Навiны

Вялікі тэатр у Кітаі!

 

З 27 мая ў Пекіне пачнуцца Дні культуры Беларусі ў Кітаі. Безумоўна, прыемна, што на закрыцці гэтага свята жыхары Паднябеснай убачаць цудоўную пастаноўку Вялікага тэатра – балет Пятра Чайкоўскага "Лебядзінае возера". Беларускія артысты пакажуць два спектаклі – 30 і 31 мая.

– Гэты балет сапраўды карыстаецца вялікай папулярнасцю і любоўю ў Кітаі, – кажа мастацкі кіраўнік балетнай трупы Вялікага тэатра народны артыст Беларусі Юрый Траян. – Хоць мы ўжо больш за 10 разоў выступалі ў Кітаі, у Нацыянальным цэнтры выканальніцкіх мастацтваў танцаваць будзем упершыню. Гэта суперсучасны будынак, мабыць, галоўная тэатральная пляцоўка краіны, і выступаць там будзе, безумоўна, цікава. Трэба сказаць, што ехаць на Дні культуры Беларусі і прадстаўляць нашу рэспубліку ў Кітаі – гэта і прэстыжна, і адказна, улічваючы ўзровень гэтай краіны, узровень яе развіцця і ўзровень прафесійнага майстэрства кітайскіх артыстаў, якія лічацца аднымі з наймацнейшых у свеце. Але ўпэўнены: і мы пакажам сур'ёзны ўзровень выканання, бо едуць адны з лепшых салістаў нашага тэатра – у галоўных партыях Адэты-Адыліі і Зігфрыда будуць занятыя Людміла Хітрова, Яна Штангей, Алег Яромкін і Ягор Азаркевіч. Наогул, едзе 45 беларускіх артыстаў – гэта мінімум, які неабходны, каб адбыўся добры спектакль. Не варта забываць, што беларускі Вялікі – тэатр рэпертуарны, і гледачы, якія прыйдуць у гэтыя дні да нас, таксама павінны ўбачыць балеты годнага ўзроўню. Дарэчы, у тэатры два камплекты дэкарацый і касцюмаў да пастаноўкі "Лебядзінае возера", таму мы можам сур'ёзна і спакойна танцаваць гэты балет у двух розных кропках свету. Вядома, будзе складана на новым месцы, але з намі едуць нашы тэхнічныя спецыялісты з вялікім вопытам работы, ды і чакае нас у Кітаі выдатна абсталяваны тэатр і прафесіяналы, якія абавязкова нам дапамогуць. Так што нам застаецца толькі выдатна станцаваць.

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры