Архив новостей

А музыка гучыць. Беларуская музыка

20 кастрычніка стваральнік і нязменны мастацкі кіраўнік творчага калектыву “Беларуская Капэла” заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Скорабагатаў запрашае ўсіх паслухаць цудоўную музыку ў выдатным выкананні – у малай зале адбудзецца канцэрт “Чатыры стагоддзi беларускай вакальнай музыкі”.

– Можа так адбыцца, што мы некаторымі творамі дакранемся і да iншых стагоддзяў, тым самым пашырым часовыя межы канцэрта. Паглядзім… – усміхаецца Віктар Іванавіч. – Сама праграма, безумоўна, складаецца з сольных вакальных твораў, якія праспяваюць нашы вядомыя артысты: сапрана Алена Золава, тэнар Юрый Гарадзецкі і брытон Ілля Сільчукоў. Акампаніраваць ім будуць дзве зусім маладзенькія, але выдатныя піяністкі – Дзіана Моршнева і Паліна Задрэйк.

Гледачы могуць не баяцца: наш канцэрт не будзе падобны на сумныя лекцыі па гісторыі музыкі, дзе за XVII стагоддзем ідзе XVIII і гэтак далей. Не! У розных аддзяленнях вечара вы пачуеце музыку самых розных эпох: рамансы Міхала Клеафаса Агінскага, творы Антона Радзівіла, Станіслава Манюшкі, Напалеона Орды, Фларыяна Міладоўскага, Яна Тарасевіча. Зразумела, прагучаць акадэмічныя творы, але таксама і фальклорныя. Юра Гарадзецкі абавязкова праспявае “Ой, калінушка!..”. Ведаю, што слухачы плачуць, калі ён выконвае гэту беларускую народную песню. Не аднойчы ён уключаў яе у свае канцэрты па-за межамі Беларусі, дык пасля вечара, напрыклад, у Санкт-Пецярбургу, ці Казані, ці Вроцлаве да яго падыходзілі музыканты – вельмі ім хацелася мець ноты песні. Алена Золава так прыгожа спявае “Цераз рэчаньку, цераз балота падай ручаньку, мая залота...”, што ў яе атрымліваецца сапраўдны шлягер! Ілля Сільчукоў выканае, як кажа Адам Асманавіч Мурзіч (выдатны педагог, мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра), гімн усіх барытонаў – песню “Шумныя бярозы”. У свой час я здзіўляўся: як гэты твор на вершы Янкі Купалы і музыку Рыгора Пукста можна назваць народным?! Але потым прыйшоў да высновы: і правільна! Якое гэта шчасце для кампазітара, калі аўтарскі твор атрымлівае званне “народнай песні”! Тым больш, што падобных песен у нас не так і шмат, напрыклад, “Зорка Венера” Сямёна Рака-Міхайлоўскага на вершы Максіма Багдановіча ці “Бывайце здаровы!” Ісака Любана на словы Адама Русака.

Зразумела, калі б мы на канцэрце пачалі расказваць аб кожным творы, не ведаю, калі б скончыўся вечар. Таму мы з Ганнай Барысаўнай Каржанеўскай (як мастацкія кіраўнікі праграмы) вырашылі: хопіць уступнага слова, а далей будзем слухаць выдатную музыку ў выдатным выкананні.

 

 

0
0
0
s2sdefault

ПАРТНЕРЫ