Нацыянальныя спектаклі на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.
Нянавісць, якая знішчыла каханне… Каханне, якое стала бессмяротным…
Нацыянальная опера "Сівая легенда" на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. 13 кастрычніка і 1 снежня на сцэне Вялікага тэатра Беларусі - "Сівая легенда" Дз.Смольскага
Шляхціч Раман Ракутовіч заручаны з княжацкай халопкай Ирынай. Жонка князя Кізгайлы закаханая ў Романа. Жаночая здрадлівасць у момант ператворыць шматгадовае сяброўства Кізгайлы і Рамана ў сляпую нянавісць, іскра асабістай варажнечы распаліць вогнішча варожасці народнай, і сцены княжацкага замка разбурацца пад націскам народнага паўстання.
Опера "Сівая легенда" па матывах аднайменнай гістарычнай аповесці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча ў 2012 годзе атрымала другое нараджэнне, амаль праз трыццаць гадоў з прэм'еры першай рэдакцыі 1978 года. Дарэчы, лібрэта оперы напісаў сам Уладзімір Караткевіч на музыку Дзмітрыя Смольскага. Паводле пісьменніка, любоў да жанчыны перарастае ў любоў да Радзімы, або наадварот, але без Радзімы каханне немагчыма.
У 2012 годзе спектакль быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Два каралі - адна карона. Два мужчыны - адна жанчына. Абавязак, каханне, вернасць і варожасць.
25 лістапада - "Вітаўт" В.Кузняцова на сцэне Вялікага тэатра Беларусі
Лібрэта будучага балета было створана па п’есе Аляксея Дударава, па матывах якой быў пастаўлены аднайменный драматычны спектакль, які з поспехам ішоў на сцэне Купалаўскага тэатра.
У балеце "Вітаўт" цесна пераплятаюцца гістарычныя падзеі, легенды і фантазія стваральнікаў. З рэальнага тут - паланенне Вітаўта стрыечным братам Ягайлам і ўцёкі з Крэўскага замка, з фантазійнага - лірычная лінія кахання князя і яго будучай жонкі Ганны, а таксама беларускі фальклор, яскрава ўвасоблены у сцэне Купалля.
Балет «Вітаўт» вяртае гледача да залатых старонак беларускай гісторыі, да нашых каранёў і доследу продкаў.
У 2015 годзе балет быў удастоены прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».
9 снежня на сцэне Вялікага тэатра Беларусі - "Страсці (Рагнеда)" А.Мдзівані
Гісторыя жыцця нескаронай дачкі полацкага князя Рагвалода - адна з самых выбітных ва ўсёй беларускай гісторыі.
Непакорлівая і наравістая прыгажуня-князёўна, заручаная з кіеўскім князем Ярополкам, адмовіла ў шлюбе яго брату - наўгародскаму князю Уладзіміру. Разгневаны Уладзімір з дружынаю пайшоў на Полацк, знішчыў Рагвалодаву сям'ю, а Рагнеду гвалтам узяў у жонкі. Неузабаве ён расправіўся і з родным братам, чым здабыў сабе кіеўскі трон.
У 1996 годзе балет "Страсці (Рагнеда)" быў адзначаны найвышэйшай узнагародай Міжнароднай асацыяцыі танца — прэміяй “Бенуа дэ ля данс”.