Архив новостей

“Беларускія прэм’еры”

 

У праграме “Беларускія прэм’еры” гучаць творы сучасных беларускіх кампазітараў Алены Атрашкевіч, Кацярыны Гігевіч, Аліны Безенсон, Вячаслава Пяцько, Віктара Кісценя, а таксама знакамітыя рамансы Юрыя Семянякі, Уладзіміра Алоўнікава і народныя песні. Паразмаўлялі з аўтарам праекта – лаўрэатам міжнародных конкурсаў Дзмітрыем Шабецей. (Гэты праект уганараваны гранту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у навуцы, адукацыі, ахове здароўя і культуры.)

Што натхніла Вас на стварэнне гэтага аўтарскага праекту?
– Калі рыхтаваў партыю Рамана для оперы «Сівая легенда», проста ўлюбіўся і ў гэтую музыку Дзмітрыя Смольскага, і ў гэтыя словы, створаныя Уладзімірам Караткевічам. А калі пачаў працаваць над вобразам Дубатоўка ў «Дзікім паляванні караля Стаха» Уладзіміра Солтана, мне сапраўды падарыў творчае натхненне гэты твор неверагоднай прыгажосці, моцы, таленту. Мабыць, тады і ўзнікла жаданне папулярызаваць нашу беларускую музыку.

З чаго пачаліся «Беларускія прэм'еры»?
– З музыкі... І сустрэчы з таленавітым кампазітарам Аленай Віктараўнай Атрашкевіч, якая мяне па-добраму ўразіла. Я ж ехаў і не разумеў яшчэ, ці спрацуе мая ідэя, ці атрымаецца нешта з задуманага. Падаецца, я сам адносна нядаўна скончыў Акадэмію музыкі, дзе мы па праграме выконвалі беларускія творы. Але аказалася, што беларускіх рамансаў напісана так шмат, і так шмат выдатных, якія павінны гучаць і якія проста абавязаны пачуць нашыя слухачы. Алена Віктараўна адарыла мяне сваімі творамі і пазнаёміла з працамі калегаў. Калі я ад'яджаў ад яе, то вёз з сабой вялікі стос нот. Я адразу ж прыехаў да нашага дзіўнага канцэртмайстра Юліі Шчарбаковай. І пачалася праца – усё сыграць, паслухаць, выбраць, не ўпусціць чагосьці сапраўды важнага.

Рамансы, якія напаўняюць праграму, падбіралі асаблівым чынам?
– Імкнуліся падабраць праграму так, каб яна лёгка і лагічна перасякалася з класічнымі беларускімі рамансамі і народнымі песнямі. Так, у канцэрце гучаць сачыненні самага рознага характару – сумныя, вясёлыя, гульнявыя, але я лічу, што “хіты” неабходны ў любым выпадку. Таму з'явіліся «Не за вочы чорныя» Семянякі ці «Я люблю» Алоўнікава. Праграма крыху змяняецца і вар'іруецца ў залежнасці ад таго, хто разам са мной прымае ў ёй удзел.

Ці ёсць твор, які неяк па-асабліваму Вас кранае?
– Магу расплакацца, калі чую «Пакаяную малітву» Аліны Безенсон. Гэта вельмі глыбокі кампазітар, яе творы выклікаюць асаблівыя эмоцыі. «Ой, вы, думкі» Кацярыны Гігевіч на словы Якуба Коласа – вельмі прыгожы твор, дзе ёсць, што выканаць спеваку, і ёсць, дзе паказаць сябе канцэртмайстру. Так, сачыненне цяжкае для выканання, але гэтыя выклікі для вакаліста заўсёды цікавыя. Адны з самых меладычных твораў – у Алены Атрашкевіч. Я б ужыў у дачыненні да іх слова «папсовыя», але выключна ў добрым сэнсе. Існуюць творы, якія назаўжды хочацца ўзяць у сваю творчую скарбонку, і гэта тычыцца кампазітара Атрашкевіч. Дзіўна адкрыты чалавек, які гарыць працай і запальвае ўсіх навокал.

17 снежня ў канцэрце “Беларускія прэм’еры” таксама прымуць удзел вядучыя салісты оперы тэатра: лаўрэаты міжнародных конкурсаў Марыя Галкіна, Вольга Маліноўская і Андрэй Сялюцін. За раялем уладальніца медаля Францыска Скарыны Юлія Шчарбакова. Рэжысёр – Наталля Бараноўская.

 

0
0
0
s2sdefault

ПАРТНЕРЫ