пресса

ЖАРСЦІ ПА “НЯВЕСЦЕ”

 

У Оперным тэатры паставілі твор Мікалая Рымскага-Корсакава.

У 1571 годзе цар Іван Жахлівы, які за два гады дагэтуль аўдавеў, зладзіў агляд нявест. З дзвюх тысяч прэтэндэнтак былі выбраныя 24, потым 12. Прычым, як сведчаць прысутныя, апошні тузін прэтэндэнтак аглядалі цалкам аголенымі. У такім “спаборніцтве” перамагла Марфа Сабакіна. Але праз 15 дзён пасля вяселля яна памерла (відаць, была атручаная). Гэты сюжэт натхніў Льва Мея на стварэнне драмы “Царская нявеста”. У сваю чаргу, апошні твор стаў асновай для аднайменнай оперы Мікалая Рымскага-Корсакава.

Выбар такой партытуры Міхаілам Панджавідзэ не выклікае здзіўлення. Галоўны рэжысёр сталічнага Опернага ставіць у Мінску рускую або італьянскую класіку і вырашае яе ў “вялікім” стылі. (У якасці выключэнняў згадаем “Севільскага цырульніка”, інтэрпрэтаванага праз прынцыпы камедыі дэль артэ, і “Паяцаў”, дзеянне якіх перанесенае ў сучаснасць.) У “Царскай нявесце” Панджавідзэ захоўвае вернасць сваім прынцыпам.

Стаўленне рэжысёра да партытуры Рымскага-Корсакава паважлівае. Скарочаныя толькі некалькі фрагментаў, чатыры дзеі аб’яднаныя ў дзве, што надае спектаклю большую кампактнасць і спрыяе глядацкай увазе. Візуальнае рашэнне спектакля досыць традыцыйнае. Касцюмы (мастак Ніна Гурло) вырашаныя ў гістарычнай манеры. Верхняе адзенне двух персанажаў – лекара Бамелія (Аляксандр Жукаў) і баярына Лыкава (Віктар Мендзелеў) – мае, адпаведна, фіялетавы і малінавы колер. Магчыма, мастачка імкнулася такім чынам паказаць непадобнасць герояў да мясцовых жыхароў (лекар нарадзіўся ў замежжы, баярын толькі вярнуўся адтуль), а таксама адлюстраваць уплыў еўрапейскага стылю.

Традыцыйнай выглядае і сцэнаграфія (мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка). Пры павароце кола палаты баярына Гразнога (Станіслаў Трыфанаў) саступаюць месца цераму Марфы (Таццяна Гаўрылава) або адной з маскоўскіх плошчаў. Ва ўсіх выпадках маўклівымі сузіральнікамі падзей з’яўляюцца храм, які ўзвышаецца над Масквой, а таксама рускія бярозы. Сцэнаграфія перадае агульную атмасферу змрочнасці і прыгнечанасці. Стваральнікі спектакля не пакідаюць героям свабоднай прасторы. Калі дзеянне пераходзіць з церама або баярскіх палат на вуліцу, большую частку сцэны абмяжоўвае высокі плот.

Народ і ўлада

Зрэшты, прасторы для ўнутранай свабоды няма ні на гарадской плошчы, ні ў палатах, у якія кожнае імгненне могуць уварвацца царскія апрычнікі, апранутыя ў чорнае. Панджавідзэ не праводзіць прамых паралеляў з сучаснасцю (напрыклад, карныя органы Івана Жахлівага не апранутыя ў форму НКУС). Але ён падкрэслівае, на чым у Расіі грунтуюцца ўзаемаадносіны паміж уладай і народам.

Перш за ўсё гэта жах. Пры з’яўленні апрычнікаў натоўп разбягаецца. Але і самі “псы гасударавы” баяцца пакарання з боку Івана Жахлівага. Вось красамоўны эпізод. Баярын Лыкаў, які толькі вярнуўся з-за мяжы, наіўна распавядае, што рускага цара там называюць Грозным. Апрычнікаў, што сядзяць побач, ледзь не здувае ветрам (крый Божа стаць сведкам такой крамолы!), а Малюта Скуратаў (Алег Мельнікаў) накідваецца на Лыкава з кулакамі.

