кіраўніцтва

Мастацкі кіраўнік тэатра

Валянцін Елізар'еў

Народны артыст СССР і Беларусі
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь

Валянцін Мікалаевіч Елізар'еў у 1967 г. скончыў Ленінградскае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча імя А.Я.Ваганавай, а ў 1973 г. – Ленінградскую дзяржаўную кансерваторыю імя М.А.Рымскага-Корсакава.
У 1972 г. стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў у Маскве. У 1973 годзе, у 26 гадоў, баў запрошаны на пасаду галоўнага балетмайстра Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларускай ССР. У 1982 годзе, па стыпендыі  UNESCO, стажыраваўся ў галіне рэжысуры балета ў Парыжы (Францыя).
З 1992 па 1996 год – мастацкі кіраўнік балетнай трупы Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. З 1996 па 2009 год – дырэктар-мастацкі кіраўнік Тэатра балета Рэспублікі Беларусь. З 2018 года па цяперашні час — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
З 1996 года - член Савета Еўропы па культуры, акадэмік Міжнароднай славянскай акадэміі (Масква). З 1997 года - акадэмік Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў (Санкт-Пецярбург). З 2003 г. - член Савета Еўропы па культуры. У 2000-2008 гадах - член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Дзейнасць Валянціна Елізар’ева адкрыла новую старонку ў гiсторыi нацыянальнага балета. Ужо першымі пастаноўкамі харэограф заявіў аб сабе як мастак, якога цікавяць адвечныя агульначалавечыя праблемы. Уласцівая творчасці В.Елізар'ева схільнасць да ўвасаблення складанай філасофскай праблематыкі, раскрыцця з'яў у гістарычнай перспектыве, павышанай эмацыйнасці і падпарадкаваныя гэтым мэтам пошукі новых сродкаў пластычнай выразнасці праявіліся перш за ўсё ў яго арыгінальных пастаноўках. Сваімі работамі харэограф мяняе традыцыйнае ўяўленне аб магчымасцях балетнага тэатра і, не выходзячы за межы акадэмічнага мастацтва і не звяртаючыся да ультрасучасных тэхналогій, пашырае яго межы і магчымасці.
Спектаклі В.Елізар'ева ацэнены спецыялістамі і музычна-тэатральнай грамадскасцю як з'явы, значэнне якіх выходзіць далёка за межы нацыянальнага мастацтва. Яны вывелі харэографа ў лік найбольш цікавых дзеячаў балетнага тэатра ХХ стагоддзя і сталі класікай сучаснай харэаграфіі. З дзейнасцю В.Елізар'ева шмат у чым звязана міжнароднае прызнанне беларускага балета.
З 1995 года з’яўляецца прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, больш за чатыры дзесяцігоддзі ўзначальвае беларускую харэаграфічную школу падрыхтоўкі кадраў. Як педагог Елізар'еў выхаваў некалькі пакаленняў таленавітых харэографаў, якія ўпэўнена заявілі аб сабе ўласнымі пастаноўкамі ў Беларусі і за яе межамі (Р.Паклітару, Н.Фурман, У.Іваноў, С.Мікель і інш.).
На працягу многіх гадоў В.М.Елізар'еў з’яўляецца старшынёй журы Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, членам журы міжнародных конкурсаў балета ў Варне (Балгарыя), Маскве, Сочы, Казані, Новасібірску, Грозным (Расія), Нагоі (Японія), Кіеве (Украіна), Джэксане (ЗША), Шанхаі і Пекіне (Кітай).
Творчасці В.Н.Елізар'ева і яго пастаноўкам прысвечаны кнігі, фільмы, шматлікія публікацыі ў прэсе.

