Навiны

Цацка. Конкурс №9

 

 

Дзевяты раз Вялікі тэатр Беларусі аб'яўляе старт штогадовага сямейнага конкурсу "Навагодняя тэатральная цацка" ў рамках праекта "Вялікі тэатр - дзецям". І мы зноў прапануем вялікім, маленькім і самым маленькім гледачам узяць у ім удзел.

 

Не забывайце: цацка павінна быць тэатральнай, гэта значыць нейкім чынам намякаць на той ці іншы спектакль або быць звязана з жыццём акцёра і музыканта. У тэатры нямала оперных і балетных пастановак, здольных натхніць таленавітых рабят. Оперы «Пінокіа» і «Кошкін дом», балеты «Шчаўкунок», «Канёк-Гарбунок», «Спячая прыгажуня», «Маленькі прынц»… Дарэчы, 24 снежня Вялікі тэатр робіць сапраўдны падарунак – рыхтуецца прадставіць казачную оперу для ўсёй сям'і: «Гісторыя Кая і Герды» ажыве дзякуючы рэжысёру Ганне Маторнай. Чаму б і вам, дарагія гледачы, не праявіць фантазію і не стварыць ляльку, напрыклад, Снежнай каралевы? І пазмагацца за спецыяльны прыз.

 

У бягучым годзе работы ўдзельнікаў конкурсу будзем прымаць па 20 снежня (уключна). Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца традыцыйна пад Новы год - раніцай 27 снежня, перад пачаткам спектакля "Гісторыя Кая і Герды". У перадсвяточнай атмасферы Дзед Мароз і Снягурка ўручаць пераможцам і ўдзельнікам падарункі, заахвочвальныя прызы і дыпломы. Юных гледачоў, безумоўна, чакаюць навагоднія інтэрактыўныя гульні і конкурсы.

 

Дарагія сябры! Чакаем, як заўсёды з нецярпеннем, вашыя працы (дбайна спакаваныя, калі яны будуць перасылацца поштай) па адрасе: 220029 г. Мінск, пл. Парыжскай Камуны, 1, Вялікі тэатр Беларусі.

Мінчане могуць прынесці цацку ў тэатр па адрасе: пл. Парыжскай Камуны, 1, 7-ы пад'езд, службовы ўваход. (Пакінуць у аховы.)

Кантактныя тэлефоны: +375 (17) 379-11-56, +375 (33) 901-28-89.

0
0
0
s2sdefault

Партнёры