Навiны

Студэнтам – зніжка!

 

 

У рамках акцыі “Жывая гісторыя”, якая праводзіцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, студэнты вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, а таксама гімназій-каледжаў мастацтваў могуць набыць білеты ў Вялікі тэатр з 50%-й скідкай на спектаклі 17 і 18 верасня.

 

17 верасня на нашай сцэне – містычная опера Ул.Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле дэтэктыўнай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Прэм'ера спектакля прайшла ў ліпені 2021-га, але кожны раз опера зноў і зноў збірае аншлагі. Дарэчы, пастаноўка Ганны Маторнай перамагла ў Рэспубліканскім конкурсе на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі ў намінацыі "Лепшы спектакль музычнага тэатра".

 

 

 

Гэтая опера сапраўды стала нацыянальнай музычнай класікай. Збіральнік фальклору Беларэцкі заблудзіўся ў лесе і трапіў у маёнтак Надзеі Яноўскай – апошняй з прадстаўніц некалі багатага і шляхетнага роду. Дзяўчына змучана жахам нашэсця страшнай конніцы на чале караля Стаха. Як абвяшчае фамільная легенда, Стах быў вераломна забіты на паляванні сваім сябрам Яноўскім-старэйшым. Беларэцкі бярэцца разблытаць таямнічую гісторыю з ажывелымі мерцвякамі... Увечары 17 верасня галоўныя партыі выканаюць: народныя артысты Беларусі Сяргей Франкоўскі, Уладзімір Громаў, заслужаны артыст рэспублікі Андрэй Валенцій, а таксама Алена Золава, Андрэй Селюцін, Аляксандр Міхнюк, Юрый Балоцька, Андрэй Мацюшонак, Уладзіслаў Зазулька. Дырыжор – Юрый Караваеў.

 

***

Гледачы заўжды з нецярпеннем чакаюць нацыянальныя балеты на сцэне тэатра. Вось і 18 верасня на нашай сцэне пастаноўка Юрыя Траяна – харэаграфічная легенда «Анастасія» – пра Жанну д’Арк Белай Русі, жанчыну-ваяўніцу княгіню Слуцкую. Прыемна, што якраз у гэты вечар галоўныя партыі выканаюць маладыя таленавітыя артысты: Вікторыя Трэнкіна, Валерыя Грудзіна, Сцяпан Калчук, Дзяніс Шпак, Арцём Банькоўскі. Дырыжор – Мікалай Калядка.

 

 

«Ёсць гістарычны факт – княгіня Анастасія кіравала абаронай Слуцка. Але мне было цікава паказаць, праз што прайшла гэтая далікатная жанчына, перш чым сабрала войска і павяла яго за сабой. Балет "Анастасія" не гістарычнае даследаванне. Мы стварылі харэаграфічную легенду і ўнеслі ў яе факты, якія адбываліся ў лёсах галоўных герояў...» – кажа балетмайстар-пастаноўшчык Юры Траян.

 

Набыць білеты з 50%-й скідкай можна толькі ў касе тэатра і пры прад'яўленні студэнцкага білета!

0
0
0
s2sdefault

Партнёры