«Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі…»
Францішак Багушэвіч
«Мова – гэта наша душа, наша соль...» – прызналася Анастасія Шпакоўская. Акторка, лідэр гурта NAKA прыняла ўдзел у імпрэзе «Чытаем разам». Гэты вечар Вялікі тэатр Беларусі зладзіў напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы. І традыцыйна запрасіў сваіх сяброў. На гэты раз гледачы, якія а шостай гадзіне сабраліся ў малой зале, апладзіравалі Андрэю Хадановічу. Паэт прачытаў як свае вершы, так і свой пераклад твора Ул. Караткевіча. Зорка беларускага тэлебачання актрыса Святлана Бароўская падыйшла да гэтай імпрэзы вельмі крэатыўна і выбрала для чытання беларускую народную казку «Стары бацька». І як сапраўдная дачка свайго таты вельмі расхвалявалася і дала волю сваім пачуццям. Ірына Кучынская эмацыйна спела знакамітую «Залатую рыбку» Станіслава Манюшкі. (За раялем была канцэртмайстар Паліна Задрэйка.) Культурны аглядальнік тэлеканала АНТ Аляксандр Мацяс прачытаў верш Максіма Багдановіча «Зорка Венера». Рэжысёр, аўтар праграм, прысвечаных тэатру, Наталля Бібікава стала вядучай нашай імпрэзы. А распачыла вечар Настасся Масквіна. Пазней народную артыстку Беларусі гледачы ўбачылі ў ролі Ірыны ў нацыянальнай оперы «Сівая легенда» на вялікай сцэне... Вядомыя людзі краіны прыйшлі ў тэатр, каб падарыць часцінку сваёй любові да нашай зямлі, да нашай роднай мовы...
Нам вельмі прыемна, што нашыя гледачы актыўна прынялі ўдзел у нашай акцыі – выкладвалі ў сацсеткі свае відэа з хэштэгамі #маямова, #мойтэатрмаясцэна, #матчынамова, #чытаемразам. І пераможцы – Алена Шэвялевіч, Пелагея Атаманава, Нічыпар Альховік – сталі гасцямі нашай імпрэзы, атрымалі падарункі ад тэатра, у тым ліку – запрашальны квіток на націянальную оперу «Сівая легенда». (Насамрэч, сама імпрэза стала сапраўдным падарункам для тых, хто набыў квіткі на оперу Дзмітрыя Смольскага, лібрэта да якой напісаў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. У пастаноўцы М. Панджавідзэ 18 лютага галоўныя партыі выканалі зоркі беларускай оперы: народная артыстка Настасся Масквіна (Ірына), заслужаныя артысты рэспублікі Аксана Якушэвіч (Любка), Уладзімір Громаў (Кізгайла), Алег Мельнікаў (Найміт), лаўрэат міжнароднага конкурсу Аляксей Мікуцель (Раман). За дырыжорскім пультам быў Алег Лясун.)
Як мы і абяцалі, без сюрпрызаў не абыйшлося: непасрэдна падчас нашай вечарыны малады чалавек зрабіў прапанову каханай выйсці за яго замуж! Тэатр заўсёды быў месцам сапраўдных пачуццяў. І наша імпрэза толькі яшчэ раз падкрэсліла гэта…
Да сустрэчы, сябры, на традыцыйных вечарах беларускай культуры ў Вялікім тэатры!