Архив новостей

“Беларускія прэм’еры”

 

Экскурсии и фотосессии

 

Дзмітрый Шабеця служыць у Вялікім тэатры Беларусі трэці сезон. І за гэты час яго творчая скарбонка папоўнілася такімі вядучымі тэнаровымі партыямі, як: Самсон («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Вадэмон («Іаланта» П.Чайкоўскага), Дубатоўк («Дзікае паляванне караля Стаха» Ул.Солтана), Раберта («Вілісы.Фатум» Дж.Пучыні), Каварадосі («Тоска» Дж. Пучыні), Генрых («Лятучая мыш» І.Штраўса), Доктар Фаўст («Фаўст» Ш.Гуно).

 

У пачатку снежня 2021 года беларускі тэнар стаў лаўрэатам 3-й прэміі Х Міжнароднага конкурсу оперных спевакоў «Санкт-Пецярбург». Да гэтага, у 2015-м, ён узяў Першую прэмію Міжнароднага конкурсу-фестывалю «Мастацтва XXI стагоддзя» (Украіна, Кіеў).

 

 
 

Узімку Дзмітрый Шабеця стаў дыпламантам Міжнароднага конкурсу вакалістаў – выканаўцаў італьянскай оперы Competizione dell’Opera-2022, які праходзіў 25-ы раз у Вялікім тэатры Расіі. З 600 прэтэндэнтаў у першы паўфінал прайшлі 120 чалавек, у другі – 52, у фінал – 12. Якраз у гэты тузін трапіў саліст беларускай оперы.

 

1 сакавіка 2022 года Дзмітрый Шабеця атрымаў грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – на рэалізацыю аўтарскага праекта «Беларускія прэм'еры», які накіраваны на далейшае развіццё і папулярызацыю беларускай культуры. Канцэрты ў рамках гэтага праекту ўжо прайшлі ў Музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку, у Лідскім замку, у Музыкальным каледжы імя М.І. Глінкі, ў Маскве – Дзмітрый Шабеця разам з калегамі і сябрамі па тэатры выступаў у амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Расіі, а таксама на фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне і на «Вечарах Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» у Нясвіжы.

 

У праграме “Беларускія прэм’еры” – творы сучасных беларускіх кампазітараў Алены Атрашкевіч, Кацярыны Гігевіч, Аліны Безенсон, Вячаслава Пяцько, Віктара Кісценя, а таксама знакамітыя рамансы Юрыя Семянякі, Уладзіміра Алоўнікава і народныя песні. Паразмаўлялі з аўтарам праекта – Дзмітрыем Шабецей напярэдадні канцэрта 5 ліпеня.

 

Што натхніла Вас на стварэнне гэтага аўтарскага праекту?

  • Калі рыхтаваў партыю Рамана для оперы «Сівая легенда», проста ўлюбіўся і ў гэтую музыку Дзмітрыя Смольскага, і ў гэтыя словы, створаныя Уладзімірам Караткевічам. А калі пачаў працаваць над вобразам Дубатоўка ў «Дзікім паляванні караля Стаха» Уладзіміра Солтана, мне сапраўды падарыў творчае натхненне гэты твор неверагоднай прыгажосці, моцы, таленту. Мабыць, тады і ўзнікла жаданне папулярызаваць нашу беларускую музыку.

 

З чаго пачаліся «Беларускія прэм'еры»?

  • З музыкі... І сустрэчы з таленавітым кампазітарам Аленай Віктараўнай Атрашкевіч, якая мяне па-добраму ўразіла. Я ж ехаў і не разумеў яшчэ, ці спрацуе мая ідэя, ці атрымаецца нешта з задуманага. Падаецца, я сам адносна нядаўна скончыў Акадэмію музыкі, дзе мы па праграме выконвалі беларускія творы. Але аказалася, што беларускіх рамансаў напісана так шмат, і так шмат выдатных, якія павінны гучаць і якія проста абавязаны пачуць нашыя слухачы. Алена Віктараўна адарыла мяне сваімі творамі і пазнаёміла з працамі калегаў. Калі я ад'яджаў ад яе, то вёз з сабой вялікі стос нот. Я адразу ж прыехаў да нашага дзіўнага канцэртмайстра Юліі Шчарбаковай. І пачалася праца – усё сыграць, паслухаць, выбраць, не ўпусціць чагосьці сапраўды важнага.

 

Рамансы, якія напаўняюць праграму, падбіралі асаблівым чынам?

  • Імкнуліся падабраць праграму так, каб яна лёгка і лагічна перасякалася з класічнымі беларускімі рамансамі і народнымі песнямі. Так, у канцэрце гучаць сачыненні самага рознага характару – сумныя, вясёлыя, гульнявыя, але я лічу, што “хіты” неабходны ў любым выпадку. Таму з'явіліся «Не за вочы чорныя» Семянякі ці «Я люблю» Алоўнікава. Праграма крыху змяняецца і вар'іруецца ў залежнасці ад таго, хто разам са мной прымае ў ёй удзел. Безумоўна, упрыгожаннем канцэртаў становяцца мае калегі – народная артыстка Беларусі Настасся Масквіна, салісты оперы Марыя Галкіна, Вольга Маліноўская, Андрэй Сялюцін, канцэртмайстры Юлія Шчарбакова, Анастасія Дубоўская. Так, у Мінскім музычным каледжы інструментальныя творы кампазітараў выканаў струнны квартэт артыстаў аркестра Вялікага тэатра Беларусі «Vivat-quartet». Гэты ж калектыў прымаў удзел і ў канцэрце ў тэатральнай зале ў Нясвіжы.

