Вялікі Тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь Вялікі Тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь Нацыянальны Акадэмічны Вялікі Тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь

Гiсторыя тэатра

 

Гісторыя тэатра пачынаецца ў 20-х гадах ХХ стагоддзя на сцэне першага Дзяржаўнага драматычнага тэатра, які меў у сваім складзе салістаў оперы, харавую і балетную групы і невялікі сімфанічны аркестр. Там ставіліся музычна-драматычныя спектаклі, урыўкі з опер і балетаў, гучала народная музыка. У гэты перыяд будучыя зоркі беларускага опернага і балетнага мастацтва атрымлівалі адукацыю ў музычных тэхнікумах Мінска, Віцебска, Гомеля. А таксама ў створанай у 1930 годзе Дзяржаўнай студыі оперы і балета, якая ўзначальвалася выдатным рускім спеваком Антонам Баначычам – у мінулым калегай вялікага Фёдара Шаляпіна на сцэне Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу.

 

За тры гады студыя падрыхтавала цэлую плеяду прафесійных артыстаў і ажыццявіла пастаноўкі опер "Залаты пеўнічак" М.Рымскага-Корсакава (1931) і "Кармэн" Ж.Бізэ (1932).

25 мая 1933 года Дзяржаўны тэатр оперы і балета ў Мінску быў адкрыты операй "Кармэн" з вялікай беларускай спявачкай Ларысай Александроўскай у загалоўнай партыі. Беларусь здабыла цэнтр высокапрафесійнай музычна-драматычнай творчасці і выканальніцкага мастацтва, далучылася да еўрапейскай опернай спадчыны, увайшла ў сусветны культурны працэс.

Першыя спектаклі 1933 года, акрамя "Кармэн" – оперы "Яўген Анегін" і "Пікавая дама" П.Чайкоўскага, "Царская нявеста" М.Рымскага-Корсакава і першая балетная пастаноўка тэатра – "Чырвоны мак" Р.Гліэра. Першае пакаленне мастацка-творчага складу тэатра - І.А. Гітгарц (мастацкі кіраўнік), Г.Н. Пятроў (дырыжор), В.М. Барысевіч (рэжысёр), Л.В. Крамарэўскі і К.Н. Мулер (балетмайстры); оперныя выканаўцы - Л.П. Александроўская, Р.В. Млодэк, С.Ю. Друкер, І.М. Балоцін, М.І. Дзянісаў; салісты балета - А.В. Нікалаева, Т.С. Узунова, Ю.В. Хіраска, С.В. Дрэчын. Акрамя таго, сваім імклівым творчым станаўленнем малады калектыў быў шмат у чым абавязаны буйным майстрам рускай тэатральнай сцэны – дырыжорам Н.Б. Грубіну і У.І. Пірадаву, рэжысёрам І.Ю. Шляпянаву і Б.А. Пакроўскаму, балетмайстрам Ф.В. Лапухову і А.Н. Ярмалаеву, мастаку С.Ф. Нікалаеву.

 

У перыяд з 1933 па 1939 год тэатр асвоіў класічныя оперныя шэдэўры заходнееўрапейскага і рускага рэпертуара, сярод якіх – "Князь Ігар" А.Барадзіна, "Севільскі цырульнік" Дж.Расіні, "Рыгалета" Дж.Вердзі, "Тоска" Дж.Пучыні, "Русалка" А.Даргамыжскага. Пры тэатры працавала балетная студыя, дзе займаліся адораныя дзеці і ўдзельнікі самадзейных кружкоў з усёй Беларусі. Балетная трупа тэатра складалася ў той час больш чым за 100 артыстаў, якія адрозніваліся даволі высокай прафесійнай падрыхтоўкай. Былі пастаўлены балеты "Капелія" Л.Дэліба, "Канёк-гарбунок" Ц.Пуні, "Марная засцярога" П.Гертеля, "Лебядзінае возера" П.Чайкоўскага.

