З 25 мая па 8 чэрвеня Вялікі тэатр Беларусі прадставіць жыхарам расійскіх гарадоў: Ёшкар-Алы, Казані, Уфы, Чэлябінска, Цюмені - балетныя спектаклі, якія заўсёды збіраюць аншлагі ў Мінску, - балеты "Лебядзінае возера" і "Ганна Карэніна". У гастрольны тур адпраўляюцца больш за 60 чалавек.
Пачнуцца гастролі 25 мая – на сцэне Марыйскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя Э.Сапаева будзе гучаць музыка П.Чайкоўскага – Беларускі балет пакажа пастаноўку В. Касцель «Ганна Карэніна».
Гэты ж балет будзе паказаны на сцэне Татарскага акадэмічнага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя Мусы Джаліля 26 і 27 мая - у рамках ХХХVI Міжнароднага фестывалю класічнага балета імя Р. Нурыева ў Казані.
Далей спектакль «Ганна Карэніна» убачаць у Башкірскім дзяржаўным тэатры оперы і балета ва Ўфе - 30 і 31 мая.
З 2 па 6 чэрвеня Вялікі тэатр Беларусі ўпершыню выступіць на сцэне Чэлябінскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя М.І.Глінкі. У рамках XIV Міжнароднага фестывалю балета "У гонар Кацярыны Максімавай" будуць паказаны балеты "Лебядзінае возера" і "Ганна Карэніна". Дырыжыраваць гэтымі спектаклямі ў Чэлябінску будзе дырыжор беларускага Вялікага тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка.
Завершацца гастролі 8 чэрвеня ў Цюменскай філармоніі паказам балета "Ганна Карэніна".
Галоўныя партыі ў пастаноўках выканаюць вядучыя салісты балета Вялікага тэатра: народныя артысты Беларусі Антон Краўчанка, Ігар Артамонаў, заслужаныя артысты рэспублікі Людміла Хітрова, Марына Вежнавец, Юрый Кавалёў, а таксама Канстанцін Белахвосцік, Вікторыя Трэнкіна, Таццяна Уласень, Уладзімір Руда і інш.