Навiны

АЛЯКСАНДР РОСЛАВЕЦ У МІНСКУ

Аляксандр Рославец – фіналіст I Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў. На мінскім конкурсе выканаўца быў ганараваны ангажэментам Вялікага тэатра Беларусі на выступы ў беларускіх спектаклях.

Берасцеец Аляксандр Рославец у 2011 годзе скончыў Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную кансерваторыю ім. Н.А.Рымскага-Корсакава (педагог –прафесар Мікалай Ахотнікаў). У 2011-2014 гг. быў салістам Тэатра оперы і балета Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі.

У 2014-м годзе быў адзначаны Гран-пры агляду-конкурсу вакалістаў-выпускнікоў музычных ВНУ Расіі (Санкт-Пецярбург), у тым жа годзе залічаны ў Моладзевую оперную праграму Вялікага тэатра Расіі.

У снежні 2015 г. стаў пераможцам VII Міжнароднага конкурсу оперных спевакоў «Санкт-Пецярбург», які праводзіцца па ініцыятыве выбітнай спявачкі народнай артысткі СССР Ірыны Багачовай.

У 2016 г. заваяваў II прэмію на Міжнародным конкурсе оперных артыстаў імя Галіны Вішнеўскай.

Аляксандр Рославец спяваў на лепшых сцэнах Санкт-Пецярбурга (Вялікая зала філармоніі ім. Д.Шастаковіча, Канцэртна-выставачная зала «Смольны сабор», Дзяржаўная акадэмічная капэла і інш.). Выступаў у суправаджэнні аркестраў Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі, Аркестра Дзяржаўнага Эрмітажа, Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра пад кіраваннем дырыжораў Сяргея Стадлера, Фабіа Мастранжэла, Олівера Ведэра. У 2015 г. дэбютаваў на сцэне Вялікага тэатра Расіі.

У рэпертуары Аляксандра Рослаўца вядучыя партыі ў шэдэўрах сусветнай оперы: Стары цыган, Алека («Алека» С.Рахманінава), Маркіз д'Абіньі («Травіята» Дж.Вердзі), Князь Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Кароль Рэнэ («Іаланта» П.Чайкоўскага), Князь Гудал («Дэман» А.Рубінштэйна), Камандор, Лепарэла («Каменны госць» А.Даргамыжскага), Малюта Скуратаў («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Цар Дадон («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Куно, Кіліян («Вольны стралок» К.М.Фон Вебера), Дон Базіліа («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Бартала («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Мефістофель («Фаўст» Ш.Гуно), партыя баса ў Рэквіеме В.А.Моцарта, Рэквіеме Дж.Вердзі, Дзевятай сімфоніі Людвіга ван Бетховена.

12 верасня Аляксандр Рославец выканае партыю Грэміна ў оперы «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага, а 15 верасня выйдзе ў партыі Дона Базіліа ў камічнай оперы «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні.

0
0
0
s2sdefault

Партнёры