Адной з галоўных сваіх задач тэатр оперы і балета Беларусі лічыў стварэнне нацыянальнага рэпертуара. 10 сакавіка 1939 года прэм'ерай оперы беларускага кампазітара Яўгена Цікоцкага "Міхась Падгорны" было адзначана адкрыццё ўласнага будынка тэатра на Траецкай гары, пабудаванага па праекце вядомага архітэктара Іосіфа Лангбарда. Першым балетным спектаклем, прадстаўленым на новай сцэне ў пастаноўцы знакамітага харэографа Касьяна Галейзоўскага, стаў "Бахчысарайскі фантан" Б.Асаф'ева, які адкрыў новы сезон 1939-1940 гг.

У цэлым, гэты перыяд стаў вельмі плённым для тэатра – былі пастаўлены тры нацыянальныя оперы: "У пушчах Палесся" А.Багатырова, "Міхась Падгорны" (2-я рэдакцыя) Я.Цікоцкага і "Кветка шчасця" А.Туранкова. Акрамя таго, найважнай падзеяй для нацыянальнай культуры і тэатра стала пастаноўка першага беларускага балета "Салавей" М.Крошнера. У чэрвені 1940 года гэтыя спектаклі з вялікім поспехам прайшлі ў рамках Дэкады Беларускага мастацтва ў Маскве.

 

Да вайны прыкметнымі спектаклямі беларускага тэатра, якія шмат у чым вызначылі яго будучае творчае аблічча, сталі: "Мадам Батэрфляй" ("Чыа-Чыа-сан") Дж.Пучыні, "Казкі Гофмана" Ж.Афенбаха, балет "Дон Кіхот" Л.Мінкуса. Апошняя прадваенная прэм'ера тэатра - "Травіята" Дж.Вердзі, якая прайшла 22 сакавіка 1941 года.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945) Беларусь была акупіравана нямецка-фашысцкімі войскамі. Сталіца падверглася найжорсткім бамбаванням і была пераўтворана ў руіны. Шмат артыстаў тэатра адышло на фронт або далучылася да партызанскага руху, шмат стварала франтавыя канцэртныя брыгады і выступала перад салдатамі Савецкага Войска. Тэатр оперы і балета быў эвакуіраваны ў Паволжа Расіі (гарады Горкі і Каўроў), дзе працягваў актыўную творчую дзейнасць.

Адразу пасля вызвалення сталіцы калектыў вярнуўся ў Мінск і ў снежні 1944 года адкрыў сезон прэм'ерай оперы "Алеся" Я.Цікоцкага (дырыжор-пастаноўшчык - М.Э.Шнэйдэрман, рэжысёр-пастаноўшчык - Б.А.Пакроўскі, мастак-пастаноўшчык - С.Ф.Нікалаеў). Гэта падзея адзначыла адраджэнне Нацыянальнага тэатра оперы і балета Беларусі. Пасля рамонту і рэканструкцыі пашкоджанага бамбёжкай будынка тэатра, яго праца аднавілася, і вельмі хутка тэатр увайшоў у лік прызнаных лідараў у культурнай прасторы былога Савецкага Саюза.

Яскравымі падзеямі ў гісторыі нацыянальнага тэатральнага мастацтва пасляваеннага перыяду сталі прэм'еры балета "Князь-возера" В.Залатарова і оперы "Кастусь Каліноўскі" Дз.Лукаса (1949 год). Акрамя таго, у 50-е гады значныя дасягненні беларускага тэатра звязаны з інтэрпрэтацыямі рускай і замежнай опернай класікі – опер "Іван Сусанін" М.Глінкі, "Фаўст" Ш.Гуно, "Дэман" А.Рубінштэйна, "Паяцы" Р.Леанкавала, "Страшны двор" С.Манюшкі, "Мазепа" і "Іяланта" П.Чайкоўскага, "Барыс Гадуноў" М.Мусаргскага, "Садко" М.Рымскага-Корсакава і інш. У 1953 годзе быў пастаўлены і адзін з найпапулярных спектакляў тэатра, які з вялікім поспехам выконваўся да 2008 года – опера Дж.Вердзі "Аіда" (дырыжор-пастаноўшчык - Л.Любімаў, рэжысёр-пастаноўшчык - Л.Александроўская). Разам з тым, важную частку творчага працэсу склалі пастаноўкі твораў савецкіх і нацыянальных кампазітараў – опер "Ціхі Дон" І.Дзяржынскага, "Маладая гвардыя" Ю.Мейтуса, "Марынка" Г.Пукста, "Купальская ноч" і "Ясныя світанак" А.Туранкова, "Надзея Дурава" А.Багатырова; балетаў "Аповесць пра каханне" і "Паламяныя сэрцы" В.Залатарова, "Падстаўная нявеста" Г.Вагнера, а таксама класічных балетаў – "Эсмеральда" Ц.Пуні, "Жызэль" і "Карсар" А.Адана, "Баядэрка" Л.Мінкуса, усе балеты П.Чайковского.

