Архив новостей

Гісторыя. Тэатр. Спадчына

 

«Беларуская культура ўнікальная: арыентаваная адначасова на захад і ўсход, яна быццам бы звязвае два мастацкія сусветы и сама ў той жа час становіцца глебай. У ёй доўжацца карані традыцый, з яе прарастаюць гнуткія сцябліны творчасці, для якой ніколі не будзе межаў, бо яна сама -мяжа: вялікая зона паміж заходнім і ўсходнім, былым і будучым. Тэатр заўсёды з’яўляецца адлюстраваннем тых культурных і палітычных працэсаў, якія фарміруюць грамадства эпохі. Тэатр назапашвае культурны вопыт і транскрыбіруе яго, становіцца і нашчадкам традцыі, і яе носьбітам, ахоўнікам і стваральнікам. На скрыжаванні еўрапейскіх шляхоў паўстаў своеадметны і абсалютна непаўторны феномен сусветнай культуры -беларускі музычны тэатр. Захаванне гэтай бясцэннай спадчыны - місія Вялікага тэатра Беларусі» – такімі словамі адкрываецца буклет “Гісторыя. Тэатр. Спадчына”, што Вялікі спецыяльна падрыхтаваў да сённяшняга дня. Тэатр стаў цэнтрам, дзе прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дзён еўрапейскай спадчыны. Гасцямі тэатра сталі кіраўнікі тэатральных устаноў, музеяў і бібліятэк з усёй Беларусі, прадстаўнікі аблвыканкамаў, Мiнскага гарвыканкама і інш. Адкрываў мерапрыемства міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч.

 

Ля Камернай залы можна было пазнаёміцца з афішамі замежных гастроляў Вялікага, а таксама пабачыць сцэнiчныя касцюмы Таццяны Лісавенка да спектакля “Дзiкае паляванне караля Стаха” – гэтай прэм'ернай операй Уладзіміра Солтана Вялікі тэатр Беларусі распачаў свой 89-ты сезон. Таксама для гасцей тэатра была падрыхтавана экскурсія і тэатралізаваны канцэрт рэжысёра Галіны Галкоўскай “У час шумнага балю…”, у якім прынялі ўдзел салісты оперы тэатра: Ніна Шарубіна, Алена Золава, Алена Бундзелева, Ганна Гур’ева, Вольга Маліноўская, Таццяна Пятрова, Іна Русіноўская, Клаўдзія Пацёмкіна, Марына Аксёнцава, Алег Мельнікаў, Андрэй Кліпо, Аляксей Мікуцель, Андрэй Мацюшонак, Сяргей Лазарэвіч, Васіль Мінгалёў, Аляксандр Жукаў. За раялем была Ірына Целяпнёва.

 

Дні еўрапейскай спадчыны – шырокамаштабная культурная акцыя, якая была афіцыйна зацверджана Саветам Еўропы ў 1991 годзе. На працягу верасня краіны, якія падпісалі Еўрапейскую культурную канвенцыю Савета Еўропы (1954), праводзяць мерапрыемствы для знаёмства сваіх грамадзян і гасцей з іншых дзяржаў з аб'ектамі культурнай і прыроднай спадчыны, што стагоддзямі беражліва захоўваюцца на іх тэрыторыях. Дні еўрапейскай спадчыны – гэта магчымасць адкрыта зірнуць на свет вакол нас, даведацца тое, пра што раней і не здагадваліся, нарэшце зразумець: як бы мы ні адрозніваліся адзін ад аднаго, ва ўсіх нас ёсць нешта агульнае, якое дазваляе ганарыцца сваім мінулым, адчуваць сваю датычнасць да гісторыі і фармаваць будучыню. Бо тое, што застанецца пасля нас, тое, што нашы нашчадкі будуць называць сваёй спадчынай, мы захоўваем і ствараем ўжо сёння…

 

0
0
0
s2sdefault

ПАРТНЕРЫ