Другая аснова ўзаемаадносін – безаглядная вера рускага чалавека ў цара. Домна Сабурава (Таццяна Кнутовіч) вяртаецца з агледзін, якія ладзіў для нявест Іван Жахлівы. Яе не бянтэжыць азіяцкая форма выбару нарачонай – паводле словаў баярыні, дзяўчаты былі выстраеныя ў шэраг. Дадам ад сябе, як на выставе коней. Наадварот, цар, які параўноўваецца ледзь не з ясным сокалам, выклікае ў яе захапленне, яе твар выглядае шчаслівым і прасветленым. Атрымліваецца, што народ згодны з такімі парадкамі. І не ўяўляе, што можа быць іначай.

Яшчэ адзін штрых – стэрэатыпы ў дачыненні да іншаземцаў. Згодна з сюжэтам, Любаша прыходзіць да Бамелія і просіць даць ёй зелле, здольнае атруціць Марфу. У якасці платы той патрабуе яе кахання. “Цягні ў камору, немец!” – з пагардай і нянавісцю кажа Любаша, робячы акцэнт на нацыянальнасці героя. Сапраўды, ва ўсім вінаватыя іншаземцы!

Такія акцэнты – найбольш моцны складнік спектакля. Панджавідзэ здолеў паказаць, што народ і ўлада ў Расіі існавалі (і будуць існаваць) на розных полюсах. Прычым пераход чалавека з адной сацыяльнай прыступкі на іншую адразу змяняе стаўленне да яго. Марфа нечакана абвяшчаецца нявестай Івана Жахлівага. У той момант ёй больш за ўсё патрэбная падтрымка, бо толькі што святкаваліся яе заручыны з Лыкавым. Але ўсе, нават жаніх, падаюць перад ёй на калені. Жадаў таго рэжысёр ці не, але ён паставіў спектакль пра сучасную Расію. Дакладней, пра Расію ва ўсе часы і эпохі.

Жарсці і каханне

Рэжысёрская інтэрпрэтацыя істотна ўплывае на характары і паводзіны герояў. Цэнтральных вобразаў тут два. Гарачая і палкая Любаша ў выкананні Аксаны Волкавай выглядае гераіняй свайго бязлітаснага веку, калі дзеля дасягнення ўласных мэт былі гатовыя на якое заўгодна злачынства. Менавіта яна, а не ідэальная светлая Марфа, адпавядае характару Гразнову. Апошняму Станіслаў Трыфанаў надаў апошняму рысы харызматычнай асобы, здольнай нават стаць на чале дзяржавы (жыві такі Гразноў пазней, з яго атрымаўся б цудоўны Самазванец). Пакуль жа ён – адзін з апрычнікаў, які дзякуючы свайму халоднаму розуму можа лёгка перайграць Малюту Скуратава, які бліжэйшы да цара. Але Гразной робіцца ахвярай уласных жарсцяў. Панджавідзэ нездарма ўвёў у спектакль эпізод, калі гэты герой уласнымі рукамі забівае Лыкава. Гэта сведчанне таго, як асяроддзе вымушае баярына зрабіцца злачынцам. А таксама канстатацыя простай высновы: нават калі б Марфу не выбраў Іван Жахлівы, яна ўсё роўна трапіла ў рукі Гразнову, а не Лыкаву. Далікатным і мяккім асобам, якія падыхалі заходнім паветрам свабоды, няма месца сярод апрычнікаў.

Такія жарсці – тыповая рыса спектакляў Панджавідзэ. Рэжысёр любіць буйныя, яркія, выразныя мазкі і не заўсёды акцэнтуе ўвагу на дэталях (не дзіўна, што пастаноўкі на вялікай сцэне атрымліваюцца ў яго лепш, чым камічныя оперы на малой сцэне).

Дадатковыя акцэнты расстаўляе фінальны эпізод. Сімвалічна, што ў ім на сцэне з’яўляецца Іван Жахлівы. Усе прысутныя ў здранцвенні. І толькі звар’яцелая Марфа, якая прымае цара за свайго жаніха, спявае “Приди же завтра, Ваня”. З’яўленне Грознага пераконвае, што ён таксама вінаваты ў смерці Марфы. Маскоўскі цар стварыў такую атмасферу і сістэму, якая падштурхнула і баярына Гразнога, і Любашу, і Бамелія на злачынства. А паколькі сістэма можа функцыянаваць і без яго прысутнасці і асабістага ўдзелу, дык не можа адразу знікнуць са смерцю цара.

Дзяніс Марціновіч,

фота з афіцыйнага сайта тэатра http://bolshoibelarus.by

Источник: http://budzma.by/news/zharsci-pa-nyavyescye.html

 

ПАРТНЕРЫ