8 ліпеня нас чакае своеасаблівая "дуэль" двух такіх розных, здавалася б, жанраў - оперы і джаза. Гэты праект стаў магчымы дзякуючы творчаму саюзу бліскучай салісткі оперы народнай артысткі Беларусі Настассі Масквіной і джазавага трыа "Трансформер": Алена Вашкевіч (раяль), Назар Рэджэпаў (барабаны), Андрэй Баранаў (кантрабас).
Опера не можа быць сумнай. І канцэрт 8 ліпеня гэта дакажа. Праграма "Opera&jazz" – своеасаблівы сінтэз твораў сусветнай опернай класікі і джазавых імправізацый. З аднаго боку, гледачы падпадуць пад гіпноз прыгожага голасу опернай дзівы, з другога - пачуюць віртуозныя інструментальныя кампазіцыі. Такім чынам, у канцэрце пераплятуцца паміж сабой такія розныя жанры - опера, якая, як правіла, не выходзіць за рамкі акадэмічнай залы, і джаз, свабодны жанр, які не ведае межаў. Публіка зусім па-новаму пачуе Пучыні, Чайкоўскага, Гершвіна, Дунаеўскага, Леграна…
Рэжысёр - Наталля Кузьмянкова.