У наступныя гады, аж да распаду СССР, беларускі тэатр меў устойлівую рэпутацыю аднаго з самых яскравых і творча жыццяздольных калектываў. Яго высокі мастацкі ўзровень у розны час вызначалі такія вядомыя дырыжоры, як: Анісім Брон, Леў Любімаў, Таццяна Каламійцава, Яраслаў Вашчак, Уладзімір Машэнскі, Генадзь Праватораў, Аляксандр Анісімаў; рэжысёры Алег Маралёў, Дзмітрый Смоліч, Юрый Южанцаў, Сямён Штэйн, Вячаслаў Цюпа, Маргарыта Ізворска-Елізар'ева; мастакі Яўген Чамадураў, Эрнст Гейдэбрэхт, Яўген Ждан, Вячаслаў Окунеў.

Новы этап развіцця нацыянальных традыцый у балеце звязаны з творчасцю кампазітара Яўгена Глебава – на сцэне тэатра былі пастаўлены тры яго балета – "Мара", "Альпійская балада" і "Выбранніца". Сярод беларускіх опер, прысвечаныя розным этапам гісторыі нашай краіны - "Зорка Венера" (1970) і "Новая зямля" (1982) Ю.Семянякі, "Сівая легенда" (1978) Дз.Смольскага, "Сцежкаю жыцця"(1980) Г.Вагнера, "Дзікае паляванне караля Стаха" (1989) У.Солтана, "Князь Наваградскі" А.Бандарэнкі (1992), "Джардана Бруна" (1977), "Візіт дамы" (1995) і "Юбілей" (2002) С.Картэса, "Майстар і Маргарыта" (1992) Я.Глебава, "Запіскі вар'ята" (2005) В.Кузняцова, "Сіняя Барада і яго жонкі" (2006) В.Капыцько і шэраг іншых. Разам з тым, аснову опернага рэпертуара тэатра склалі шэдэўры італьянскага bel сanto - "Набука", "Баль-маскарад", "Аіда", "Атэла" Дж.Вердзі, "Мадам Батэрфляй", "Тоска", "Багема" і "Турандот" Дж.Пучыні, класічныя оперы рускіх кампазітараў. Найважнымі падзеямі ў гісторыі беларускага тэатра сталі грандыёзныя пастаноўкі опер "Арэстэя" С.Танеева, "Вайна і мір" С.Пракоф'ева, "Барыс Гадуноў" і "Хаваншчына" М.Мусаргскага, "Ледзі Макбет Мцэнскага павета" ("Кацярына Ізмайлава") Дз.Шастаковіча.

Дзейнасць балетнай трупы ў 80-90-е гады характарызуецца бесперапынным узбагачэннем рэпертуара шэдэўрамі класікі і далейшым засваеннем лексікі сучаснай харэаграфіі. Пастаноўкі Валянціна Елізарьева - "Кармэн-сюіта", "Стварэнне свету", "Спартак", "Шчаўкунок", "Балеро", "Жар-птушка", "Вясна свяшчэнная" – сталі візітнай карткай калектыва, як на Радзіме, так і за мяжой.

