Архив новостей

Юбілейны вечар ансамбля “Харошкі”

 

У 2019 годзе адзначае юбілей адзін з сімвалаў беларускага нацыянальнага мастацтва – Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі” пад кіраўніцтвам народнай артысткі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянціны Гаявой. Сваё 45-годдзе знакаміты калектыў святкуе серыей юбілейных канцэртаў, фінальным акордам якой стане маштабная імпрэза ў Вялікім тэатры Беларусі 23 лістапада.

 

«Ансамбль “Харошкі” – жывая легенда беларусаў», – такой фразай як правіла пачынаюцца анонсы выступленняў калектыву ў самых розных гарадах. І гэта, безумоўна, праўда. Гледачы шмат якіх краін свету ў лепшых канцэртных залах апладзіравалі віртуознаму майстэрству беларускіх артыстаў. Але не толькі гастрольная геаграфія здабыла калектыву славу легенды. Самае галоўнае – ужо 45 год ансамбль “Харошкі” спрыяе захаванню шматвяковых нацыянальных традыцый і папулярызуе беларускае нацыянальнае мастацтва. За праграмамі ансамбля заўсёды стаіць плённая праца па даследаванню старажытнай культуры: танцаў, найгрышаў, спеваў. Вялікае значэнне надаецца сучаснай інтэрпрэтацыі фальклорных твораў, якія раней ніколі не гучалі з вялікай сцэны, а таксама адраджэнню музычных інструментаў: у канцэртных праграмах публіка мае рэдкую магчымасць у жывым выкананні чуць старадаўнія беларускія народныя інструменты: ліру, гудок, дыятанічныя цымбалы, басэтлю, паганскія кмены і інш.

 

Нават касцюмы ансамбля “Харошкі” маюць мастацкую і этнаграфічную каштоўнасць, бо амаль кожны эскіз таксама з’явіўся ў выніку сур'ёзнай даследчай работы. Многія з іх (усяго звыш 6000!) неаднойчы экспанаваліся на самых прэстыжных выставах.

 

Усё 45-гадовае існаванне ансамбля “Харошкі” абвеяна святлом вялікай асобы – мастацкага кіраўніка калектыву Валянціны Іванаўны Гаявой. Менавіта яна – яскравы таленавіты харэограф і мудры настаўнік – з’яўляецца пуцяводнай зоркай “Харошак”, якая вызначае сучаснасць і будучыню калектыву, і менавіта ёй калектыў абавязаны сваёй славутай гісторыяй. За 45 гадоў створаны не адзін дзесятак аўтарскіх праграм, якія нават называюць фальклорнымі балетамі, а сам ансамбль “Харошкі” – тэатрам танца Валянціны Гаявой.

 

Адзін з найбольш каштоўных дыяментаў сваёй скарбніцы – “Полацкі сшытак”, маляўнічыя карціны беларускай старажытнасці – “Харошкі” прэзентуюць і падчас імпрэзы ў Вялікім тэатры. Ансамбль рыхтуе і сюрпрыз – прэм’еру новага музычна-харэаграфічнага твора. Наогул, святочны канцэрт будзе незвычайным нават для гэтага калектыву: у адзінай праграме аб’яднаюцца не толькі даўніна і сучаснасць беларускай культуры, але і яе розныя стылявыя вектары – народны і акадэмічны, бо на сцэну тэатра ў гэты вечар выйдуць таксама і знакамітыя артысты Вялікага тэатра.

 

 
0
0
0
s2sdefault

ПАРТНЕРЫ