Новости

Слуцкія паясы ў Вялікім

Убачыць гонар Беларусі – слуцкія паясы, пачуць музыкаў, якія граюць на дудах, атрымаць асалоду ад выдатных галасоў нашых салістаў, рушыць услед за Ўладзімірам Караткевічам і Дзмітрыем Смольскім у XVII стагоддзе – усё гэта можна паспець зрабіць у адзін дзень – 15 лістапада ў Вялікім тэатры Беларусі.

У аўторак, 15 лістапада, беларускі Вялікі рыхтуе для сваіх гледачоў сапраўднае свята, прыходзіць на якое можна ўжо ў шэсць гадзін вечара. Менавіта ў гэты час адкрываюцца парадныя дзверы тэатра – і вас сустракае фолк-гурт HardWood. Паверце, гэтая неверагодная музыка перанясе вас як мінімум на чатыры стагоддзі таму – у часы непрыступных замкаў з высокімі вежамі, княжых баляў і паляванняў, шляхціцаў і нобіляў. Бо граюць музыкі HardWood на інструментах, якія не так ужо часта можна ўбачыць у звычайным жыцці: дуды, флейты, барабаны. Але ж і тэатр запрашае вас на незвычайны вечар.

У 18.30 у фае тэатра каля Камернай залы ўрачыста адкрыецца выстава аднаго дня, дакладней – аднаго вечара. Музей старажытнай беларускай культуры пры Акадэміі навук прадставіць гонар Беларусі – слуцкія паясы. Чаму адзін слуцкі пояс часам каштаваў даражэй, чым цэлая вёска? Чаму з часткі мужчынскага касцюма пояс ператварыўся ў сапраўдны твор мастацтва, прызнаны ва ўсім свеце? Пра ўсё гэта вам будзе распавядаць дырэктар Музея старажытнай беларускай культуры Барыс Лазука: «На выставе гледачы ўпершыню ўбачаць сучасныя копіі славутых слуцкіх паясоў, якія дакладна паўтараюць гістарычныя першаўзоры. Цяпер, як і больш за два стагоддзі таму, іх вырабляюць у Слуцку. У копіях выкарыстоўваюцца адноўленыя прыёмы ткацтва, сапраўдныя шаўковыя, залотныя і сярэбраныя ніці, характэрная арнаментацыя і колеры. Новае жыццё слуцкіх паясоў – плён шматгадовай працы вучоных Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, карпатлівай работы мастакоў і ткачоў Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Слуцкія паясы». Таксама на выставе можна будзе ўбачыць літургічныя ўборы рымска-каталіцкіх святароў – арнаты. Мастацкі тэкстыль, ужыты ў гэтых уборах, – каштоўнейшы скарб беларускага мастацтва».

Працягнецца выдатны вечар ужо на галоўнай сцэне Вялікага тэатра – у 19.00 вы пачуеце шэдэўр нацыянальнага мастацтва – оперу «Сівая легенда» кампазітара Дзмітрыя Смольскага і аўтара лібрэта Ўладзіміра Караткевіча. Гэты сапраўды ўнікальны твор – пра каханне, вышэй якога няма нічога на свеце, – можна ўбачыць толькі ў тэатры: спампаваць яго дзе-небудзь на прасторах Сусветнай сеткі ў вас наўрад ці атрымаецца. А аматарам высокага мастацтва многае скажа імя рэжысёра-пастаноўшчыка оперы – увасобіў спектакль на сцэне Міхаіл Панджавідзе. Застаецца дадаць, што выконваць галоўныя партыі 15 лістапада будуць: народныя артысты Беларусі Ніна Шарубіна (Ірына), Сяргей Франкоўскі (Раман), Уладзімір Пятроў (Кізгайла) і заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Аксана Якушэвіч (Любка), Алег Мельнікаў (Найміт). За дырыжорскім пультам – маэстра Андрэй Іваноў.

 

0
0
0
s2sdefault

ПАРТНЕРЫ