Вялікім мастацкім дасягненнем балетнай трупы стала пастаноўка балета "Тыль Уленшпігель" (музыка Я. Глебава, сцэнаграфія Я. Лысіка). Гісторыя і сучаснасць знайшлі сваё адлюстраванне ў балеце на музыку С. Пракоф'ева "Рамэо і Джульета". Упершыню на тэрыторыі былога Савецкага Саюза ўвасобілася ў тэатральным дзеянні знакамітая сцэнічная кантата К.Орфа "Carmina Burana". Культурнай падзеяй, якая атрымала значны грамадскі рэзананс, стала пастаноўка балета "Страсці (Рагнеда)" А.Мдзівані, прысвечанага адной з самых трагічных старонак славянскай гісторыі пачатку Х стагоддзя.

У 1996 годзе ў выніку рэарганізацыі адзіны тэатр падзяліўся на тры самастойныя структуры. У 2008 годзе было прынята рашэнне зноў аб'яднаць трупы ў адзіны Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

8 сакавіка 2009 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці тэатра пасля рэканструкцыі.

12 мая 2010 года Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт асвяціў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

У чэрвені 2009 года прайшла прэм'ера беларускай камічнай оперы Я.Д.Голанда "Чужое багацце нікому не служыць", рэканструяванай У.Байдавым і В.Скоробагатавым па аўтэнтычных партытурах кампазітара і ўзнагароджаная Спецыяльнай Прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Сярод спектакляў, пастаўленых у эпоху новага тэатра: оперы "Трубадур", "Набука", "Аіда" і "Рыгалета" Дж.Вердзі, "Тоска" і "Турандот" Дж.Пучыні, "Снягурачка" М.Рымскага-Корсакава, "Севільскі цырульнік" Дж.Расіні, "Сівая легенда" Дз.Смольскага, "Лятучы галандзец" Р.Вагнера, "Пікавая дама" П.Чайкоўскага, новыя рэжысёрскія рэдакцыі опер "Кашчэй Бессмяротны" М.Рымскага-Корсакава, "Князь Ігар" А.Барадзіна, "Яўген Анегін" П.Чайкоўскага; балеты "Папялушка" С.Пракоф'ева, "Шапэніяна" на музыку Ф.Шапэна, "Трыстан і Ізольда" на музыку Р.Вагнера, "Сільфіда" Х.Левенсхольда, "Тамар" на музыку М.Балакірава і "Шэхеразада" на музыку М.Рымскага-Корсакава, "Анюта" на музыку В.Гаўрыліна, "Жызэль" А.Адана, "Серэнада" і "Шчаўкунок, ці Яшчэ адна калядная гісторыя" на музыку П.Чайкоўскага, "Вітаўт" В.Кузняцова, "Шэсць танцаў" на музыку В.А. Моцарта, "Сем прыгажунь" К.Караева, "Па-дэ-катр" Ц.Пуні і Гран па з балета "Свята кветак у Чынзана" Э.Хэльстеда.


Сярод пастаноўшчыкаў спектакляў Вялікага тэатра Беларусі – выбітныя майстры балетнага і опернага мастацтва - Н.Далгушын, А.Ліепа, У.Васільеў, Н.Кунінгас, П.Карталаў, прадстаўнікі фондаў Дж.Баланчына і І.Кіліяна. У перыяд з 2009 па люты 2014 у тэатры ажыццявілася 40 прэм'ер. На сёння рэпертуар уключае 71 спектакляў. Пастаноўкі тэатра нязменна становяцца лаўрэатамі ганаровых дзяржаўных і міжнародных прэмій.