 

Ці ўсё ж ёсць цяжкасці пры выкананні сучасных беларускіх рамансаў?

  • Гэта карысная музыка для твайго голасу, выконваць яе проста неабходна, на рамансах ты расцеш як вакаліст. Але ў маёй праграме сучасныя рамансы вельмі розныя па дыяпазоне, і ў гэтым ёсць складанасць. Часам пасля такой праграмы стамляешся, нібы пасля паўнавартаснага спектакля ці пасля канцэрта оперных арый. Але ўсё ж арыі, якімі б складанымі яны ні былі, напісаны выключна для тэнара, а тут ёсць нюансы.

 

Ці ёсць твор, які неяк па-асабліваму Вас кранае?

  • Магу расплакацца, калі чую «Пакаяную малітву» Аліны Безенсон. Гэта вельмі глыбокі кампазітар, яе творы выклікаюць асаблівыя эмоцыі. «Ой, вы, думкі» Кацярыны Гігевіч на словы Якуба Коласа – вельмі прыгожы твор, дзе ёсць, што выканаць спеваку, і ёсць, дзе паказаць сябе канцэртмайстру. Так, сачыненне цяжкае для выканання, але гэтыя выклікі для вакаліста заўсёды цікавыя. Адны з самых меладычных твораў – у Алены Атрашкевіч. Я б ужыў у дачыненні да іх слова «папсовыя», але выключна ў добрым сэнсе. Існуюць творы, якія назаўжды хочацца ўзяць у сваю творчую скарбонку, і гэта тычыцца кампазітара Атрашкевіч. Дзіўна адкрыты чалавек, які гарыць працай і запальвае ўсіх навокал.

 

Ужо не адзін канцэрт Вы правялі, але праграма ў Мінскім музычным каледжы імя М.І. Глінкі стала для Вас асаблівай?

  • Мабыць, так. На сцэне каледжа ўвогуле выступаць адказна. Але гэта яшчэ быў першы канцэрт, на якім прысутнічалі кампазітары, чые творы ўвайшлі ў праграму, - Кацярына Гігевіч, Аліна Безенсон, Вячаслаў Пяцько. Было неверагодна прыемна, калі яны падышлі і сказалі аб тым, што рэдка можна пачуць, калі беларускія рамансы выконваюцца ў такім пазітыўным ключы і такімі моцнымі прыгожымі галасамі. Ад прафесіяналаў чуць «брава!» удвая кранальна. З аднаго боку, мы натхнілі кампазітараў на стварэнне новых шэдэўраў, а з другога - натхніліся самі і, спадзяюся, натхнілі гледачоў. (Дарэчы, у нашага праекта ўжо ёсць свае ўдзячныя прыхільнікі, якія чакаюць наступнай праграмы. Заўсёды прыемна бачыць у зале ўжо знаёмыя твары.) Уладзімір Браілоўскі таксама перадаваў нам віртуальнае прывітанне. Значыць, нас чакаюць новыя - цудоўныя і выдатныя творы, якія павінны існаваць.

 

Праект «Беларускія прэм'еры» гэта сапраўды прэм'еры?

  • Гэтыя рамансы альбо ўвогуле не выконваліся, альбо іх чулі літаральна адзінкі. Таму так, сапраўды прэм'еры. Але вось наступныя творы ўжо пішуцца спецыяльна для нашага праекта. У новым тэатральным сезоне праграму абавязкова дапоўнім. Бо прыгожых беларускіх рамансаў шмат, і іх трэба пачуць. Спадзяюся, што ў праграму ўвойдзе і твор легендарнага Яўгена Глебава. Мы былі ў гасцях ва ўдавы народнага артыста СССР – Ларысы Васільеўны Глебавай, на свае вочы ўбачылі, дзе жыў і тварыў Яўген Аляксандравіч, паглядзелі на вялізны архіў, паслухалі некаторыя запісы. Так што, працуем... Мне неверагодна пашанцавала, дзякуючы гэтаму праекту, пазнаёміцца з дзіўна таленавітымі людзьмі, якія надзелены асаблівым дарам. Я з дзяцінства сам пішу і вершы, і музыку, можа, менавіта таму мне так цікава пагрузіцца ў гэты свет. Магчыма, калі-небудзь я і сам што-небудзь напішу - для гэтага ці новага праекту.

 

Даведка

 

Дзмітрый Шабеця скончыў Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага па спецыяльнасці «акадэмічныя спевы» (2011), затым – Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі (клас народнага артыста Расіі Э. І. Пелагейчанкі), у 2018 годзе – магістратуру акадэміі. 

 

У опернай студыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі выканаў партыі Рудольфа («Багема» Дж. Пучыні), Феранда («Так робяць усё» В.А. Моцарта), Лыкава («Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Хазэ («Кармэн» Ж. Бізэ).

 

Дзмітрый Шабеця – запрошаны саліст Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музыкальнага тэатра і заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь музыкальнай капэлы «Санорус».

 

Падрыхтавала Алена Балабановіч для газеты “Культура”. Фота: Міхась Грыдасаў

0
0
0
s2sdefault

ПАРТНЕРЫ