Архив новостей

Караткевіч у Вялікім

 

Караткевіч і яго «Легенда»

Вялікі тэатр Беларусі далучаецца да мерапрыемстваў, што ладзяцца ў год юбілею класіка беларускай літаратуры Ўладзіміра Караткевіча: 1 снежня на нашай сцэне – опера «Сівая легенда». Гледачы могуць атрымаць запрашальныя квіткі на гэты вечар.


На Беларусі Бог жыве –
І няхай давеку жыве.
Ул. Караткевіч



Сёння, 26 лістапада, нарадзіўся класік беларускай літаратуры Ўладзімір Караткевіч. «Так супала, што ў часы асноўных зменаў у нашай сучаснай гiсторыi менавiта кнiгi Караткевiча дапамагалi ў чорныя гадзiны сумненняў i роспачы, – пісаў Адам Глобус. – Кожная беларуская сям’я мусiла мець ягоны дзевяцiтомны збор твораў. У гэтым сэнсе Караткевiчу пашанцавала больш за iншых. Карыстаючыся сучасным вызначэннем, можна сказаць: Караткевiч – культавы пiсьменнiк. Але, добра ведаючы дзядзьку Валодзю, думаю: яму б не спадабалася такое вызначэнне. Таму напiшу iнакш... Уладзiмiр Караткевiч – легендарны беларускi лiтаратар…»

У гэты год Вялікі тэатр Беларусі таксама далучаецца да шматлікіх імпрэз, праектаў, праграм, выстаў, якія ладзяцца ў музеях, бібліятэках, кінатэатрах, галерэях і г.д. да 90-годдзя з дня нараджэння Караткевіча. 1 снежня гледачы пабачаць сапраўдны шэдэўр нацыянальнай оперы – «Сівую легенду» Дз. Смольскага. На сцэне паўстане Магілёў XVII стагоддзя. «Гэта опера – адна з лепшых і арыгінальных у Вялікім», – пішуць музыкальныя крытыкі пра «Сівую легенду», лібрэта да якой напісаў сам Уладзімір Караткевіч. XVII стагоддзе – час непрыступных замкаў, паляванняў, нобіляў, радавітых шляхціцаў… І ўсё ж такі гэта гісторія – пра каханне, якое вышэй за ўсё і пра якое ствараюцца легенды… 1 снежня на сцэне беларускага Вялікага – зоркі нашага тэатра: Аксана Волкава, Ніна Шарубіна, Сяргей Франкоўскі, Уладзімір Громаў. За дырыжорскім пультам – Алег Лясун.

Вельмі важна, каб у гэты няпросты час гучала мова Караткевіча – яркая, незабыўная, гучалі яго вершы, яго радкі, яго цытаты, якія дораць надзею, якія становяцца глебай, што не дае ўпасць, паветрам, што не дае апусціць крылы…

Дарагія гледачы! Станьце і вы часткай нашага вечара, прымеркаванага да 90-гадовага юбілею Ўладзіміра Сямёнавіча, – прачытайце вершы ці радкі з любімага яго твора, зрабіце невялічкае відэа і павыкладвайце гэты запіс у любую сацыяльную сетку. З абавязковымі хэштэгамі #Караткевіч #чытаемразам #матчынамова #маямова. Мы абавязкова будзем сачыць за вашай актыўнасцю, а гледачы, якія праявяць сябе найбольш цікава, атрымаюць падарунак – запрашальны квіток на вечар 1 снежня – на оперу «Сівая легенда».


Дзякуй, што #мы_разам і #вы_з_намі

 

 

0
0
0
s2sdefault

ПАРТНЕРЫ