Развіваецца актыўнае міжнароднае супрацоўніцтва тэатра – заключаны 23 мемарандума з найбуйнымі опернымі тэатрамі краін блізкага і далёкага замежжа, беларускія выканаўцы ўвесь час гастралююць, імёны выдатных замежных артыстаў, пастаноўшчыкаў і калектываў усё часцей з'яўляюцца ў афішах тэатра. Сярод іх – Ю.Башмет, У.Лапаткіна, Н.Ананіяшвілі, Ф.Рузіматаў, Х.Герзмава, А. і І.Леепа, У.Ванееў, І.Макарава, І.Гардзей, А.Агадзі, Т.Гугушвілі, трупы Вялікага тэатра Расіі, Цэнтра сцэнічнага мастацтва ім. Сюзан Далаль (Ізраіль), Грузінскага дзяржаўнага балета, тэатра "Кіеў мадэрн-балет" пад кіраўніцтвам Раду Паклітару, праект "Рускія сезоны 21 стагоддзя", Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра ім. К.С. Станіслаўскага і Вл.І. Неміровіча-Данчанкі, Латвійскай Нацыянальнай оперы, Тэатра балета Б.Эйфмана, Маскоўскага тэатра "Новая опера" ім. Я.В.Колабава, Азербайджанскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, Нацыянальной танцавальной кампаніі Уэльса (Вялікабрытанія), Санкт-Пецярбургскага акадэмічнага тэатра балета імя Л.Якабсона, Нацыянальнай оперы "Эстонія".


Сёння салісты Вялікага тэатра Беларусі з гонарам працягваюць выканальніцкія традыцыі сваіх услаўленых папярэднікаў. У тэатры працуюць 67 творчых працаўнікоў, ганараваных высокімі дзяржаўнымі узнагародамі, шмат артыстаў з'яўляюцца лаўрэатамі Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, Гранд-прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і інш.


Унікальным праектам тэатра стала адкрыццё яго філіялаў у Магілёве, Наваполацку, Гомелі. Буйнымі культурнымі праектамі тэатра пасля рэканструкцыі сталі Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, Маладзёвы оперны форум краін СНД, фестываль опернага і балетнага мастацтва "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў", Вялікі навагодні баль у Вялікім тэатры. Улетку 2014 года быў адкрыты новы грандыёзны праект – фестываль "Балетнае лета ў Вялікім". Беларускі тэатр імкнецца, пашыраючы геаграфію выступленняў майстроў сцэны, прадстаўляць скарбы сусветнага класічнага музычнага мастацтва беларускім гледачам ва ўсіх рэгіёнах краіны, павялічваць аўдыторыю, ствараць больш магчымасцяў для эстэтычнага выхавання маладога пакалення і прылучэння гледачоў да высокага мастацтва.


У 2009 годзе ў тэатры была створана Музычная гасцёўня, пасля пераназваная ў Камерную залу ім. Л.П.Александраўскай. Канцэрты вакальнай і інструментальнай музыкі розных эпох і стыляў і аднаактовыя класічныя і сучасныя оперныя спектаклі, ажыццёўленыя ў рамках праекта "Музычныя вечары ў Вялікім" на сцэне Камернай залы, ставяцца да найболей значных творчых падзей беларускага опернага тэатра. З 2012 года ў тэатры адкрыўся праект "Вечары сучаснага балета на Малой сцэне", у рамках якога прайшлі прэм'еры эксперыментальных спектакляў маладых харэографаў О.Костель ("Метамарфозы" на музыку І.С. Баха), Ю.Дзятко і К.Кузняцова ("Зала чакання" А.Хадоскі).


Пацвярджаецца і высокі міжнародны прэстыж беларускага тэатра – з вялікім поспехам у апошнія гады прайшлі гастролі балета ў Егіпце, ААЭ, Італіі, Мексіцы, Кітаі, Карэі, Літве, Іспаніі, Францыі (Парыж), Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі. Адноўленыя пасля доўгага перапынку гастролі ў Еўропе сведчаць пра высокі прафесійны статут калектыва.


"Гонарам і сапраўдным нацыянальным здабыткам, візітнай карткай дзяржавы і адным з сімвалаў яго незалежнасці" назваў тэатр Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Г.Лукашэнка. У 2014 годзе Вялікаму тэатру Беларусі быў ўручаны памятны медаль "Пяць кантынентаў" за ўнёсак у сусветную культуру і па выпадку 60-годдзя членства Рэспублікі Беларусь у ЮНЭСКА.

Партнёры