Навiны

Сарсуэла. Свята галубкі

 

Ужо ў трэці раз гледачы змогуць атрымаць асалоду ад хвалюючай і выдатнай іспанскай музыкі. Дарэчы, пра квіткі на канцэрт "Сарсуэла. Свята галубкі” трэба паклапаціцца загадзя. Як паказвае вопыт двух папярэдніх вечароў, запаветныя квіткі на яго купляюць вельмі хутка.
Святлана Колас-Іванова, лаўрэат міжнародных конкурсаў, канцэртмайстар: «Калі ў першым аддзяленні мы дакранемся да класікаў іспанскай музыкі (Мануэль дэ Фалья, Хаакін Нін, Язэп Альбеніс, Рупэрта Чапі), то ў другім (таксама ў выкананні нашых салістаў Наталлі Акінінай, Алены Таболіч і Аляксандра Міхнюка) – прагучаць папулярныя кампазіцыі La Paloma, Volare, Quizas. Віртуозную ігру на гітары прадэманструе малады і бязмерна таленавіты музыкант Яраслаў Макарыч. Але, як аказалася, спявак беларускага Вялікага Андрэй Кліпо таксама прафесійна іграе на гітары, нават больш за тое – спявае па-іспанску. Грэх было гэтым не скарыстацца – дуэт музыкаў абавязкова будзе ў праграме. Дарэчы, нас чакае і яшчэ адзін незвычайны дуэт: на сцэне малой залы запальныя іспанскія танцы мы ўбачым у выкананні Алены Аліпчанка, выкладчыка фламенко, і... Алены Таболіч. Такіх цудоўных спалучэнняў самых розных талентаў артыстаў будзе ў гэты вечар нямала. Тым больш, што адчуць атмасферу сонечнай Іспаніі нам дапамогуць і Андрэй Баранаў – кантрабас, і Валерый Кардаільскі – ударныя.
Кожны твор у праграме вельмі складаны ў тэхнічных адносінах, бо ў іспанскай музыцы кіпяць сапраўдныя страсці…»
Алена Таболіч, лаўрэат міжнародных конкурсаў, сапрана: «Іспанская музыка прыгожая да вар'яцтва. Слухаеш яе – і мурашкі па скуры бягуць! Такое адчуванне, што гэта спявае проста твая душа. Так, праграма разнастайная і насычаная – вакал, гітары, ударныя, фламенка, раяль, кастанеты, кантрабас. Але гэты вечар быў бы не поўны без... паэзіі. Вершы Федэрыка Гарсія Лоркі, як і песня "О, галубка мая!”, стануць той чырвонай ніткай, якая звяжа ўсе гэтыя дзейства разам..."

Выконваюць вядучыя салісты оперы: лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў Алена Таболіч, Наталля Акініна, Аляксандр Міхнюк і Андрэй Кліпо
Рэжысёр – Алена Медзякова
Партыя фартэпіяна – лаўрэат міжнародных конкурсаў Святлана Колас-Іванова
Гітара – лаўрэат і дыпламант нацыянальных і міжнародных конкурсаў Яраслаў Макарыч
Кантрабас – Андрэй Баранаў
Фламенка – Алена Аліпчанка
Ударныя – Валерый Кардаільскі

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры