Архив новостей

Строі, наміткі, слуцкія паясы

 

 

13 лютага, у вечар паказа нацыянальнай оперы Дзм.Смольскага “Сівая легенда”, у фае тэатра пройдзе выстава аднаго дня з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама майстар-клас “Тайна беларускай наміткі”. Пачатак – у 18:15.

 

Гэтая выстава з'яўляецца невялікім, але значным фрагментам нашай культурнай спадчыны, яна дазваляе нам правесці паралелі з падзеямі канца XVII стагоддзя, што апісаны ў оперы Дзм. Смольскага «Сівая легенда».

 

Адзін з найважнейшых кампанентаў этнічнай культуры кожнага народа –традыцыйны касцюм. Гэта своеасаблівая візуалізацыя ментальнасці этнасу, прыродных умоў яго існавання, гістарычнага шляху, асаблівасцяў эканамічнага і культурнага развіцця. У большасці сваёй адзенне шылася ўручную з ільняных і ваўняных саматканак і вылучалася рацыянальнасцю прамалінейнага крою. На выставе будуць прадстаўлены традыцыйныя беларускія жаночыя строі з розных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Кожны з прадстаўленых рэгіянальных строяў у беларускай культуры мае свае асаблівасці і ўнікальныя элементы. Маларыцкі строй вылучаецца лаканічнасцю сілуэту і насычаным арнаментам, Калінкавіцкі строй характарызуецца паласатай спадніцай і багатымі ўпрыгожваннямі, Мсціслаўскі строй мае завышаную талію і вышытую блузку, а Тураўскі строй вылучаецца рагатымі галаўнымі ўборамі, якія сімвалізуюць сілу і абарону. Усе гэтыя ўборы з'яўляюцца не толькі элементамі адзення, але і адлюстраваннем культурнай спадчыны і традыцый беларускага народа.

 

Найбольш унікальнай асаблівасцю жаночага традыцыйнага строя з’яўляецца намітка – складанаскладзеная канструкцыя павязвання галаўнога ўбору доўгім ільняным палатном. Сакрэты старабеларускіх модніц адкрые нам кандыдат мастацтвазнаўства Марыя Віннікава на сваім майстар-класе, які будзе праходзіць у фае Вялікага тэатра.

 

А вось загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Барыс Лазука пазнаёміць нас з традыцыйным завязваннем слуцкіх паясоў.

 

Вырабы ткацкай мануфактуры, якая працавала ў беларускім горадзе Слуцку ў другой палове XVIII-пачатку XIX ст., па праве лічацца выключнага ўзроўню здабыткам сусветнага мастацтва. Шаўковыя, залатыя і сярэбранатканыя паясы былі каштоўным дадаткам мужчынскага шляхецкага касцюма. З цягам часу яны перасягнулі межы дарагой бытавой рэчы, стаўшы творамі мастацтва, пераканаўчым сведчаннем бездакорнага густу беларускіх ткачоў.

 

Будуць прадстаўлены копіі слуцкіх паясоў – вынік навуковай працы вучоных Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У іх аснову пакладзены арыгіналы паясоў і іх фрагментаў, якія знаходзяцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Мінскім абласным краязнаўчым музеі.

 

Копіі слуцкіх паясоў дакладна паўтараюць фізічныя параметры гістарычных узораў: даўжыню, шырыню, арнаментацыю, каляровыя суадносіны. У копіях выкарыстаны аўтэнтычныя матэрыялы.

 

Дакрананне да нацыянальнага мінулага – гэта не толькі знаёмства з легендарнымі шэдэўрамі, але і ўдзячная павага нашым продкам, напамін іх нашчадкам аб адвечных традыцыях айчыннага мастацтва.

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

ПАРТНЕРЫ