мойтэатрмаясцэна #матчынамова #маямова. Мы абавязкова будзем сачыць за вашай актыўнасцю, і гледачы, якія праявяць сябе найбольш крэатыўна, атрымаюць падарунак – запрашальны квіток на вечар, прысвечаны Дню матчынай мовы.

 

Чакаем вас у тэатры 18 лютага а 18:15 у Камернай зале. Цэнтральныя дзверы будуць адчынены з 17:45.

 

0

0

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры