пресса

КНЯЗЬ ІГАР – ГЕРОЙ ЦІ НЯЎДАЧНІК?




Гэты твор – адзіны шэдэўр кампазітара, які ствараўся на працягу 18 гадоў. Але опера так і засталася незавершанай (аркестроўку большай часткі оперы ажыццявілі А. Глазуноў і М. Рымскі-Корсакаў). У якасці сюжэта ўзятыя асобныя падзеі з “Слова пра паход Ігаравы”, славутага помніка старажытнарускай літаратуры. Князь Ігар (Уладзімір Пятроў) збіраецца ў паход на полаўцаў – качэўнікаў, што пагражаюць землям Русі. Сонечнае зацменне, якое ўспрымаецца народам як дрэнная прыкмета, не спыняе Ігара. Але ў бітве яго войска разбіта, а ён трапляе ў палон да ворагаў…

“Князь Ігар” амаль нязменна прысутнічае ў рэпертуары Тэатра оперы і балета. У Мінску яе прэм’еры адбываліся ажно чатыры разы: у 1934, 1949, 1967 і 1996 гадах. Апошнюю пастаноўку ажыццявіў рэжысёр Юрый Аляксандраў – адна з зорак сусветнай опернай рэжысуры. На яго рахунку – больш за 250 спектакляў. Пастаноўкі Аляксандрава «Песня пра любоў і смерць карнета Крыстафа Рыльке» З. Матуса і “Сямён Катко” С. Пракофьева атрымалі (адпаведна, у 1998-м і 2000-м) “Залатыя маскі” як лепшыя оперныя спектаклі Расіі (апошняя пастаноўка, што узяла чатыры “Маскі”, прынесла Аляксандраву перамогу ў намінацыі “Лепшая праца рэжысёра”).

У біяграфіі майстра ёсць і беларускія старонкі. Менавіта ў нашым тэатры оперы і балета ён паставіў уласны дыпломны камедыйны спектакль – «Дон Паскуале» Г. Даніцэці (1977). А ў 1981-м ажыццявіў першую пастаноўку на рускай мове “Казак Гофмана” – апошняга твора Ж. Афенбаха (у савецкія часы выкананне твораў на мове арыгінала не практыкавалася). Магчыма, успаміны маладосці паспрыялі добрым стасункам Аляксандрава з Мінскам? У 1990-я гады рэжысёр ажыццявіў тут дзве пастаноўкі: “Рыгалета” і “Князь Ігар”. Іх наватарства было відавочным. У савецкія часы на першы план звыкла выходзілі сацыяльныя матывы. Напрыклад, Рыгалета традыцыйна лічыўся ахвярай, з якога несправядліва здзекваліся заможныя Герцаг і прыдворныя, якія знаходзіліся на больш высокіх іерархічных прыступках. Згодна версіі пастаноўшчыка, Рыгалета – сам ахвяра уласных няшчасцяў. Прыдворныя толькі помсцяць яму за мінулыя крыўды. У выніку зло нараджае зло.

Адпаведна, у традыцыйнай трактоўцы “Князя Ігара” услаўляўся патрыятызм галоўнага героя. Асуджаўся сепаратызм князя Галіцкага (Васіль Кавальчук). Менавіта феадальная пыха апошняга з’яўлялася адной з прычынаў катастрофы, бо частка войска засталася разам з ім дома. У фінале народ сустракаў Ігара як героя.

Рыхтуючыся да пастаноўкі 1996 года, Ю. Аляксандраў істотна змяніў сэнсавыя акцэнты і задаў лагічнае пытанне: а чаму мы павінны услаўляць князя? У выніку няўдалых ваенных дзеянняў загінулі тысячы воінаў, князь Ігар міжволі стварыў пагрозу для далейшага існавання княства.



Сёлета Тэатр оперы і балета вырашыў ажыццявіць новую сцэнічную рэдакцыю оперы. У такіх выпадках рэжысёры часцей за ўсё робяць касметычныя праўкі і “чыстку” агульнага сцэнічнага малюнка. Новы “Ігар” зрабіўся больш лаканічным і заззяў новымі фарбамі. Але Аляксандраў расставіў іншыя акцэнты ў дзеянні і ва ўзаемаадносінах героўя, што дазваляе казаць пра часткова іншую пастаноўку.

Новае прачытанне атрымала другая сцэна 1-й дзеі – пір у князя Галіцкага. Яе героі – п’яніцы, баязліўцы і распуснікі – традыцыйна супрацьстаўляліся мужным воінам, што выправіліся ў паход. У гэты раз Ю. Аляксандраў скарыстаўся светлавым рашэннем. Цяпер гульбішча, якое адбываецца ў паўзмроку, успрымаецца як пір сілаў цемры, а ў паводзінах яго ўдзельнікаў бачацца злавесныя інтанацыі. У оперы з’явіліся і новыя эпізод, у якіх госці Галіцкага быццам парадзіруюць бой. Сцэна становіцца сімвалам натоўпу, гатовага выканаць любы загад. Яго дзеянні накіраваныя не на стварэнне, а на разбурэнне.

Новае вырашэнне атрымалі “Палавецкія скокі” – устаўная харэаграфічная мініацюра з 2-й дзеі. У папярэдняй версіі “Князя Ігара” у цэнтры ўвагі знаходзіліся полаўцы, сцэна з’яўлялася гімнам іх вандроўнаму і свабоднаму духу. Цяпер хор размешчаны франтальна побач з левым парталам і ўздоўж куліс, а Ігар і Канчак (Аляксандр Кеда) знаходзяцца насупраць. Такім чынам адначасова вырашаюцца дзве задачы. Канчак дэманструе свайму палоннаму сілу полаўцаў. Акрамя таго, самі “Палавецкія скокі” пераўтвараюцца ў гімн хану і яго ўладзе. Нездарма ў фінале мініяцюры ў цэнтры аказваецца не лучнік, які цэліцца ў нябачных ворагаў, а Канчак. У выніку перад князем паўстае непераможная ваенная машына. А глядач у чарговы раз пераконваецца ў бессэнсоўнасці пахода ў той час, калі Русь раздроблена на асобныя княствы.



На поспех пастаноўкі паўплывала і тая акалічнасць, што большасць салістаў, што прымалі ўдзел у прэм’еры, даўно засвоілі вакальны матэрыял, таму адчуваюць сябе ў партыях надзвычай упэўнена. Але з шэрагу бясспрэчных акцёрскіх удач асабліва хацелася б вылучыць працы выканаўцаў двух галоўных роляў. Гэта якраз той выпадак, калі ўнутраная сутнасць артыста да такой ступені яднаецца з вобразам на сцэне, што немагчыма знайсці ніякіх адрозненняў.

На пачатку дзеі герой Уладзіміра Пятрова, бадай, не ўсведамляе, якую адказнасць узяў на сябе. Так, яго Ігар надзвычай сур’ёзны і скупы на эмоцыі, але тут хутчэй праяўляецца стрыманы характар героя і яго ўпартасць, нежаданне адмовіцца ад задуманага пахода. У 2-й дзеі яго Ігар маральна раздушаны паражэннем. Саліст пераканаўшча перадае адчай, пустэчу і эмацыйную бездань у душы героя і дасягае пры гэтым неверагоднага ўзроўню драматызму.

Што датычыць Ніны Шарубінай, дык, на маю думку, партыя Яраслаўны (як і вобраз Чыо-Чыо-сан з “Мадам Батэрфляй”) з’яўляецца адной з лепшых у яе творчай скарбонцы. Салістка тонка перадае эвалюцыю вобраза сваёй гераіні. На пачатку дзеяння яе Яраслаўна – маладая княгіня, інтарэсы якой хутчэй за ўсё абмяжоўваюцца мужам і дзіцем. У фінале – мудрая, стомленая цяжарам ўлады жанчына, якая бярэ на сябе адказнасць за кіраванне княствам. У новай сцэнічнай версіі Яраслаўна ўспрымаецца фігурай, амаль што роўнай Ігару, і нават выступае маральным арыентырам для яго. Такі сэнс найбольш выяўляецца ў фінале.

У спектакле 1996 года князь вяртаўся на Русь старцам з кіем у руках. Цяпер ён у дадатак яшчэ і просіць міласціну! Магчыма, у некага такое рашэнне выкліча пратэст. Але рэжысёр застаецца верным сваёй канцэпцыі. У кананічным лібрэта князь збягаў з палону разам з хрышчоным полаўцам Аўрулам і вяртаўся ў Пуціўль на конях як герой. У новай сцэнічнай версіі ён мусіць адчуць на сабе наступствы няўдалага ваеннага пахода (хутчэй за ўсё сваякі забітых воінаў з яго дружыны зрабіліся жабракамі) і пакаяцца. Нездарма менавіта княгіня даруе князю ў фінале яго памылкі. Тут гераіня Н. Шарубінай выступае як увасабленне ўсяго народа.

Істотна, што пастаночная група на працягу ўсяго спектакля падводзяць гледача да гэтай сцэны. Нездарма ў сцэнаграфіі (мастак Л. Ганчарова) першай карціны 1-га дзеяння асновай сцэнічага афармлення з’яўляецца царква. Сімвалічна, што меч у руках князя Ігара ператвараецца ў палоне ў абломак, а падчас вяртання – у крыж.

Такім чынам, хто ж князь Ігар – герой ці няўдачнік? Думаю, ісціна, як заўсёды, пасярэдзіне. Бадай, гэта звычайны чалавек, які ўзяў на сябе занадта вялікі цяжар і адказнасць за лёсы людзей, за што і быў пакараны.

Такім чынам, новая сцэнічная версія Ю. Аляксандрава адкрывае новыя ракурсы ў прачытанні класікі і з’яўляецца бясспрэчным поспехам Нацыянальнага тэатра оперы і балета.

Фота з сайта тэатра www.belarusopera.by
P.S. Наступны паказ «Князя Ігара» адбудзецца 20 снежня падчас опернага Каляднага форуму з удзелам запрошаных расійскіх зорак.
Источник: http://denis86.blog.tut.by/2012/12/17/knyaz-igar-geroy-tsi-nyaudachnik/

ПАРТНЕРЫ