ПАСТАНОЎКІ
Усе створаныя В.М.Елiзар'евым спектаклi вылучаюцца фiласафiчнасцю, iнтэлектуальнасцю, ярка выражанай гуманiстычнай скіраванасцю, навiзной харэаграфiчнай мовы.
У Вялікім тэатры Беларусі В. Елізар’еў ажыццявіў наступныя пастаноўкі:
1974 - Ж. Бізэ - Р. Шчадрын "Кармэн-сюіта"
1975 - Р. Шчадрын "Камерная сюіта"
1976 - А. Пятроў "Стварэнне свету"
1978 - Я. Глебаў "Ціль Уленшпігель"
1980 - А. Хачатуран "Спартак"
1981 - Г. Малер "Адажыета"
1982 - П. Чайкоўскі "Шчаўкунок"
1983 - К. Орф "Карміна Бурана"
1984 - М. Равель "Балеро"
1985 - П. Чайкоўскі "Лебядзінае возера" (мастацкі кіраўнік пастаноўкі)
1986 - І. Стравінскі "Вясна святая"
1988 - С. Пракоф'еў "Рамэа і Джульета"
1989 - Л. Мінкус "Дон Кіхот"
1995 - А. Мдзівані "Страсці (Рагнеда)"
1997 - І. Стравінскі "Вясна святая" (другая рэдакцыя)
1998 - І. Стравінскі "Жар-птушка"
1998 - А. Пятроў "Стварэнне свету" (другая рэдакцыя)
2001 - П. Чайкоўскі "Спячая прыгажуня"
2004 - Я. Глебаў "Легенда аб Уленшпігелі" (другая рэдакцыя)
2017 - А. Хачатуран "Спартак" (другая рэдакцыя)
2018 - С. Пракоф'еў "Рамэа і Джульета" (новая аўтарская рэдакцыя)
2019 - Ж. Бізэ - Р. Шчадрын "Кармэн-сюіта", аднаўленне
2019 - А. Пятроў "Стварэнне свету" (новая аўтарская рэдакцыя)
2020 - П. Чайкоўскі "Шчаўкунок" (новая аўтарская рэдакцыя)
2021 - П.Чайкоўскі "Лебядзінае возера" (новая аўтарская рэдакцыя)
2022 - П.Чайкоўскі "Спячая прыгажуня" (новая аўтарская рэдакцыя)
2023 - Л. Мінкус "Дон Кіхот" (новая аўтарская рэдакцыя)

Балетмайстар ставіў спектаклі ў Санкт-Пецярбургу ("Ціль Уленшпігель" у Ленінградскім акадэмічным тэатры оперы і балета імя Кірава), Маскве ("Настрой" у Вялікім тэатры СССР; "Класічная сімфонія", "Паэма" ў Дзяржаўным канцэртна-харэаграфічным ансамблі "Класічны балет"), Любляне ("Жызэль" у Тэатры оперы і балета), Стамбуле ("Дон Кіхот" у Тэатры оперы і балета), Варшаве (харэаграфічны трыпціх "Балеты Валянціна Елізар'ева" ў Варшаўскім Вялікім тэатры), Токіа ("Эсмеральда") у балетнай трупе NBA, "Дон Кіхот" і "Лебядзінае возера" у Japan Ballet Association), Анкары ("Спартак" у Тэатры оперы і балета), Каіры ("Спартак" у Каірскім оперным тэатры) і інш.

УЗНАГАРОДЫ
Уклад Валянціна Елізар'ева ў развіццё харэаграфічнага мастацтва адзначаны звыш трыдцацю ганаровымі званнямі і ўзнагародамі, сярод якіх:
1993 - спецыяльная прэмія за лепшую сучасную харэаграфію VII Міжнароднага конкурсу артыстаў балета ў Маскве;
1996 - званне "Лепшы харэограф года" i прэмiя Мiжнароднай асацыяцыi дзеячаў харэаграфii "Benois de la Danse" за харэаграфiю балета "Страсцi (Рагнеда)";
1996 - Дзяржаўная прэмiя Рэспублiкi Беларусьза за стварэнне харэаграфii i пастаноўку спектакля "Страсцi (Рагнеда)";
1997 - ордэн Францыска Скарыны;
1998 і 2001 - спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне харэаграфічнага мастацтва і ўклад у развіццё міжнародных культурных сувязей Рэспублікі Беларусь;
2001 - Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за ўдзел Вялікага тэатра Беларусі ў Днях культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі;
2003 - Ордэн Айчыны III ступенi;
2007 - званне "Ганаровы грамадзянін г.Мінска";
2010 - спецыяльная прэмія "За ўклад у мастацтва" I рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія";
2012 - галоўны прыз Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі "Хрустальная Паўлінка";
2016 - медаль UNESCO "Пяць кантынентаў";
2017 - званне "Чалавек года ў сферы культуры";
2017-2018 - прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за балетныя спектаклі 1974 - 2017 гадоў;
2021 - спецыяльная прэмія за ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі VI рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія";
2022 - Ганаровы нагрудны знак "Shusha 270" Міністэрства культуры Азербайджана за вялікі ўклад у прасоўванне азербайджанскай культуры не толькі ў Беларусі, але і ў свеце;
2022 - Падзяка Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н.І.Качанавай за значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры, шматгадовую добрасумленную работу і высокі прафесіяналізм;
2023 - Падзяка Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н.І.Качанавай;
2023 - пастаноўка балета Л. Мінкуса "Дон Кіхот" (балетмайстар-пастаноўшчык В.Елізар'еў) стала лаўрэатам VII Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія" ў намінацыі "Лепшы спектакль балета".

 

Партнёры